«Калі б ўзялі на працу адстаўнога генерала, то абышлося б». Чаму закрылі клініку «Новы зрок»

Забойствам знакамітай кампаніі «Новы зрок» скончыўся яшчэ адзін канфлікт бізнэсу і дзяржавы. Мінздароўя нахлусіла ў сваёй аргументацыі, забраўшы ў цэнтра ліцэнзію. Абвінавачанні, раней выстаўленыя ДФР аб «заробках у канвертах», увогуле забытыя і не згадваюцца. А як сітуацыю каментуюць у бізнэсе? — задалася пытаннем «Наша Ніва».

Фота з сайта клінікі «Новы зрок»

Фота з сайта клінікі «Новы зрок»


Сёння Мінздароўя адабрала ліцэнзію ў «Новага зроку». Калі справа пачыналася, медцэнтр падазравалі ў выплаце заробкаў у канвертах, але цяпер чыноўнікі агучылі зусім іншыя прэтэнзіі, праз якія спынілі дзеянне ліцэнзіі.

«З мэтай увядзення ў зман таксама выкарыстоўваліся дакументы аб памяшканнях і медыцынскіх вырабах, якія не адпавядалі рэчаіснасці, аформленыя на юрыдычную асобу да яе стварэння і рэгістрацыі», — гаворыцца ў паведамленні Мінздароўя.

Кампанія ў адказ заявіла, што спыняе дзейнасць у Беларусі.

Уласнік клінікі Алег Каўрыгін даў эмацыйнае інтэрв'ю «Люстэрку», у якім прайшоўся па фактычных прэтэнзіях да кампаніі.

«Новы зрок» быў найбольшым гульцом на рынку афтальмалагічных паслуг Беларусі. «Ладэ» мае большыя абароты, але яна, акрамя аперацый на вачах, займаецца многімі іншымі сферамі, афтальмалогія ў ёй — не асноўная спецыялізацыя.

«Новы зрок» — вялікая па беларускіх мерках сетка з клінікамі ў пяці гарадах: Брэсце, Гродне, Магілёве, Віцебску, Мінску. Самая вялікая клініка працавала ва ўласным будынку кампаніі ў Мінску на вуліцы Клумава.

Заснавальнік «Новага зроку» — беларус Алег Каўрыгін. Адукацыю ён атрымліваў у Германіі і першыя свае крокі ў бізнесе рабіў, займаючыся пастаўкамі абсталявання «Сіменс».

Тыповы выпадак для лукашэнкаўскай Беларусі: на радзіме бізнэсмен даўно не паказваецца, у 2014 годзе на яго заводзілі крымінальную справу за нібыта кантрабанду медыцынскага абсталявання. Справа нічым не скончылася, яе закрылі, але ў Беларусь Каўрыгін не вяртаўся і вось ужо хутка 10 гадоў як жыве ў эміграцыі.

Суразмоўцы выдання лічаць, што гэта таксама адыграла ролю ва ўсім сюжэце.

«Калі ў Каўрыгіна ў 2014-м узніклі крымінальныя праблемы і ён першы раз уцёк з Беларусі, то гэта быў ягоны адзіны цэнтр. Але яму ўлады дапамаглі, так бы мовіць, вырасці. Ён усё зразумеў і стаў адкрывацца ў іншых краінах. Ну і цяпер яму што ад гэтай гісторыі ў Беларусі? Ну, было і было. Зарабляў 100 рублёў, стане 80, але колькі там яму трэба і колькі тут таго жыцця.

Я думаю, калі б ён чапляўся, то цэнтр удалося б захаваць. А так, ён ужо 10 гадоў тут не з'яўляецца, працэсы кантралюе слаба. Я думаю, нехта з ягоных менеджараў там, можа, і пачаў што муціць, а яму прыляцела. Але гэта тэарэтычна, проста нейкія схематозы ўнутры бізнэсу непазбежныя, калі ты сам там не на месцы», — мяркуе адзін з суразмоўцаў.

«Сённяшняе яго рашэнне пайсці з Беларусі і інтэрв'ю ў адказ, я так разумею, эмацыйнае: «Ды пайшлі вы, мне ўсяго хапае». А што да сітуацыі, то яна такая. Сёння ў нас падрастае пакаленне новых пенсіянераў у пагонах, іншых зацікаўленых, якія кожны дзень задаюць сабе пытанне: «А чаму тут зарабляюць іншыя, а не мы?». І калі ў цябе ўжо згубленыя сувязі ўнутры краіны, то адбіцца складана, канечне. Калі б у яго генерал які адстаўны працаваў у менеджарах ці міністр, які мог бы схадзіць і дамовіцца, то была б іншая гісторыя. Не знайшлося каму за яго заступіцца. Што ты там, з-за мяжы, грошы тут зарабляеш? Прыязджай, пакажыся. Але дурных няма», — сказаў яшчэ адзін суразмоўца.


Глядзіце таксама

«Канечне, казаць, што ў «Новага зроку» доля 1,7% наведванняў у структуры афтальмалагічнай дапамогі ў краіне (так заявіла Мінздароўя) — гэта трызненне. Зрабіць аперацыю на вочы — гэта не праверыць у кабінеце, у якім 30 гадоў не клеілі новых шпалераў, «МНК-ЫМБШ». Гэта маніпуляцыя лічбамі, яўная хлусня, якая ставіць пад сумнеў і астатнія тэзісы.

Але што да саміх аперацый, я не лічу, што сёння ў дзяржаўных клініках значна горш робяцца аперацыі, чым у «Новым зроку», бо па факце і там, і там працуюць адныя і тыя ж дактары, якія да абеду там, пасля — там. І на амаль такім жа абсталяванні.

Але тут іншая праблема. У дзяржаўных — заўсёды чэргі. І не толькі на аперацыі на вочы, а на любыя аперацыі. Пратэзаванне, напрыклад. У цябе ёсць выбар: або сляпым і кульгавым жыць два гады, або пайсці ў прыватную клініку і зрабіць там усё хутка і за грошы.

Фактычна, сістэма так і ўладкаваная: хто можа чакаць, той лечыцца ў дзяржавы, хто не можа чакаць — у прыватніка. Ну і тое, што яны ўдарылі па цэнтры, гэта на нейкі час разбалансуе сістэму: нехта пераплаціць, нехта даўжэй пастаіць у чарзе, нехта плюне і паедзе зробіць аперацыю ў Вільні ці Варшаве.

А потым нехта новы выкупіць тэхніку, якую ў час санкцый не вывезеш нават з краіны, таму прыйдзецца прадаваць на месцы з дысконтам, набярэ амаль тых жа самых людзей і будзе рабіць тое ж самае, напэўна, з горшым сэрвісам, таму што пабудаваць за год тое, што будавалася дзесяцігоддзямі, немагчыма», — рэзюмаваў іншы менеджар з прыватнай медыцынскай сферы.

Дасведчаны суразмоўца сумняваецца, што персанал клінік удасца перавезці.

«Стаць доктарам за мяжой вельмі складана. Відавочна, што калі ў цябе ёсць высокакваліфікаваныя кадры, якія не супраць пераехаць, а ты можаш іх прыкрыць: [даць магчымасць працаваць па факце, пакуль чалавек месяцамі даказвае сваю кваліфікацыю і дыпломы ў новай краіне] ў сваёй структуры на час легалізацыі, то яны гэта зробяць. Але гаворка тут, безумоўна, не пра ўвесь штат клінік, а пра нейкую вузкую праслойку высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія ўжо з табой гады ў дарозе і якіх шкада губляць», — сказаў суразмоўца з медыцынскай сферы.