Жыві, вясковая бібліятэка!
Паслугамі публічных бібліятэк, па статыстыцы, карыстаецца больш за 33% жыхароў Беларусі. У той жа час ідзе імклівае скарачэнне бібліятэк вясковых. На замену ім дзяржава выдумала так званыя «бібліёбусы», кніжны набор якіх камплектуецца з фонду гарадскіх бібліятэк. У дзяржаўных СМІ кажуць, што такіх аўтобусаў у краіне ўжо каля сотні…
Але ж вясковыя бібліятэкі — гэта не проста ўстанова. Атмасфера, якая пануе ў вясковай бібліятэцы, не параўнаецца з ніякай дзяржаўнай установай.
Мы завіталі ў адну з такіх вясковых бібліятэк, якая знаходзіцца ў аграгарадку Новыя Дарогі Старадарожскага раёна. Размяшчаецца яна, як гэта звычайна бывае, у доме культуры, побач з поштай ды сельсаветам. Гэта невялічкі пакой са старой драўлянай рыпучай падлогай.
У бібліятэцы няма вады, бібліятэкарка вымушана хадзіць у калонку ледзь не за паўкіламетры. І ў маразы таксама. Толькі нядаўна правялі ў сельсавет каналізацыю, але, каб забяспечыць бібліятэку натуральнымі ў сучаснай дзяржаве ўмовамі — нават не ідзе і гаворкі.
Канешне, бібліятэкарка робіць усё магчымае, каб завабіць наведвальнікаў: прапаноўвае гарбатку з зёлак, якія сама збірае, прыносіць варэнне і пячэ тарты і пірагі. Але, пагадзіцеся, наяўнасць прыбіральні таксама грае не меншую ролю ў наведванні таго ці іншага грамадскага месца.
Фонд бібліятэкі даволі разнастайны: суадносіны рускай і беларускай літаратуры прыкладна аднолькавыя, але гэта цалкам заслуга бібліятэкаркі. Сярод стандартнага набору на палічках стаяць кнігі Алеся Адамовіча, Святланы Алексіевіч, Уладзіміра Арлова. Мы знайшлі нават рарытэт — кнігу «Шляхам жыцьця» Янкі Купалы, выдадзеную ў 1913 годзе на тарашкевіцы.
У індывідуальным плане мерапрыемстваў бібліятэкі пазначаны тэматычныя выставы, ёсць нават раздзел «Прапаганда беларускай літаратуры», што ў многім абнадзейвае. Карацей, дзверы вясковай бібліятэцы адчынены для любога чытача, а ўзровень наведання — вельмі нізкі.
Бібліятэкам даводзяць шмат планаў, але самы сумны — план па спісанні старых кніг. Калі яго не выконваеш, пазбаўляюць прэміі. У макулатуру павінны ісці менавіта бібліятэчныя кнігі, іх нельга замяніць, напрыклад, газетамі. Таму, як расказвае бібліятэкарка Галіна Бяляўская, гэта ёй даецца вельмі складана: «Я хаваю кнігі, шкада ж! Я лепш дзеткам інтэрнацкім аддам, што па суседстве размяшчаюцца… Няхай здымаюць гэтую прэмію!»
Самае цікавае, што тамы Уладзіміра Леніна, якія займаюць палову паліцы, кіраўніцтва спісваць забараняе. Часам падаецца, што беларускія гарадкі і вёскі з мінулага перанялі толькі страхі, з якімі і жывуць у сучаснасці.
Безумоўна, многае залежыць ад чалавека, які займае пасаду – «не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца». Так і ў гэтым выпадку нам падалося, што ў Галіны Міхайлаўны нейкая асаблівая любоў да беларускай літаратуры. На пытанне пра прычыны такога стаўлення да беларускага, яна нават здзівілася, бо, насамрэч, гэта нармальна — любіць сваё, роднае!
Галіна Бяляўская ў бібліятэцы пяты год: «Так склаўся лёс». Сама яна нават не мясцовая — прыехала з Хоцімскага раёна Магілёўскай вобласці, дзе працавала ў калгасе, але па класіцы жанру кааператыў распаўся, а людзі засталіся без працы. Большасць з іх вымушана была з’ехаць пераважна ў Дзяржынскі раён. Сям’я Бяляўскіх пераехала ў Старадарожскі, дзе зноў ўладкаваліся ў адным з калгасаў. Галіна Міхайлаўна працавала на калгаснай запраўцы, пакуль зноў не адбылася рэарганізацыя ў форме далучэння да іншага калгаса. І палова людзей зноў засталася без працы, у тым ліку і Галіна Міхайлаўна з мужам.
Жылі яны ў калгасным доме, таму хутка паўстала пытанне высялення. Цяпер большасць калгасаў так складаюць дамовы, што калгаснае жыллё выкупіць практычна немагчыма. Сустракаюцца выпадкі, што людзей проста высяляюць зімой на вуліцу з непаўналетнімі дзецьмі. Дзейнае жыллёвае заканадаўства, у адрозненне ад ранейшага, таксама не дае чалавеку ніякіх гарантый, і суд выносіць адпаведныя рашэнні аб высяленні.
Але Галіна Міхайлаўна дамаглася магчымасці выкупіць займаны імі калгасны дом. Таму цяпер амаль увесь яе заробак ідзе на выплату растэрміноўкі за хату. Дарэчы, заробак бібліятэкара за поўны працоўны дзень з двума выхаднымі на тыдзень — мінімальны памер аплаты працы ў Беларусі. То-бок, 265 рублёў на месяц.
На пытанне пра тое, як Галіна Міхайлаўна стала бібліятэкарам адказвае з усмешкай: «У мяне няма спецыяльнай адукацыі. Калі засталася без працы, то чарговы раз зайшла ў бібліятэку. Былая бібліятэкарка прапанавала ісці на яе месца, бо сама яна пераводзіцца ў гарадскую бібліятэку… Я заўсёды любіла кнігі, і ў мяне даволі багата кніг. Дома ў нас заўсёды было асобае стаўленне да кнігі. Калі хадзіла “ў горад”, то маленькая дачка прасіла прынесці не цукеркі і прысмакі, а менавіта кнігі…»
Галіна Міхайлаўна шчыра здзіўляецца: у гады яе маладосці кнігі ў бібліятэках давалі толькі на адну ноч, «а цяпер выдаюцца хоць на месяц, хоць на тры, але людзям ужо гэта не трэба, асабліва вяскоўцам. Нават з дзяцей больш за ўсіх у нас чытае дзяўчынка з Мінска, калі прыязджае на канікулы…».
Бібліятэкарка кажа, што і сама з задавальненнем больш чытала, але з-за «пісаніны» часу няма. Выкараніць бюракратызм і цяганіну, якія глыбока пусцілі карані ва ўсе сферы беларускага жыцця, адразу амаль немагчыма.
Як бачым, праблемы бібліятэк — не толькі і не столькі з боку дзяржаўных органаў, якія курыруюць бібліятэкі: асноўная прычына менавіта ў саміх наведвальніках (дакладней ненаведвальніках). На жаль, беларускае грамадства не заўсёды прызнае, што ў многім яно вінаватае само. Мы апыталі мясцовых жыхароў, і высветлілася, што з пятнаццаці чалавек толькі адзін гатовы бавіць час у бібліятэцы. Адсюль неактуальнасць установы, адсюль — нізкія заробкі яе працаўнікам і малая падтрымка з дзяржбюджэту.