Журналістку НЧ Дзіяну Серадзюк чакае новы суд. Прыходзьце падтрымаць!

Журналістку НЧ Дзіяну Серадзюк зноў чакае суд. Супраць яе складзены новы адміністрацыйны пратакол, паводле якога Дзіяна ўдзельнічала ў несанкцыянаванай акцыі ў Мінску 20 снежня — толькі ўжо з 21 да 21:30.

Дзіяна Серадзюк. Фота Дзіяны Пінчук

Дзіяна Серадзюк. Фота Дзіяны Пінчук


Нагадаем, першае паседжанне адбылося 10 студзеня ў судзе Першамайскага раёна. Паводле пратаколу, у перыяд з 18 да 18:40 Дзіяна Серадзюк брала актыўны ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі на Кастрычніцкай плошчы. Дадзеныя пратакола падчас суду пацвердзіў сведка-АМАПавец Віталь Івашкоў. Ён засведчыў, што асабіста ў гэты час бачыў Дзіяну каля ёлкі на Кастрычніцкай плошчы ў кампаніі іншых удзельнікаў — Севярынца, Спарыша, Статкевіча. Дзіяна нібыта трымала бел-чырвона-белы сцяг і крычала "Жыве Беларусь!" Па словах Івашкова, Серадзюк ён апазнаў, бо яна "асоба ў апазіцыі вядомая" і "дзяўчына прыгожая".
Але высветлілася, што ў названы час Дзіяна Серадзюк разам з мужам была ў зусім іншым месцы, што могуць пацвердзіць сведкі. У выніку суддзя Максім Трусевіч вярнуў справу ў міліцыю на дапрацоўку.
І вось наша калега атрымала новы пратакол, з якога вынікае, што на Кастрычніцкай плошчы яна была ў зусім іншы час.
"Так, у новым пратаколе, які я атрымала, пазначаны ўжо іншы час і іншае месца майго нібыта правапарушэння — 20 снежня з 21 да 21.30 у парку Янкі Купалы, — распавядае Дзіяна. — Адметна, што з'явіўся новы сведка — міліцыянт Сяргей Астаф'еў. Але і двое старых — АМАПаўцы Віталь Івашкоў і Вадзім Шайко — нікуды не дзеліся. Цяпер яны сведчаць (зноў-такі, слова ў слова!), што ў мінулы раз "памыліліся і абазналіся", калі казалі, што бачылі мяне на Кастрычніцкай плошчы 20 снежня з 18 да 18.40. Такое адчуванне, што ў іх адзін на ўсіх мозг. Хоць бы рознымі словамі казалі для праўдападобнасці. Але рэч у тым, што праўда для іх не важная, а важны загад, які яны выконваюць. І насамрэч гэта страшна, калі дзеля загаду (ці, можа, дзеля прэміі) яны гатовыя ламаць лёсы людзей".

Варта адзначыць, што падчас суда 10 студзеня Віталь Івашкоў распісаўся аб адказнасці за дачу заведама ілжывых паказанняў. 
Новы судовы працэс супраць журналісткі газеты "Новы Час" пройдзе ў судзе Першамайскага раёна Мінска ў панядзелак, 27 студзеня ў 11:00. Мы просім усіх неабыякавых прыйсці і падтрымаць нашу калегу!