Жыхара Баранавічаў асудзілі на чатыры гады за «распальванне варожасці»
Сёмага чэрвеня ў Брэсцкім абласным судзе абвясцілі прысуд жыхару Баранавічаў Уладзіславу Бурыну па крымінальнай справе аб распальванні варожасці, паведамляе «Брэсцкая Вясна». Суддзя Мікалай Сянько прызнаў яго вінаватым па ч. 1 арт. 130 КК РБ і прызначыў пакаранне ў выглядзе 3 гадоў пазбаўлення волі (столькі і запытвала дзяржабвінаваўца Бялт). З улікам неадбытай часткі пакарання па іншым прысудзе (ён быў раней асуджаны за махлярства), сумарнае пакаранне будзе складаць чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Паводле абвінавачання, з 20 па 27 верасня 2020 года ў тэлеграм-чаце суполкі «Карнікі» мужчына размясціў 13 паведамленняў, у якіх, згодна з лінгівістычнай і псіхалагічнай экспертызамі, «негатыўна ацаніў» і «падахвочваў да незаконных крымінальных дзеянняў» у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, вайскоўцаў, дзяржаўных служачых і іх сем'яў.
На судзе паведамленні цалкам не зачытваліся, але ў некаторых было параўнанне ўкраінскіх пратэстаў і беларускіх. Частка паведамленняў былі рэпостамі.
Абвінавачаны Бурын на судзе заявіў, што прызнае віну цалкам. Пры гэтым адзначыў, што частку паведамленняў ён не напісаў сам, а толькі пераслаў гатовае. Таксама мужчына выдаліў свае паведамленні з чатаў праз два тыдні — «зразумеў, што няправільна напісаў», скінуў тэлефон да заводскіх налад.
Бурын знаходзіцца пад вартай з восьмага лютага.
spring96.org