Андрэй Гайдукоў захварэў напярэдадні суда

Андрэй Гайдукоў, абвінавачаны ў «здрадзе дзяржаве», знаходзіцца ў Віцебскім СІЗА. Яго маці, Вольга Гайдукова, распавяла, што Андрэй моцна захварэў.



gaidukou2.jpg

Спадарыня Вольга дужа хвалюецца: пра перавод у Віцебск яна даведалася ад адваката. Адвакат распавёў і пра тое, што ў канцы мінулага тыдня Андрэй захварэў.
 

«У яго высокая тэмпература, яму даюць антыбіётыкі. Ён папрасіў пігулак ментолавых — мабыць, горла балела. Сваячка тут жа яму панесла, але ў СІЗА лекі не ўзялі. Сказалі, што іх мусіць прызначыць толькі лекар, а той працаваў у пятніцу толькі да 12-й гадзіны... Зноў ня ведаем, што тым з ім: яго перавялі ў Віцебск яшчэ 3 чэрвеня. Мне, вядома, пра гэта нічога не гаварылі, не папярэджвалі», — кажа Гайдукова.

Вольга Гайдукова апавяла, што з часу пераводу ў Віцебск не атрымала ад сына ніводнага ліста: «З Мінску лісты даходзілі, а з Віцебску — не. Баюся, што і мае лісты да яго таксама не даходзяць. Так ужо было — калі напрыканцы мінулага году яго на месяц пераводзілі ў Віцебскі СІЗА».

Маці звярталася ў абласны суд, каб ёй далі дазвол на сустрэчу з сынам. Гэта ўжо трэці зварот Вольгі Гайдуковай наконт спаткання. Аднак і суд ёй адмовіў, як раней адмаўлялі следчыя па сынавай справе.
 

Працэс па «шпіёнскай справе» можа быць закрытым. Пра гэта заявіў старшыня КДБ Беларусі Валерый Вакульчык.
 

Вольга Гайдукова лічыць, што працэс мусіць быць адкрыты, бо яна ўпэўнена: сыну няма чаго хаваць, і абвінавачанні ў шпіянажы — сувязях з нейкай замежнай выведкай — бязглуздыя.
 
23-гадовага апэратара наваполацкага «Нафтану» арыштавалі 8 лістапада ў Віцебску нібыта падчас закладкі тайніка з нейкімі звесткамі дзяржаўнай важнасці. З таго часу яго ўтрымлівалі пад вартай у мінскім СІЗА КДБ, за выключэннем аднаго месяца, калі яго пераводзілі ў Віцебскі СІЗА.
 

За здраду дзяржаве ў форме агентурнай дзейнасці — такое абвінавачаньне высунулі супраць Андрэя Гайдукова — яму пагражае ад 7 да 15 год зняволення.
 


Сваякі і сябры ня вераць у тое, што Андрэй Гайдукоў мог займацца шпіянажам. Яны лічаць, што справа супраць яго ініцыявана КДБ у якасці помсты за апазіцыйныя погляды: ён быў у камандах дэмакратычных кандыдатаў падчас выбараў, у тым ліку ў камандзе Андрэя Саннікава. Удзельнічаў у «маўклівых акцыях пратэсту». Непасрэдна перад арыштам  займаўся падрыхтоўкай дакументаў, каб зарэгістраваць у Наваполацку грамадскую арганізацыю «Саюз маладых інтэлектуалаў».

svaboda.org