Зараз і ў Брэсце: безбар'ерная кавярня «Інклюзіўны барыста ў А1» адкрылася ў рэгіёнах
Самая вядомая безбар'ерная кавярня краіны адкрылася ў Брэсце пры падтрымцы кампаніі А1. Новая кропка «інклюзіўны барыста ў А1» пачала працу 23 ліпеня па адрасе Варшаўская шаша, 11. Установа стала ўжо трэцяй у сетцы інклюзіўных кавярняў і першай, што адкрылася ў рэгіёнах.
Спецыяльна для таго, каб рыхтаваць берасцейцам смачную каву, барыста на калясцы Аляксей Сінкевіч пераехаў у Брэст з Полацка, а Дзмітрый Снітко - з Бярозы. Яны не толькі прайшлі адбор у каманду праекта, але і з найлепшымі вынікамі скончылі навучанне ў Акадэміі інклюзіўных барыста - спецыяльных курсах з наступным працаўладкаваннем для людзей з інваліднасцю, якія пры падтрымцы кампаніі А1 арганізаваў аўтар праекта, актывіст-калясачнік Аляксандр Аўдзевіч.
«Мы пачыналі з адной маленькай кавярні, у якой працавалі ўсяго тры чалавекі, і за паўтара года з падтрымкай А1 змаглі пашырыць бізнес і пайсці ў рэгіёны. У спісе жадаючых працаваць у Брэсце было больш за 70 чалавек, прычым людзі без інваліднасці таксама хацелі далучыцца да нашай каманды, але ў нас у прыярытэце былі інклюзіўныя супрацоўнікі, таму што ім знайсці працу складаней за ўсё. Пасля папярэдняга адбору і асабістай гутаркі пяцёра прайшлі навучанне ў нашых мінскіх кавярнях на Раманаўскай Слабадзе і на Кастрычніцкай плошчы. Двое з іх адважыліся памяняць не толькі працу, але і месца жыхарства», - адзначылі ў кавярні «інклюзіўны барыста ў А1».
«Для кампаніі А1 гісторыя ўдзелу ў праекце «інклюзіўны барыста» пачалася з паста ў Facebook аб першых 5000 кубках кавы, прададзеных ва ўнікальнай кавярні, створанай адмыслова для таго, каб забяспечыць працай людзей з інваліднасцю. Яго прачытаў наш генеральны дырэктар - і вось ужо хутка год як такі пункт працуе і ў цэнтры лічбавых паслуг А1 па вуліцы Інтэрнацыянальнай у Мінску, дапамагаючы людзям з абмежаванымі магчымасцямі сацыялізавацца. Мы рады, што гэтая гісторыя працягвае натхняць і распаўсюджваць прынцыпы грамадства роўных магчымасцяў і інклюзіі у рэгіёны Беларусі. Паспяховы досвед адкрыцця кавярні «інклюзіўны барыста ў А1» у Мінску цяпер спатрэбіцца і ў Брэсце», — адзначылі ў кампаніі А1.
Як і ў мінскіх кавярнях, у брэсцкай установе дэталёва прадумана арганізацыя інклюзіўнай працоўнай прасторы: па праекце архітэктара Таццяны Цярэшчанка ў стойку эрганамічна ўбудаваныя і кавамашына, і вітрына, і каса - усё, каб можна было хутка і зручна абслугоўваць кліентаў. Для напояў ужо падрыхтаваныя фірмовыя шкляначкі з асабістымі гісторыямі персаналу, а з шыльды наведвальнікам усміхаецца дырэктар сеткі «інклюзіўны барыста» Вася Паўлікаў - першы ў Беларусі кіраўнік з сіндромам Дауна.
Выхад праекта ў рэгіёны таксама падтрымаў яшчэ адзін пастаянны партнёр - Альфа-Банк, які забяспечвае сістэму плацяжоў у кавярні. Новая кропка на Варшаўскай шашы ў Брэсце (будынак ГЦ «Еўраопт») будзе працаваць штодня з 9:00 да 21:00.
interfax.by