Заснавальнік «Новага зроку»: «Прадпрыемства фактычна скралі»
«Новы зрок» альбо адбяруць, альбо прададуць. Заснавальнік «Новага зроку» Алег Каўрыгін расказаў «Люстэрку», што адбываецца з медцэнтрамі цяпер.
У красавіку 2023 года КДК заявіў, што выявіў у сетцы «Новы зрок» схему выплаты заробкаў у канвертах і завёў крымінальную справу пра ўхіленне ад падаткаў. У ліпені таго ж года Мінздароўя пазбавіла ліцэнзіі медыцынскія цэнтры «Новы зрок», якія працавалі ў пяці гарадах краіны.
Кампанія не стала аднаўляць ліцэнзію і заявіла, што пакідае Беларусь, а пазней запусціла працэдуру ліквідацыі, якая пайшла не па плане — заснавальнік «Новага зроку» Алег Каўрыгін расказаў «Люстэрку», як за паўгода сума шкоды дзяржаве, налічаная ДФР, вырасла ў 40 разоў, а людзей, што маюць дачыненне да кампаніі, увесь час адпраўляюць на «суткі».
«Людзі вымушаныя былі паддавацца на маніпуляцыі і падпісваць практычна пустыя пратаколы допытаў»
Пасля пазбаўлення ліцэнзіі кіраўніцтва кампаніі звольніла ўсіх супрацоўнікаў пяці медцэнтраў. Невялікая частка з іх з’ехала, астатнія перайшлі працаваць у іншыя клінікі. Аднак, як кажа Алег Каўрыгін, на былых работнікаў «Новага зроку» сілавікі ціснулі, каб атрымаць доказы па «справе пра зарплату ў канвертах».
— Тыя дактары, якія не хацелі гаварыць няпраўду, не маглі нікуды ўладкавацца. А калі іх хтосьці і браў на працу, то працадаўцам тэлефанавалі проста з ДФР. Ёсць такі выпадак: патэлефанавалі — і чалавека звольнілі проста пасярэдзіне прыёму, — тлумачыць Каўрыгін. — Жыць нейкім чынам трэба. Людзі вымушаныя былі гаварыць няпраўду, паддавацца на маніпуляцыі сілавых органаў і падпісваць практычна пустыя пратаколы допытаў. А ўжо іх следчыя запаўнялі як хацелі.
Аналагічная сітуацыя і з кіраўнікамі кампаніі. Паводле бізнесоўца, на іх ціснулі па-іншаму: затрымлівалі на трое сутак, каб тыя «падумалі».
— Аднаго з дырэктараў выклікалі ў ДФР і адразу спыталі пра мяне, — расказвае бізнесовец. — Ён сказаў, што мяне практычна не ведае. І гэта праўда. У перыяд яго працы ўласнікамі былі англічане, я займаўся іншымі праектамі. Яго тут жа арыштавалі на трое сутак, «падумаць». Пасля гэтага ён і іншыя таксама падпісалі чыстыя аркушы. Што там потым напісалі следчыя, я нават уявіць сабе не магу.
Абшуквалі і затрымлівалі ў тым ліку і юрыстаў-гаспадарнікаў, якія працавалі па гэтай крымінальнай справе. Каўрыгін кажа, што ператрусы праходзілі не толькі ў іх, але і нават у іх сваякоў.
— Канфіскавалі ўсе дакументы, якія датычылі дзейнасці клінік, — дадае ён. — Пасля гэтага практычна ні адзін адвакат, ні адзін юрыст не браўся за гэтую справу. Амаль усе адмаўляліся. Нават тыя, хто працаваў з намі 15 гадоў. Аказалася, што нашая гучная справа абмяркоўвалася ў адвакацкім асяроддзі. І, мабыць, стаіць пытанне так: будзеце працягваць працаваць з імі і будзеце эфектыўна абараняць іх — пазбавім ліцэнзіі.
Бізнесовец кажа, што на яго асабіста сілавікі таксама ціснуць — праз 89-гадовую хворую маці, якая жыве за 70 кіламетраў ад Мінска.
— Яна цяпер у бальніцы, у яе знайшлі рак. Дык вось, яе неаднаразова спрабавалі дапытваць, але мама практычна не можа гаварыць, таму гэтыя спробы былі сарваныя, — расказвае Каўрыгін. — Да бальніцы мама перанесла інсульт. Хадзіць яна не можа, яе даглядалі жанчыны-санітаркі, якім, па магчымасці, я перадаваў грошы, каб яны маглі маме купіць лекі і да таго падобнае. Але ўсіх іх выклікалі ў ДФР і пагражалі. Некаторыя людзі пасля гэтага адмаўляліся ад працы з ёй. І ў выніку мяне паставілі ў становішча «будзеш балбатаць шмат — прыкончым тваю маці». То-бок, па сутнасці, гэта бандыты, пярэваратні ў пагонах, якія карыстаюцца выгаднай ім сітуацыяй.
Таксама сілавікі завялі яшчэ адну крымінальную справу ў дачыненні да Алега Каўрыгіна — яму інкрымінуюць незаконнае захоўванне боепрыпасаў.
— Я не жыву ў Беларусі ўжо больш за 12 гадоў, у мяне там няма маёмасці. Аднак у доме, які належаў мне 13 гадоў таму, у якім вось ужо сем гадоў жыве чалавек, нібыта быў знойдзены сейф, які стаіць адкрыта (то-бок ён не быў схаваны). І вось нібыта новы гаспадар не ведаў кода ад гэтага сейфа. А калі яго ўскрылі, то знайшлі там розныя патроны, якія нібыта стоадсоткава належаць мне. Гэта абсурд. Але як мінімум пяць гадоў турмы мне гарантаваныя, — мяркуе прадпрымальнік. — Плюс я даведаўся, што нейкі «фільм» пра мяне рыхтуюць. Людзей ставілі да сценкі, запісвалі відэазварот, каб яны агаварылі мяне. Тыя, у каго сумленне перамагло страх, тэлефанавалі, выбачаліся, што ўдзельнічалі ў такіх здымках. Я разумею, людзям трэба жыць і ўсё астатняе. Але я б ніколі не стаў удзельнічаць у такіх здымках. І ведаю многіх людзей, якія таксама б не сталі.
«Двух ліквідатараў і сакратара выклікалі ў ДФР і затрымалі — такое „затрыманне на выходныя“»
З моманту пазбаўлення ліцэнзіі медцэнтры спынілі працу, аднак камунальныя плацяжы збіраліся: кампанія не магла іх аплаціць, бо ДФР наклаў арышт на яе рахункі. Паводле Каўрыгіна, на іх было каля 9 мільёнаў рублёў.
— А потым Следчы камітэт і Дэпартамент фінансавых расследаванняў пайшлі нестандартным шляхам, — кажа суразмоўца. — Яны прапанавалі дырэктару і галоўнаму бухгалтару «пакаяцца» і перавесці ў якасці «кампенсацыі» шкоды грошы з рахунку прадпрыемства. Гэта незаконна. Але грошы спісалі, так што на рахунку «Новага зроку» цяпер практычна нуль.
Тады ўладальнікі прынялі рашэнне здаваць у арэнду будынкі і абсталяванне медцэнтраў. Такім варыянтам зацікавіўся расійскі афтальмолаг-хірург Яўген Платаў.
— Яго прадстаўнікі прыехалі ў Беларусь і пачалі рэгістраваць кампанію, — кажа Каўрыгін. — Толькі яны зарэгістравалі юрыдычную асобу (не паспелі нават аформіць дамову арэнды) — іх тут жа выклікалі ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў з пагрозамі, з адбіраннем дакументаў, допытамі, і гэтак далей, і да таго падобнае. Само па сабе для здаровага чалавека гэта нечувана дзіўна. Пагадзіцеся? Прадпрыемства зарэгістравалася, нават не адкрыла разліковы рахунак у банку, і яго тут жа пачынае дапытваць ДФР.
Так спроба здаць у арэнду медцэнтры правалілася. І вось ужо больш за паўгода будынкі з мільённым абсталяваннем стаяць без справы.
— Ні будынкі, ні абсталяванне нельга здаць у арэнду, і гэта парушае закон, — абураецца прадпрымальнік. — Мабыць, рыхтуюцца да простага адціскання ўласнасці заснавальніка.
Паколькі варыянтаў неяк працягваць дзейнасць у «Новага зроку» не было, бізнес вырашылі ліквідаваць. Для гэтага нанялі кампанію «Антыкрызісныя рашэнні». У ідэале працэс ліквідацыі мусіць праходзіць наступным чынам: маёмасць фірмы распрадаецца, гасяцца даўгі перад крэдыторамі і дзяржавай, а рэшта застаецца ўласніку. Паводле Алега Каўрыгіна, «Новы зрок» разлічыўся з усімі пастаўшчыкамі, фактычна кампанія была «чыстай». А шкода дзяржаве, якую ДФР налічыў першапачаткова, адзначае бізнесовец, складала 300 тысяч рублёў.
— Але дзесьці дзён 10 таму яны аддалі нам акт, у якім стаяла не гэтая сума, а ўжо 12 мільёнаў рублёў, — тлумачыць прадпрымальнік. — Ліквідатары ў панядзелак, 29 студзеня, мусілі падаць пярэчанні на гэты акт. Яны былі ўжо практычна гатовыя. Але ў пятніцу двух ліквідатараў і сакратара выклікалі ў ДФР і затрымалі — такое «затрыманне на выходныя». Адпусцілі толькі ў панядзелак раніцай. У іх канфіскавалі тэлефоны і тэхніку, а таксама ўсе акты, якія яны падрыхтавалі.
Ці будзе ліквідацыйная кампанія далей працаваць з «Новым зрокам» пасля такога «папярэджання», на гэты момант невядома.
— Я пагаварыў з дырэктарам. На пытанне: «Што мы будзем рабіць?» ён сказаў: «Ну, ты ж разумееш, закладнікі», — тлумачыць Каўрыгін.
Заключыць дамову з новай кампаніяй-ліквідатарам і перадаць ёй дакументы, каб адправіць пярэчанні на акт ад ДФР (гэта трэба зрабіць да 10 лютага), кіраўніцтва «Новага зроку» наўрад ці зможа. Па-першае, у цяперашніх ліквідатараў канфіскавалі ўсю дакументацыю і пячатку медцэнтра, якія патрэбныя будуць новай кампаніі для работ. Па-другое, далёка не факт, што пасля інфармацыі пра затрыманне хтосьці наогул захоча працаваць з такім кліентам.
«Усе, хто там будзе працаваць, мусяць разумець, што яны будуць працаваць на крадзеным абсталяванні і ў крадзеных будынках»
За гэтыя паўгода «вырашыць пытанне» Каўрыгіну прапаноўвалі многія. Канкурэнты нават збіраліся купіць «Новы зрок». Бізнесовец кажа, што з такой прапановай тэлефанавалі з кампаніі VОКА.
— Алег Пазняк мне тэлефанаваў (дырэктар па развіцці медцэнтра VOKA. — Заўв. рэд.). Адразу скажу, што ён не мае дачынення да прафесара Мікалая Іванавіча Пазняка, які там працуе. Яны цёзкі, — гаворыць Алег Каўрыгін. — Казаў, што можа парашвць усе пытанні, прадайце затанна або падпішыце дакументы, што мы заплацім за вас шкоду і штраф.
На сайце VOKA гаворыцца, што там працуе Дзмітрый Абельскі, старэйшы сын Ірыны Абельскай — былой асабістай доктаркі Аляксандра Лукашэнкі і меркаванай маці яго малодшага сына Мікалая. Цяпер яна ўзначальвае Рэспубліканскі клінічны медцэнтр Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.
— Што будзе далей? Я думаю, дзяржава знойдзе сваіх ліквідатараў. І ўсе гэтыя фальшывыя акты ўступяць у сілу, — разважае Каўрыгін. Ён кажа, што не верыць у сумленную ліквідацыю бізнесу, які ацэньвае ў мільёны еўра. Не верыць і ў тое, што нейкія грошы ў прынцыпе зможа вярнуць.
— «Новы зрок» альбо адбяруць, альбо прададуць. У іх, мабыць, стаіць канкрэтная задача — забраць усю ўласнасць прадпрыемства і абсталяванне для нейкага спадара, які будзе стаяць за другой-трэцяй юрыдычнай асобай, — працягвае бізнесовец. — Прадпрыемства фактычна скрадзенае. У далейшым той, хто набудзе яго, будзе валодаць крадзенай уласнасцю. Усе, хто там будзе працаваць, мусяць разумець, што яны будуць працаваць на крадзеным абсталяванні і ў крадзеных будынках. То-бок праз два тыдні гэтая вялікая 25-гадовая гісторыя падыдзе да канца. Але я б тут хацеў сказаць нават не пра страчаныя грошы. Больш за ўсё страціла Беларусь. І людзі ў першую чаргу. Я ўпэўнены, што пасля нашага закрыцця з’явіліся інваліды па зроку, а хтосьці і цалкам яго страціў. Упэўнены, што пагоршылася становішча тых, хто мусіў працягваць лячэнне. Мноства людзей засталося без афтальмалагічнай дапамогі.
У нас была ў распрацоўцы праграма па тым, каб была магчымасць бачыць цалкам сляпым людзям, мы распрацоўвалі навуковыя праграмы, у нас абараняліся кандыдацкія. Я ганаруся велізарнай працай, зробленай на карысць Беларусі і для беларускага народа, для простых людзей. Бо пабудаваць адну бальніцу за 100 мільёнаў бюджэтных сродкаў для аднаго чалавека нескладана. Значна складаней стварыць сетку бальніц для 9,5 мільёнаў, не выкарыстоўваючы ні капейкі дзяржаўных грошай. Мне як прафесіяналу па-сапраўднаму горка ад таго, што мільёны беларусаў страцілі даступную, якасную медыцынскую дапамогу. І цяпер я не бачу чалавека, які б змог стварыць нешта падобнае да «Новага зроку». Я проста хачу сказаць злодзеям: мы ведаем, што вы злодзеі, ведаем, што вы бандыты, ведаем, што вы бераце людзей у закладнікі. Ёсць нейкі, напэўна, вышэйшы суд, які закліча да адказнасці ўсіх, хто цяпер парушае закон, карыстаючыся тым, што ён абсалютна не працуе.