"Жыццё ў часы перамен". Рэвалюцыя, турма і ссылка Алеся Гаруна
Сёння — дзень памяці беларускага паэта Алеся Гаруна, які пражыў на зямлі ўсяго 33 гады і паспеў пакінуць па сабе толькі адзін зборнік. У гадавіну смерці расказваем пра яго кароткі шлях.
Гаворачы пра беларускую літаратуру сёння, стараешся выбіраць прыклады, адпаведныя часу. Больш за ўсё адклікаюцца лёсы тых, хто быў несправядліва асуджаны, сасланы, закатаваны ці расстраляны. «Мірныя» літаратары чакаюць іншых часоў — пра іх мы будзем гаварыць, калі літаратура перастане быць рэтранслятарам падзей і стане відам мастацтва.
28 ліпеня 1920 года ў адносна недалёкім для Беларусі Кракаве памёр беларускі паэт Алесь Гарун, і прычына смерці яго была самай што ні ёсць празаічнай: хвароба. Здавалася б, усё, нецікава, далей можна не чытаць. Гераічнай смерці не будзе. Аднак затое будзе жыццё — такое, якім яно можа быць у часы перамен.
Нарадзіўся Аляксандр Прушынскі (такім было сапраўднае імя паэта) 11 сакавіка 1887 года ў небагатай каталіцкай сям“і. Бацька яго быў дворнікам, а маці зарабляла на жыццё праннем бялізны. Маленькі Алесь дапамагаў ім абодвум: бацьку — змагацца за чысціню вуліц, маці — разносіць папранае. Таму ён ужо з маленства ведаў, наколькі цяжкім і несправядлівым бывае жыццё. Дарэчы, аднойчы на вуліцы хлопчык пабачыў, як вядуць арыштантаў, і гэтае відовішча вельмі яго напужала — «шэрасцю» людзей.
Адбітак
Дзіулюся я на зьянне ясных зораў,—
І сумна-сумна так, што я ні разам з імі.
Што жыць ні льос мне у вышыне нагорнай
І сьцежкамі хадзіць па небі залатымі.
Сярод нізнаных мне, ні бачаных прастораў,
Раўнінай той, што звецца Безканечнасьць,
Я лётаў думкаю-б і воляй ніпакорнай
І можа-б там пазнаў цябе, Адвечнасьць.
Дзіўлюся я на зораў ясных зьянне,
На сьцежкі іх. Ўсё тыя-ж, як прад векам,
І сумна гэтак мне, і родзіць сум пытанне:
На што пачаўся я ад Бога — чалавекам?
Цяжкое дзяцінства плаўна перайшло ў падлеткавыя гады, калі будучы паэт агорваў навуку ў прыходскай вучэльні, дзе яму ўпершыню трапіўся на вочы легендарны зборнік вершаў Францішка Багушэвіча «Дудка беларуская». Ёсць звесткі, што Прушынскі быў настолькі ўражаны творамі і іх мовай, што вывучыў кніжку на памяць — і менавіта Багушэвіч, той самы Багушэвіч, які наказваў не пакідаць беларускай мовы, стаў правадніком Гаруна ў свет паэзіі.
Далей была рамесніцкая вучэльня, якая дала хлопцу магчымасць працаваць сталяром і мець хоць нейкую капейчыну. Але гэта была толькі праца, цікавілі ж яго зусім іншыя справы, якія ў выніку і вызначылі ўвесь далейшы шлях і паэта, і чалавека. У 1904 годзе Прушынскі стаў эсэрам — і актыўна ўключыўся ў палітычнае жыццё, якое, як паветра перад навальніцай, пахла востра і пагрозліва — рэвалюцыяй. Разам з іншымі ён выступаў супраць царызму, рабіў улёткі ў падпольнай друкарні і распаўсюджваў іх, за што ў выніку і быў асуджаны. У 1907 годзе яго «ўзялі» проста на месцы — у той самай друкарні, а зімою наступнага года непаўнагадовы паэт у сценах віленскіх Лукішак быў прысуджаны да 4 гадоў зняволення. Прысуд гэты, як часта бывае ў «палітычных» справах, не спадабаўся пракурору, і пасля перагляду вырак быў іншым: Сібір.
Выжываць у ссылцы яму дапамагала атрыманая прафесія: сталяры патрэбныя паўсюль і заўсёды. Але адным фізічным хлебам сыты не будзеш, патрэбна штосьці і для душы. А душа ў Прушынскага была творчая, схільная да паэзіі. І менавіта там, у Сібіры, можна сказаць, «нарадзіўся» Алесь Гарун — а разам з ім і яго адзіны зборнік «Матчын дар», якому давялося перачакаць Першую сусветную вайну, каб быць надрукаваным.
Беларусам у чатырохлецце «Нашай нівы»
Гэй, вы ўсе, каго зваць беларусам,
Не чурайцеся мовы айчыстай,
Не зракайцесь яе пад прымусам:
Ваша моц ў гэтай мове вячыстай.
Ад прадвеку, ад дзедаў-прадзедаў
Гэта спадак і скарб наш багаты,
Жыцця вольнага памяць пабедаў,
Цяжкай працы і волі утраты.
Дык няхай жа жыве наша мова,
Гэты скарб наш, на доўгія годы,
Зажывём і мы з ёю нанова
Без бяды, без жуды, без нягоды.
Цяжкія гады ссылкі скончыліся — і жаданую рэвалюцыю, якая здарылася ў кастрычніку 1917 года, Гарун сустрэў у Мінску, дзе паспеў уладкавацца на працу ў газету «Вольная Беларусь». На той час бацькі ўжо не было, а на ўтрыманні паэта заставаліся старэнькая маці і непаўнагадовы брат, на якога спадзеваў было мала. Здавалася б, у такіх абставінах, пасля Сібіры, хворы і змучаны, сядзеў бы цішэй, але не — не сядзелася. Цяпер яго цікавіла не столькі рэвалюцыя, колькі справа беларуская: Гарун узяў актыўны ўдзел у арганізацыі Усебеларускага з'езду 1917 года, а ў 1919 годзе ўзначаліў Часовы беларускі нацыянальны камітэт.
Калі ў Мінск прыйшлі войскі Пілсудскага, ён шчыра паверыў заявам пра «светлую будучыню» пад Польшчай і з галавою кінуўся ў стварэнне Беларускай вайсковай камісіі і беларускага войска, нават збіраўся перастаць пісаць вершы — каб не займаць час, хаця ўжо тады быў моцна хворы.
Дакоры
Ты не прыйшла, як быў я хворы,
І смерць парог мой сцерагла,
І мне канец здаваўся скоры,—
Ты не прыйшла, ты не прыйшла!..
Ты не прыйшла, калі мне снілась,
Што ты сястрой пры мне была
І, як дзіцём, са мной вадзілась,
Ты не прыйшла, ты не прыйшла!
Ты не прыйшла, калі рукі я
Не мог паднесці да чала.
Былі усе... Былі чужыя.
А ты адна,— ты не прыйшла!..
Ты боль уцішыць мой каханнем
Патрэбы ў сэрцы не знайшла,
І, як другія, з прывітаннем
Ты не зайшла, ты не зайшла!
Вера ў магчымае беларускае шчасце пражыла нядоўга. Палітычная кар'ера паэта падыходзіла да свайго лагічнага завяршэння: палякі пацярпелі паразу, а па іх слядах ужо ішлі чэкісты, якія ўзрадаваліся б сустрэчы з паэтам. Таму давялося тэрмінова з'язджаць, і дарога гэтая стала апошняй у жыцці Алеся Гаруна: на абвостраныя сухоты наклалася выпадкова падхопленая дызентэрыя. 28 ліпеня 1920 года яго не стала, а магілу паэта і рэвалюцыянера знайшлі толькі ў 1988 годзе.