Зміцер Салаўёў: Ад беларускамоўнай адукацыі бачу толькі плюсы, бо да майго дзіця індывідуальны падыход

Магілёў вядомы на ўсю Беларусь тым, што ў горадзе ёсць усяго адзін беларускамоўны клас, дзе навучаецца ўсяго адна вучаніца. 



zmicier_salauiou.jpg

Ялінка Салаўёва ўжо шасцікласніца, а аднакласнікаў у яе так і няма: з першага класа яна знаходзіцца на ўроках толькі са сваёй настаўніцай. Аб плюсах і мінусах беларускамоўнага навучання, а таксама аб стаўленні да беларускай мовы ў грамадстве карэспандэнт газеты “НАШ Магілёў” паразмаўляў з бацькам Ялінкі Зміцерам Салаўёвым.

— Зміцер, чаму вырашылі аддаць сваё дзіця ў беларускамоўны клас?

Мы жывем у Беларусі і натуральна, што навучацца таксама жадаем на беларускай мове. Для нас такога пытання ўвогуле не было. У нас беларускамоўная сям’я і мая дачка размаўляць спачатку пачала на роднай беларускай мове. Ялінка расейскай мовы да трох год наогул не ведала, пакуль з іншымі дзецьмі не стала кантактаваць.

Якой была сітуацыя, калі Ялінка пайшла ў першы клас?

У садку ў нас была беларускамоўная група, таму далей сталі шукаць такую ж школу, аднак яе ў горадзе не аказалася. Мы вырашалі пытанне беларускамоўнага навучання і з гарадскім і з абласным аддзелам адукацыі. Нам прапаноўвалі ехаць у Бароўку, бо там некамплектная школа і ёсць магчымасць утварыць такі клас.

 

img_2969.jpg?itok=HpqMZUTW

На фота Зміцер Салаўёў

Затым нас накіроўвалі ў СШ №8. Наша мэта была не толькі дзеля сябе зрабіць, а каб усім было зручна, каб і бацькі маглі вазіць дзяцей з любога раёна і самі дзеці ездзіць, таму нашай умовай было зручнае транспартнае забеспячэнне. У гэтым плане лепей пасуюць установы ў цэнтры горада. Паколькі па прапісцы мы належым да першай школы, туды і занеслі дакументы. Мы ўжо гатовыя былі навучацца на даму, але, на нашае здзіўленне, беларускамоўны клас адкрылі, хоць Ялінка там і была адзінай вучаніцай. Першы час яна навучалася адна, але недзе на год да яе далучыліся брацік з сястрычкай, аднак у другім класе яны былі вымушаны змяніць школу па нейкіх сваіх сямейных абставінах.

— Што змянілася за гэты час, наколькі складана быць адной вучаніцай у класе?

Сацыяльны псіхолаг намагалася стварыць нам праблемы, адрапартаваўшы, што ў Ялінкі не ўсё добра з сацыялізацыяй. Мы, канешне, павінны былі спраўдзіць гэта, дзеля чаго знайшлі вельмі добрага спецыяліста па дзіцячай псіхалогіі, якая пазаймалася з Ялінкай і адмовіла наяўнасць такой праблемы. Я лічу, што праблема сацыялізацыі ў школе вырашана, бо Ялінка на тых прадметах, дзе не патрэбна мова (расейская мова і літаратура, ангельская мова, фізічнае выхаванне), далучаецца да суседняй класы і займаецца там разам з іншымі дзецьмі.

— Што сама Ялінка думае пра сваё становішча?

Канешне, як любое дзіця, яна жадае, каб у яе былі аднакласнікі. Што мы толькі не рабілі, каб іх знайсці. Штогод улетку мы праводзім невялічкую (за свой кошт) піяр-кампанію беларускамоўнага класа. Спачатку раздавалі ўлёткі, пасля клеілі плакаты, апошнім быў відэа-ролік. Спрабавалі звяртаць увагу на мову і культуру, пасля пачалі казаць пра больш празаічныя рэчы: індывідуальны падыход і паглыбленую адукацыю.

На сёння настаўнікам матэматыкі Міхасём Булавацкім была высынута і намі падтрымана ідэя аб стварэнні ў першай школе з наступнага года сёмага класа з паглыбленым вывучэннем матэматыкі, вядома, з беларускамоўным навучаннем. Ужо абмяркоўвалі гэта і са школай і з уладамі, пытанне будзе вырашацца.

— Як лічыце, чаму піяр-кампанія не падзейнічала дагэтуль?

Бацькі пачнуць думаць аб беларускамоўным навучанні ў школах толькі тады, калі ў нас з’явяцца універсітэты на беларускай мове. Гэта асноўная праблема. Яна, канешне, трохі надуманая, але яна існуе. Хаця ні дзеля мяне, ні дзеля майго дзіця не цяжка разабрацца з тэрміналогіяй на рускай ці беларускай мовах.


 

1_4.jpg?itok=ZViPnGck

— Адзін з журналістаў на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнка ўзгадаў сітуацыю з Ялінкай, якой рэакцыі чакалі ад прэзідэнта?

Канешне, мы былі здзіўлены, бо гэта была ўласная ініцыятыва журналіста. Мы аб гэтым не прасілі. Я чакаў двух варыянтаў развіцця падзей. Па-першае, ведаючы нашых чыноўнікам, дзеля якіх няма чалавека — няма праблемы, я думаў, што клас увогуле могуць закрыць. З іншага боку, ад іх можна чакаць і так званай уласнай ініцыятывы, па якой хутка знайшліся б і жадаючыя і магчымасці дзеля напаўнення такога класа, але ні таго, ні іншага не адбылося.

— Якія бачыце плюсы і мінусы беларускамоўнага навучання ў цяперашніх умовах?

Цяжка адзначыць мінусы, іх амаль не бачна. А вось плюсы відавочныя: лічыце, што вы маеце рэпетытараў па кожным прадмеце. У дзіця не бывае сітуацыі, калі тэма пройдзена, а нешта засталося незразумелым. Не бывае такога, што дзіця хварэла і прапусціла тэму — з Ялінкай усё роўна пазаймаюцца. Яна мае больш часу для дадатковага матэрыялу. Атрымліваецца больш паглыбленае навучанне па кожным прадмеце.

— Але ж чаму маем тое, што маем?

Зараз беларускія мова і культура атрымалі вялікі штуршок да развіцця. Праўда, тэндэнцыя больш ахапіла дарослых, ужо сталых людзей. Хочацца верыць, што на гэтай хвалі адбудзецца ўздым у сістэме адукацыі, і усё ж такі будуць адкрывацца беларускамоўныя класы.  Я гатовы дапамагаць людзям, якія не ведаюць што рабіць, каб аддаць дзіця ў такі клас.

Зразумела і іншае — гэтаму папярэднічалі 200 год расейскай акупацыі, і сёння застаецца актуальным лозунг “что не сделает русский штык, сделает русское слово”. Я лічу, што трэба адключыць усе гэтыя расейскія прапагандысцкія каналы, каб людзі жылі ў сваім беларускім асяроддзі. Не важна, на якой мове размаўляеш, тут ніхто цябе прымушаць не будзе, але дзяржаўная мова павінна быць адна — беларуская. Гэта пытанне захавання культуры і нацыі.

Многія лічаць, што ў нас няма ідэнтычнасці, цытуючы нашага прэзідэнта, што “большасць беларусаў — гэта рускія, але толькі са знакам якасці”. Але ж мы не рускія. Мы вельмі адрозніваемся ад іх. І гэта можа пацвердзіць любы вандроўнік, які пабываў і ў Расеі і ў Беларусі. Мы ні ў якім разе ні расейцы, і не будзем ніколі расейцамі. Хачу, каб большасць людзей усведамляла, што яны ёсць беларусы, і ад гэтага ўсё далей і пойдзе.

"Наш Магілёў"