Звяртайцеся за 500 кіламетраў! Што раіць МЗС Беларусі грамадзянам, якія аказаліся ў Афганістане

МЗС рэкамендуе беларусам, якія апынуліся ў Афганістане, звяртацца па дапамогу ў беларускую амбасаду ў Таджыкістане.

bezymjannyj_215815082021.png


«Безумоўна, МЗС Беларусі сочыць за сітуацыяй у Афганістане. Фізічна там няма нашай амбасады. Па сумяшчальніцтве курыруе гэтую краіну пасольства Беларусі ў Таджыкістане. Таму грамадзяне Беларусі, якія апынуліся ў гэтай краіне, могуць звяртацца ў пасольства Беларусі ў Таджыкістане», — сказаў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз у эфіры АНТ, перадае Радыё Свабода.

Згодна з гугл-картамі, адлегласць ад Кабула да сталіцы Таджыкістана Душанбэ паветраным шляхам — 447 кіламетраў. Па трасе А-76, найкарацейшай паміж гэтымі гарадамі — 571 кіламетр. Пры гэтым усе пасажырскія рэйсы міжнародных авіякампаній з кабульскага аэрапорта часова адмененыя, заявіў прадстаўнік NATO. Сілы альянсу забяспечваюць бяспеку аэрапорта. Цяпер дазваляецца вылятаць толькі вайсковым самалётам.

Традыцыйна беларусам дапамагалі ў расійскіх амбасадах. Але цяпер амбасада РФ эвакуацыю не плануе. «У Масквы добрыя адносіны як з афганскім урадам, так і з талібамі, таму РФ не перажывае з нагоды сітуацыі ў Афганістане», — заявілі ў МЗС Расіі.

На гэты час вядома, што прэзідэнт Афганістана Ашраф Гані пайшоў у адстаўку. Мясцовыя СМІ перадаюць, што ён пакінуў Афганістан і вылецеў у Таджыкістан. Але тэлеканал Kabul News сцвярджае, што Ашраф Гані знаходзіцца ў Амане. Спраўдзіць гэта пакуль нельга.

«Талібан» заявіў, што ў Афганістане не будзе пераходнага ўраду, і ён чакае поўнай перадачы ўлады. Паводле паведамленняў з Кабула, талібы ўвайшлі ў прэзідэнцкі палац. Яны неўзабаве абвесцяць аб стварэнні Ісламскага Эмірата Афганістан, перадае Associated Press са спасылкай на свае крыніцы.