«Усё пра беларускую літаратуру». З’явіўся інтэрнэт-партал bellit.info з амбітнай мэтай
Рэсурс bellit.info паўстаў з ініцыятывы Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў і будзе змяшчаць актуальную інфармацыю пра падзеі ў літаратурным свеце, фармаваць віртуальную энцыклапедыю беларускай літаратуры.
Пачаў працу новы літаратурны партал bellit.info, які ставіць амбітную задачу — сабраць «усё пра беларускую літаратуру».
Аўтары праекту так бачаць сваю місію: «Пішам пра літаратуру ў Беларусі і па-за яе межамі, паведамляем пра навінкі выдавецтваў, акумулюем наяўную інфармацыю пра беларускіх літаратараў безадносна да ўзросту і часу нараджэння, мову і стыль пісьма (біяграфістыку, некрапалістыку, архіўныя дадзеныя), збіраем звесткі пра літаратурную перыёдыку, выдавецтвы, анлайн-праекты, у тым ліку аўдыявізуальныя і базу экранізацый літаратурных твораў. Усе гэтыя бакі літаратурнага жыцця будуць адлюстроўвацца ў адпаведных раздзелах — «Персаналіі», «Бібліятэка», «Медыя», «Аўдыё», «Відэа», «Архіў», «Некропаль».
«Безумоўна, мы будзем гаварыць і пра літаратуру іншых краін, каб мець магчымасць разглядаць беларускае слова ў шырэйшай перспектыве, але найперш прысвяцім нашу працу літаратуры сваёй», — гаворыцца ў прэзентацыйным прэс-рэлізе праекта.
Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў — недзяржаўная некамерцыйная арганізацыя, заснаваная ў 2022 годзе ў Вільні (Літва). Мэты арганізацыі — пашырэнне прасторы беларускай літаратуры ў свеце, інфармаванне беларускіх літаратараў і грамадскасці, абарона аўтарскага права, арганізацыя літаратурных мерапрыемстваў, адукацыйных праектаў у сферы літаратуры і літаратуразнаўства як у Беларусі, так і па-за яе межамі.
Арганізацыя паўстала з ініцыятывы пісьменніка і
перакладчыка Дзмітрыя Плакса.