Замест сметанковага масла немаведама што
Прадалі жыхарцы Бабруйску Валянціне Каваленке ў прыватнай краме «Амега», што на вуліцы імя генерала Паўла Батава.
Як распавяла жанчына карэспандэнту НЧ, яна і раней купляла ў «Амеге» гэты раней невядомы прадукт у 200-грамовым пачку, на якім было пазначана: «Салодкасметанковае
несалёнае сялянскае масла», зробленае на ААТ «Бабуліна крынка», што ў Магілёве. Але на гэты раз спадарыня Валянціна вырашыла высветліць сапраўдную прыроду сумніўнага
прадукта, бо хаця ён і каштаваў 15.600 рублёў за пачак, аднак па свайму колеру, паху і смаку аніяк не нагадваў звычайнае сметанковае масла. Акрамя таго, падазроны прадукт заставаўся мяккім нават
пасля ночы, праведзенай у халадзільніку.
Вось чаму раніцай 16 студзеня жанчына зноў пайшла ў краму, купіла яшчэ адзін пачак гэтага невядомага прадукту і выклікала прадстаўнікоў вытворцы, тым больш што тэлефон
упаўнаважанага «Бабулінай крынкі», каб прымаць водгукі і прэтэнзіі ад пакупнікоў, быў пазначаны на ўпакоўцы. Разам з прадстаўніцаю
Бабруйскага гармалзаводу, што ўваходзіць у склад ААТ «Бабуліна крынка», спадарыня Валянціна накіравалася да загадчыцы крамы, якая вельмі нервавалася, аднак так і не змагла прадставіць
непажаданым наведвальнікам таварна-транспартнай накладной і сертыфікату якасці падазронага сметанковага масла.
Пасля таго, як Валянціне Каваленке вярнулі 31.200 рублёў за прыдбаныя дзве пачкі невядомага прадукту, яна сышла з крамы, а прадстаўніца Бабруйскага гормалзаводу засталася, каб да канца
разабрацца, чаму ў «Амеге» пад выгладам салодкасметанковага сялянскага масла рэалізуецца няведама што, а затым патэлефанаваць
спадарыне Валянціне. Аднак паколькі яна так і не дачакалася званка, зранку 17 студзеня сама патэлефанавала прадстаўніцы Бабруйскага гармалзаводу і даведалася, што падазроны прадукт адпраўлены ў
Магілёў на экспертызу. Затым жанчына паведаміла пра здарэнне ва ўпраўленне ўнутраных спраў Бабруйскага гарвыканкаму. Цікава, што пасля гэтага звароту Валянціны Каваленкі ёй патэлефанавала
прадстаўніца гандлёвага аддзелу «Амегі», якая прапанавала сустрэцца і вырашыць канфлікт, аднак спадарыня Валянціна ад сустрэчы адмовілася.
Каб неяк праверыць невядомы прадукт і, па мажлівасці, выкарыстаць яго, жанчына падсмажыла на ім блінцы для сваёй сабакі. Аднак нават ён адмовіўся частавацца сваёй улюблёнай стравай, спечанай на
гэтым сумніўным прадукце. Сабака толькі пакруціла носам, пакрыўджана паглядзела на гаспадыню і адбегла ад блінцоў, якія прыйшлося выкінуць на сметнік…