Жыхары Віцебску: прадстаўнікі выбарчых камісій нас падманулі (сведчанні)
Жыхары Віцебску, якія падпісаліся за прамоўцаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Таццяну Севярынец і Алену Шабуню, пацвярджаюць сапраўднасць сваіх подпісаў, якія ў выбарчай камісіі прызналі нібыта несапраўднымі, і кажуць, што іх падманулі сябры выбарчых камісій.
"Людзі былі вельмі абураныя тым, што іх падманулі. Яны такога не чакалі. Мы падаем скаргі з прыкладаннем сведчанняў у пракуратуру і ЦВК", — адзначыла Таццяна Севярынец.
Вось, што кажуць выбаршчыкі, якія падпісаліся ў падтрымку Таццяны Севярынец:
"Падчас праверкі гарадской камісіяй сапраўднасці даты і подпісу я не зусім зразумеў зместу праверкі".
"Падчас праверкі камісіі мяне дома не было, у дакуменце камісіі подпіс я не ставіла".
"Пры праверцы гарадской камісіяй я дома адсутнічала, у іх дакуменце за мяне распісаўся муж. Іх дакументу я не бачыла і не ведаю яго зместу".
"Падчас прыходу праверкі з гарадской камісіі я не зразумеў пастаноўкі пытання".
А вось, пра што заяўляюць падпісанты ў падтрымку Алены Шабуні:
"Падчас праверкі я, шчыра кажучы, не памятаў і не зразумеў, пра што ідзе гаворка. Мае словы пацвярджаюць бацькі".
"Падчас праверкі гарадской камісіяй сапраўднасці майго подпісу і даты я дома адсутнічаў. Размаўляў з сябрам камісіі па тэлефоне і ў іх дакументах подпіс не ставіў. За мяне распісалася мама. Па тэлефоне я сказаў, што і дату, і подпіс за Шабуню А.А. я ставіў сам".
"Падчас праверкі гарадской камісіі я пацвердзіў дадзены факт (што ўласнаручна ставіў подпіс і дату за Шабуню А.А. — рэд.) і падпісаўся, не чытаючы іх тэкст дакументу. Пра што глыбока шкадую, бо не думаў, што члены гарадской камісіі ўвядуць мяне ў зман".
"Падчас праверкі гарадской камісіяй я адсутнічаў дома. З майго дазволу па тэлефоне подпіс у дакуменце ставіў мой сын. Тэксту дакументу я не бачыў, але думаў, што пацвярджаю сваю дату і подпіс".