Журналістка Ксенія Луцкіна: «Не дай Бог нікому гэтага перажыць»

Палітзняволеная журналістка Ксенія Луцкіна даслала ліст на волю, дзе напісала, што бясконца сумуе па сыне — «гэта проста невыносны боль».

ksenija_luckina_1.jpg

Журналістка Ксенія Луцкіна даслала кранальны ліст з-за кратаў, паведамляюць праваабаронцы:

«Салодкага мне хопіць на месяц :) Месяц будзе складаны... Колькі іх яшчэ наперадзе? Аднаму Богу вядома.

Мне вельмі няпроста. Час робіць сваю справу, казаць, што ўсё лёгка і проста — хлусіць, а я гэтага рабіць не ўмею. Збіраюся з сіламі для таго, каб ісці далей.

Бясконца сумую па сыне. Гэта проста невыносны боль. Не дай Бог нікому гэтага перажыць.

Спадзяюся на тое, што ўсё неяк уладкуецца, што ўсё будзе добра! Вельмі спадзяюся і веру ў гэта!»



Як пісаў НЧ, учора стала вядома, што суд над Ксеніяй Луцкінай пачнецца 1 верасня ў 10.00 у Мінскім гарадскім судзе. Разглядаць справу будзе суддзя Таццяна Фалькоўская. Журналістку абвінавачваюць у змове ці іншых дзеяннях, учыненых з мэтай захопу дзяржаўнай улады. Ёй пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 8 да 12 гадоў.

Улады сцвярджаюць, нібыта Луцкіна займалася стварэннем «грамадскага беларускага інтэрактыўнага тэлебачання, мэта якога — утойванне і скажэнне рэальных фактаў, эскалацыя пратэснай актыўнасці, стымуляванне расколу ў беларускім грамадстве, фарміраванне ў людзей негатыўнай думкі аб дзейнасці дзяржорганаў».

Ксенію затрымалі 22 снежня 2020 года ў Мінску, з таго часу яна ўтрымліваецца ў СІЗА-1. За час знаходжання за кратамі ў Ксеніі Луцкінай моцна пагоршылася здароўе: абвастрылася бранхіяльная астма, павялічваецца пухліна ў мозгу.