Жыхароў Скідаля судзяць за «няправільныя» бел-чырвона-белыя маскі
Скідальцаў, фактычна, судзяць за тое, што 13 верасня яны стаялі і шпацыравалі на вуліцах гораду ў бел-чырвона-белых масках.
25 верасня ў Гродзенскім раённым судзе разглядаецца адміністрацыйная справа ў дачыненні да 7 жыхароў Скідаля. 13 верасня яны выйшлі ў цэнтр свайго гораду ў белых масках з чырвонымі ці аранжавымі палоскамі.
Скідальская міліцыя, якая амаль у поўным складзе апошні месяц пераважна сочыць і палюе на актыўных грамадзян склала на семярых чалавек абсурдныя адміністрацыйныя пратаколы па частцы 1 артыкулу 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Фактычна, судзяць скідальцаў за тое, што 13 верасня яны стаялі і шпацыравалі на вуліцах гораду ў масках з бела-чырвонымі колерамі.
У суд былі выкліканы
Юрый Садовікаў, Вольга Самойла, Андрэй Разумовіч, Уладзімір Іаскевіч, Вольга
Кавальчук, Аксана Апанасовіч, Андрэй Апанасовіч.
На разглядзе справы прысутнічалі 4 з 7 абвінавачаных. Адміністрацыйны працэс вядзе суддзя Мая Маляўка. Орган, які пачаў працэс, прадстаўляе капітан міліцыі Аляксей Макрушыч. Іншыя прадстаўнікі Скідальскага аддзялення міліцыі выступаюць як сведкі.
Абвінавачаныя не прызнаюць сваёй віны, таму што нічога не парушылі, яны перакананыя, што права знаходзіцца на вуліцы гарантуе ім Канстытуцыя, а міліцыя замест сваіх непасрэдных абавязкаў займаецца палітычным пераследам іншадумцаў.
У працэсе абвешчаны перапынак да 14.10. Хутчэй усяго, у гэты час суддзя абвесціць сваю пастанову.
Ладзік Майніч,
Беларускае Радыё Рацыя