Зняволеных журналістаў Алега Груздзіловіча і Іну Студзінскую ў турме на Акрэсціна наведалі адвакаты

Візіты адвакатаў да Алега Груздзіловіча і Іны Студзінскай адбыліся толькі на шосты дзень пасля затрымання журналістаў — да гэтага абаронцаў у ізалятар не дапускалі. Сваякі і сябры па-ранейшаму не ведаюць, за што іх затрымалі і ў чым падазраюць. Адвакатаў да справы пакуль не дапусцілі, піша «Свабода».

36fde46b_cf89_4a47_8f42_81f1a44fa62f_w1023_r1_s.webp

Жонкі палітвязняў Алега Грузьдзіловіча, Алеся Дашчынскага і сястра Іны Студзінскай раніцай 22 ліпеня ўпершыню змаглі аддаць у ізалятар на Акрэсціна перадачы для блізкіх. Вядома толькі, што перадачу атрымала Іна Студзінская, ці атрымалі гэтыя перадачы Алег Груздзіловіч І Алесь Дашчынскі, пакуль невядома. Адміністрацыя турмы адразу адмовілася прыняць некаторыя прадукты і вітаміны, а таксама кнігі для Алеся і Алега.

Раніцай 22 ліпеня адвакатка Алега Груздзіловіча ўпершыню наведала яго ў ІЧУ на Акрэсціна.

«Трымаецца ён годна. Спіць на ложку на голым дрэве без матрацаў і бялізны, а пад галаву кладзе бутэльку з вадой», — сцісла сказала адвакатка пра ўмовы ўтрымання Груздзіловіча.

Першы допыт Алега Груздзіловіча чакаецца толькі ў панядзелак 26 ліпеня. Да гэтага моманту адвакатка нічога не змагла сказаць пра сутнасць падазрэнняў адносна яго.

Такая ж сітуацыя і з Алесем Дашчынскім, якога адвакатка змагла наведаць 21 ліпеня.

Упершыню пасля арышту следчы Мінскай гарадзкой управы Следчага камітэту дазволіў адвакату журналісткі «Свабоды» Іны Студзінскай наведаць і яе ў ізалятары.

Адвакат расказаў, што Іна Студзінская выглядае бадзёра і не губляе настрою. Высветлілася, што яна не абвяшчала галадоўку, але адмаўляецца ад турэмнай ежы, бо тая кепская. Журналістка спіць на насціле з дрэва, матрацаў і бялізны не выдаюць. Медычная дапамога Іне аказваецца. Сёння ж яна атрымала перадачу ад родных.

Іна Студзінская перадае прывітанні ўсім калегам і сваякам, ведае пра падтрымку. З матэрыяламі справы адвакат яшчэ не азнаёмлены.

16 ліпеня пасля ператрусаў за кратамі апынуліся журналісты Алег Груздзіловіч, Алесь Дашчынскі і Іна Студзінская, якія шмат гадоў працавалі на «Радыё Свабода», а летась былі пазбаўленыя акрэдытацыі МЗС Беларусі. Да Дашчынскага адваката дапусцілі толькі 21 ліпеня, да Груздзіловіча і Студзінскай на дзень пазней.

20 ліпеня супрацоўнік мінскага ізалятара на завулку Акрэсціна паведаміў родным, што Груздзіловіча і Дашчынскага затрымалі на тэрмін да 10 дзён. У той жа дзень стала вядома, што Студзінская галадае на знак пратэсту.

Сваякам і калегам дагэтуль невядома, у чым абвінавачваюць журналістаў. Усіх траіх прызналі палітвязнямі.