Стаяць з кветкамі і балонікамі — супрацьзаконна?

У Бярозе стаяць на аўтобусным прыпынку ў кампаніі людзей небяспечна. Асабліва з кветкамі ў руках ці балонікам. Стаянне і сядзенне на лавачцы дзясятка людзей на аўтапрыпынку і недалёка ля яго было расцэнена мясцовымі міліцыянтамі як мітынг і шэсце.

inspektar_pa_spravah_nepaunahadovyh_dzmitryj_liszko_1.jpg

У Бярозе інспектар па справах непаўнагадовых Дзмітрый Лішко 6 верасня чапляўся да людзей, даказваючы, што стаяць групай ды яшчэ з кветкамі і балонікам забаронена.

У выніку 7 верасня на шасцярых знаёмых яму гараджан Лішко склаў адміністрацыйныя пратаколы.

Суддзі Алена Нямкова, Людміла Рудзіна і Дзмітрый Кавалевіч пакаралі гараджан рознымі сумамі штрафаў.



Адзін з пакараных, Дзмітрый Юркевіч, распавёў:

— Так, я знаходзіўся ў гэты час на вуліцы Леніна. Але я не згодны з тым, што я крытычна выказваўся і што ў шэсці мяне вінавацяць. Я знаходзіўся там, бо разам з сям’ёй быў у розных крамах — куплялі прадукты, гаспадарчыя тавары. У раёне дзвюх гадзін знаходзіўся на прыпынку насупраць крамы “Еўраопт” і чакаў сябра.

Вадзіма і Алесю Пашкевічаў таксама пакаралі штрафам агулам у 13 базавых велічынь, хаця яны стаялі воддаль ад прыпынку. Але ў руках Алесі былі кветкі, а ў яе мужа — белы балонік.




Некаторыя з пакараных збіраюцца звяртацца са скаргамі за беспадстаўнае прыставанне да іх міліцыянтаў.

Беларускае Радыё Рацыя