Згарэў мой хлеў — гары і хата?
Беларуская ўлада прамаўляе месіджы, якія чыняцца па замове Крамля, перакананы акадэмічны дырэктар BISS Пятро Рудкоўскі.
Крэмль вуснамі Мінска пужае перспектывай «стратэгічнай зброі». Інфармацыйная хваля пра ядзерную зброю разлічаная на заходнія эліты, каб яны прыпынілі пастаўкі ўзбраення Украіне і ўгаварылі Кіеў стрымаць свае наступальныя амбіцыі.
Лукашэнка і Пуцін, пасля залпавага стрэлу «вяртаннем тактычнай ядзернай зброі», замоўклі.
Праўда, цяпер ужо міністр абароны РБ Віктар Хрэнін пагражае размяшчэннем стратэгічнай ядзернай зброі, пра якую ніводзін з кіраўнікоў нават не заікнуўся.
Пра што сведчыць маўчанне Лукашэнкі з Пуціным? Ці з’яўляецца размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі рэальным, ці ў гэтым выпадку разлік робіцца на саму пагрозу?
«СНплюс» пагаварыла пра гэта з акадэмічным дырэктарам BISS Пятром Рудкоўскім.
— Ці можна трактаваць самыя розныя супярэчнасці з ядзернай зброяй у Беларусі як нявызначанасць? Ні фармат, ні ўмовы, ні канчатковае рашэнне па размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі насамрэч не прынятыя?
— Фармальна яны не супярэчлівыя, але, канечне, сур’ёзна адрозніваюцца расстаноўкай акцэнтаў і акрэсленнем статусу дасягнутых дамоўленасцяў. Пуцін у тэлеінтэрв’ю 25 сакавіка казаў пра тое, што «гэта ўжо ўзгоднена» і што ўвогуле сам Лукашэнка здавён аб гэтым прасіў. Лукашэнка ў сваім пасланні 31 сакавіка казаў пра тое, што «інтэнсіфікаваў перамовы», паняцце «размяшчэння расійскай ядзернай зброі ў Беларусі» падмяняў паняццем «вяртання ядзернай зброі ў Беларусь», а пра магчымую зброю казаў як «наша зброя». Такім чынам, маем тут дачыненне са слаба замаскіраванымі рознагалоссямі паміж двума аўтакратамі наконт таго, ці павінна размяшчацца зброя, а калі павінна, то на якіх умовах.
— Ці з’яўляецца знакамітая заява Пуціна яго дамашняй загатоўкай, пра якую Лукашэнка не ведаў ні сном ні духам?
— Я перакананы, што тэма абмяркоўвалася ўжо даўно і што Лукашэнка быў у курсе таго, што Пуцін разглядае такі варыянт, і што не схільны перадаваць Лукашэнку кантроль над зброяй. Ну а агучванне заявы Пуціным 25 сакавіка магло адбыцца і без папярэджання.
— Ядзерная зброя яшчэ не з’явілася на тэрыторыі Беларусі, але контуры негатыўных наступстваў ужо праявіліся. Напрыклад, ААН — адна з нямногіх міжнародных пляцовак, даступных афіцыйнаму Мінску, можа стаць недаступнай. Як зменіць становішча беларускага рэжыму на міжнароднай арэне рэалізацыя пагроз ядзернай зброяй?
— Не зусім разумею, у чым магла б палягаць «недаступнасць пляцоўкі ААН». Адмова арганізацыі прызнаваць мандат прадстаўнікоў рэжыму па аналогіі з Радай Еўропы? Не, такога амаль напэўна не будзе.
Іншая справа — гэта чарговы, прычым даволі сур’ёзны іміджавы ўдар па рэжыму. У жніўні 2022 года падчас канферэнцыі ААН прадстаўнік беларускага МЗС афіцыйна запэўніў, што Беларусь не мае намеру мяняць свой бяз’ядзерны статус. І што ўсялякія інсінуацыі наконт гэтага і наконт магчымага парушэння дамовы аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі абсалютна беспадстаўныя. Прайшло ўсяго паўгода — і тут аказваецца, што ўсе гэтыя запэўненні пустыя. Больш за тое, аб змене статусу Беларусі свет даведаўся ад кіраўніка суседняй дзяржавы, з пазнакай, што «прэзідэнт Беларусі даўно аб гэтым просіць».
Калі «даўно просіць», то чаму не папярэдзіў пра гэта ўласнае МЗС і чаму ўводзіў у зман міжнародную супольнасць, якая як-ніяк складаецца не толькі з заходніх краін, але і 2/3 сусветнай долі незаходніх краін?
— Між тым міністр абароны РБ Віктар Хрэнін заяўляе пра магчымае з’яўленне ў краіне і стратэгічнай ядзернай зброі. «Згарэў мой хлеў — гары і хата?» — Лукашэнка ўзяў на ўзбраенне гэты прынцып?
— У пятнічнай прамове Хрэніна ёсць месіджы, якія паходзяць ад лукашэнкаўскага рэжыму (на маю думку, гэта пасус пра «страхі Захаду»), і ёсць месіджы, якія чыняцца па замове Крамля. У чаканні контрнаступлення Украіны Крэмль запусціў інфармацыйную хвалю пра размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі, каб расхваляваць еўрапейскае грамадства і паўплываць на заходнія эліты, каб яны прыпынілі пастаўкі ўзбраення Украіне і ўгаварылі Кіеў стрымаць свае наступальныя амбіцыі. Каб было больш страшна, вуснамі Мінска Крэмль пужае перспектывай «стратэгічнай зброі», але гэта — не цяпер, бо, маўляў, паглядзім на вашы паводзіны.
Дарэчы, Хрэнін, нагадаўшы пра магчымасць размяшчэння «стратэгічнай зброі», нават паясніў прычыну нагадвання: «Не все услышали важный посыл, озвученный главой государства». Тут бачна, што чаканы эфект гэтай інфармацыйнай хвалі — зрабіць усё, каб Захад спужаўся ядзернай вайны.
— Якіх дадатковых гарантый Лукашэнка патрабуе для сябе?
— Калі маюцца на ўвазе тыя «гарантыі», пра якія ён казаў падчас візіту ў Расію і падчас сустрэчы з Шайгу ў Мінску, то гэта мог быць прэвентыўны рытарычны ход на выпадак, калі б хтось планаваў сілавое звяржэнне яго ўлады. У кантэксце пратэстаў 2020 года, калі на бок пратэстоўцаў пачалі пераходзіць сілавікі, немалаважную ролю адыграла заява Пуціна, што ён сфармаваў «рэзерв з супрацоўнікаў праваахоўных органаў» для дапамогі беларускім уладам. Цяперашняя заява Лукашэнкі, якой падтакнуў Пуцін і Шайгу, можа мець падобную функцыю. Зараз дадаецца яшчэ ўкраінскі фактар — Лукашэнка, хутчэй за ўсё, баіцца помсты ўкраінцаў за злачынную вераломнасць у дачыненні да суседняга народа і, мабыць, гэты страх небеспадстаўны. Гэта таксама можа быць прычынай размовы аб «гарантыях».