Журналістку Надзею Калініну, затрыманую 29 студзеня, адпусцілі, суд над ёй перанеслі (відэа)

1 лютага ў судзе Ленінскага раёна прайшоў працэс па справе журналіста TUT.BY Надзеі Калінінай, яна была затрыманая 29 студзеня, калі спрабавала патрапіць на з'езд дэлегатаў УНС па Мінску, які праходзіў у ДК «Камволь». Надзею забралі ў РУУС, куды не пусцілі яе адваката. У судзе стала вядома, што на яе склалі два пратаколы — за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (паўторна на працягу года) і за непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўніка міліцыі.

Надзея Калініна пасля Акрэсціна з галоўным рэдактарам палітыка-эканамічнага блока Вольгай Лойка. Фота: TUT.BY

Надзея Калініна пасля Акрэсціна з галоўным рэдактарам палітыка-эканамічнага блока Вольгай Лойка. Фота: TUT.BY

Справу разглядае суддзя Таццяна Шоцік. Надзея ў часе працэсу знаходзілася ў ізалятары на Акрэсціна, сувязь з ёй — праз скайп. Яна паспела паведаміць, што восем разоў прасіла супрацоўнікаў міліцыі дапусціць да яе адваката, які 29 студзеня прыязджаў у Ленінскае РУУС, аднак права на абарону было парушана.
Згодна з матэрыяламі справы, 29 студзеня Надзея Калініна каля 15.50 па адрасе: вуліца Маякоўскага, 129, аказала непадпарадкаванне супрацоўніку Ленінскага РУУС Шымановічу, які выказваў ёй заўвагі з нагоды пікету, які нібыта праводзіла Калініна.
А ў 16.00, як пазначана ў пратаколе, па адрасе: Маякоўскага, 129, яна праводзіла пікет — стаяла ўздоўж дарогі і выкрыквала правакацыйныя лозунгі, патрабавала правесці сумленныя выбары ў Беларусі.
Надзея Калініна заявіла, што віну не прызнае. Паводле яе слоў, у пратаколах правільна паказаны адрас, дзе яна знаходзілася.
— Прыкладна ў 15.40-15.45 па заданні рэдакцыі я прыехала ў ДК, каб зарэгістравацца і асвятляць з'езд дэлегатаў маючага УНС, — патлумачыла Калініна. — Магчымасці зарэгістравацца загадзя ў мяне не было, пра мерапрыемства мы даведаліся ў апошні момант. Я сарвалася і паехала. Як бывае ў такіх сітуацыях, зарэгістравацца можна і на месцы. Я прайшла пешшу да ДК, у калідоры знаходзіліся ахоўнікі. Адзін з іх правяраў запрашальныя і дакументы. Я паказала яму бэйдж, паведаміла, што журналіст, спытала, ці магу трапіць на сход. Мне было адмоўлена, бо я не зарэгістравалася загадзя. Я ўдакладніла, ці ёсць тут арганізатары, каб спытаць у іх. Мне сказалі, што трэба пачакаць, што я і рабіла. Стаяла ля сцяны, не прамаўляла ні гуку, большую частку часу наогул глядзела ў тэлефон. Міма прайшлі некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку Савіных, Качанава, Шчоткіна. Так што калі б я рабіла нейкія дзіўныя дзеянні, гэта не прайшло б незаўважна. І ахоўнік, які правяраў дакументы, таксама зрэагаваў бы. Бліжэй да 16 гадзін, я так разумею, прайшлі ў хол тыя, хто павінен быў прайсці, ахоўнік мне сказаў даслоўна: «Я вас папрашу пакінуць памяшканне». Я разгарнулася і выйшла. Як толькі адчыніла дзверы, пачула, што нехта бяжыць. Павярнулася, гэта былі два супрацоўнікі ў чорным, яны перакрылі мне дарогу. Ад шоку адзінае, што я сказала: «Ды ладна. Я — журналіст». Мне забаранілі браць тэлефон, засоўваць рукі ў кішэні. Я падняла рукі, мяне правялі ў шэры мікрааўтобус, пасадзілі ў яго і павезлі ў Ленінскае РУУС. Ніхто не прадстаўляўся, не казалі, за што затрымліваюць. Ужо ў РУУС восем разоў я прасіла звязацца з маім адвакатам, падчас складання пратаколу паказвала, што ён знаходзіцца ў Ленінскім РУУС.

Надзея паказала, што ў яе тахікардыя, быў востры прыступ мігрэні, які дапамагла купіраваць медсястра на Акрэсціна: зрабілі ўкол. У камеры на 5 чалавек знаходзяцца 12, не хапае кіслароду. Дзве ночы журналістка спала на падлозе на сваёй куртцы. У камеры шмат пенсіянерак, яны таксама вымушаныя спаць на падлозе, пастаянна ўключана святло. Адзін дзень без перапынку гучна грала музыка — гэта магло справакаваць прыступ мігрэні, лічыць Надзея. Умовы яна называе «далёкімі ад нармальных». Суддзя спыніла адваката, калі ён паспрабаваў удакладніць яшчэ дэталі ўтрымання, Шоцік заявіла, што да гэтага працэсу гэта дачынення не мае.
Падчас працэсу міліцыянт, які выступаў сведкам, блытаўся і мяняў паказанні.
Таксама ў судзе выступілі сведкамі калегі Надзеі Калінінай.
Надзея Калініна была затрыманая, паводле пратаколу, 29 студзеня ў 15.50, тэрмін 72-гадзіннага затрымання скончыўся.
Суд прыйшоў да высновы, што трэба запатрабаваць відэа з ДК. Пасля гэтага судовае пасяджэнне будзе працягнута. Надзею Калініну пасля трох сутак на Акрэсціна адпусцілі.
Надзея распавяла пра ўмовы ўтрымання ў ізалятары:


Паводле tut.by