«Затрымліваюць не за лайкі і падпіскі, а каб запужаць». Юрыст пра масавае прызнанне каналаў СМІ экстрэмісцкімі
Амаль усе тэлеграм-каналы незалежных грамадска-палітычных СМІ на сёння ў Беларусі ўлады прызналі экстрэмісцкімі (адзначым, што «Новы Час» у гэты пералік не ўваходзіць). «Радыё Свабода» разбіраецца з Міхаілам Кірылюком, адказным за пытанні юстыцыі ў Народным антыкрызісным упраўленні, што гэта значыць.
«У такіх таталітарных рэжымах не важна, што напісана ў законе, а важна, на што здольны рэпрэсіўны апарат. Сукупная аўдыторыя каналаў, прызнаных экстрэмісцкімі, напэўна, больш за мільён чалавек. Рэальна пасадзіць заўтра мільён чалавек? Напэўна, не. А як тады будзе дзейнічаць рэпрэсіўны апарат? Так жа, як і раней. Будуць затрымліваць заўважных актывістаў і саджаць, а тлумачыць гэта будуць падпіскай на тэлеграм-канал, фармальна. Нібыта калі б такі чалавек не быў падпісаны, яго б не арыштавалі? Арыштавалі б таксама», — параўноўвае юрыст.
«Пытанне не ў падпісцы, а ў жаданні напужаць»
Міхаіл Кірылюк пералічвае іншыя абсурдныя затрыманні ў Беларусі: за шкарпэткі не тых колераў, зефіркі, бялізну на ганку, за прыватную перапіску. І «праблема не ў падпісцы на нешта, а ў жаданні ўладаў запужаць».
«Які для іх крытэр? Падпісаны ці не? Не. Крытэр — запужаць усіх, каб максімальна выключыць удзел у палітычным жыцці, каб людзі адмаўляліся чытаць тэлеграм-канал, каб баяліся нават яго адкрыць. Пытанне ў тым, ці змогуць яны гэта рэалізаваць. Я ў гэта не веру. Яны абяцалі ўвесці санкцыі супраць ЕС, гэтага ж не зрабілі», — кажа Міхаіл Кірылюк.
«Галоўнае — не дазваляць сябе запужаць»
Рэальная небяспека, разважае Міхаіл Кірылюк, — гэта не падпіска ці лайк у сацсетках, а каб не запужаць саміх сябе.
«Самае небяспечнае — калі беларусы самі сябе запужаюць, не будуць чытаць праўдзівыя навіны, не будуць удзельнічаць у палітычным жыцці, змірацца і дэ-факта прызнаюць гэтую ўладу. Гэта самая вялікая небяспека, іншай няма», — кажа юрыст.
Што можа пагражаць за лайк?
На думку Міхаіла Кірылюка, непасрэдна за лайк ці нейкі рэпост чалавеку нічога не пагражае. Пагроза ў іншым.
«Справа не ў тым, лайкнуў чалавек нешта ці не. Вось ёсць у сілавікоў задача арыштаваць нейкую колькасць чалавек. І нават без лайку ці падпіскі ў чалавека могуць забраць тэлефон і лайкнуць нешта за яго. Пераследуюць не за лайкі, а тых, па кім бачна, што ён выражае нейкую палітычную пазыцыю. Не было ж закону, які прызнае шкарпэткі нейкага колеру экстрэмісцкімі, але людзей за гэта арыштоўвалі», — прыводзіць прыклад юрыст.
Міхаіл Кірылюк дадае, што «нельга ўявіць, што заўтра ўсіх, хто лайкнуў нейкі пост у сацсетках, пасадзяць».