Жарт пра траціл у мінскім аэрапорце абышоўся расіянцы ў 1100 даляраў

Марыі Рымар прысудзілі штраф у 100 базавых велічынь.

Марыя Рымар. Фота Дар'і Буракінай, TUT.by

Марыя Рымар. Фота Дар'і Буракінай, TUT.by


Грамадзянка Расіі, юрыст грамадскага ЛГБТ-руху «Аверс» з Самары Марыя Рымар, затрыманая 7 ліпеня ў менскім аэрапорце за словы пра траціл, прызнаная вінаватай у заведама ілжывым паведамленні пра небяспеку і асуджаная на штраф у  100 базавых велічыняў (2 тысячы 100 рублёў, каля 1100 долараў). Такое рашэнне прыняў 12 кастрычніка суд Кастрычніцкага раёна Мінска, перадае БелаПАН.
Як заявіла Рымар, яна мае намер абскардзіць прысуд. «Але буду рабіць гэта не касацыяй, а адразу ў наглядныя органы, — сказала расіянка. — Касацыю мы прапусцім, каб прысуд уступіў у сілу. У мяне тады здымецца абмежаванне на выезд, і я паеду дадому. І ў далейшым абскарджанне буду рабіць ужо з Расіі».
Рымар паведаміла, што зможа з'ехаць дадому 25 кастрычніка. «Але да гэтага мне ёсць чым заняцца, — сказала яна. — У мяне яшчэ некалькі разглядаў, бо я асобна абскарджу ўмовы ўтрымання пад вартай, асобна — законнасць затрымання».
Каментуючы вынесены прысуд, расіянка заявіла: «Улічваючы, што ў справе няма складу злачынства, любы прысуд акрамя поўнага апраўдання мной расцэньваецца як неправасудны. Але ўлічваючы вашы беларускія рэаліі, мне ўжо казалі і мясцовыя калегі, і адвакат, што мне варта радавацца гэтаму прысуду».
Марыя Рымар, якая накіроўвалася з Кіева ў Маскву транзітам праз Беларусь, была затрыманая 7 ліпеня. Расіянка няўдала пажартавала ў размове з інспектарам службы грамадскай бяспекі ў пункце надгляду перад пасадкай на рэйс, заявіўшы, што ў яе ў сумцы знаходзіцца выбуховае рэчыва. У дачыненні да Рымар была ўзбуджаная крымінальная справа за ілжывае паведамленне аб небяспецы, а таксама адміністрацыйная справа за непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. Да 18 ліпеня яе ўтрымлівалі ў СІЗА ў Мінску і Жодзіна, затым выпусцілі пад заклад у 2,5 тыс. дэнамінаваныя рублёў.
4 жніўня Рымар была аштрафаваная на 25 базавых велічыняў (525 новых рублёў) за непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі.
У ходзе цяперашняга суду яна віну не прызнала і заявіла, што такім чынам спрабавала пазбегнуць неабгрунтаванага, на яе думку, ручнога надгляду перад тым, як патрапіць у стэрыльную зону аэрапорта. Пасля надгляду на інтраскапіі, па словах жанчыны, яна адмовілася ад асабістага дагляду інспектарам аховы, паколькі ёй фізічна непрыемны кантакт з незнаёмымі людзьмі, а раней у зале чакання аэрапорта яна бачыла відэаролік з правіламі надгляду, у якім тлумачылася, што, калі ў багажы пасажыра не знойдзена падазроных рэчаў, пасля рамкі металашукальніка ён можа свабодна прайсці ў стэрыльную зону.
Паводле naviny.by