Забаўляльны цэнтр у яблыневым садзе. Людзі супраць!
У межах рэкрэацыйнай зоны 333 ЛР, што ў раёне вуліц Гарэцкага-Рафіева на Паўднёвым Захадзе Мінска, улады прапануюць пабудаваць шматфункцыянальны культурна-забаўляльны цэнтр. Мясцовыя жыхары супраць і патрабуюць захаваць іх яблыневы сад.
За месца адпачынку людзі змагаюцца найперш справамі, а пасля і словам. Гэтак, да сустрэчы з Уладзімірам Танкевічам, намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Маскоўскага раёна па абмеркаванні плана дэталёвай планіроўкі раёна, падрыхтаваліся, сабраўшы 670 электронных подпісаў за захаванне ўнікальнай зялёнай тэрыторыі.
Ініцыятарка збору подпісаў Алена Іванюк пачала рабіць справу яшчэ падчас прагулкі па садзе. Жанчына звярталася да яго наведвальнікаў з просьбай паставіць свой подпіс на аркушы. Тады ёй удалося сабраць 262 подпісы, якія далучылі да электронных і разам з пісьмом-прапановай, што сапраўды варта было б зрабіць у садзе, адаслалі ў Адміністрацыі Маскоўскага і Фрунзенскага раёнаў, у Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя.
Неабыякавыя да праблемы жыхары раёну згуртаваліся і ператварыліся ў мясцовых актывістаў. Яны разам са сваімі дзецьмі расклеівалі на пад’ездах дамоў ды прыпынках запрашэнні прыйсці на адкрытую грамадскую сустрэчу з адміністрацыяй раёна, якая адбылася 12 снежня.
Адкрытая грамадская сустрэча Уладзіміра Танкевіча адбылася ў школе №160 горада Мінска.
— Гэта нейкі цынізм — будаваць забаўляльны цэнтр. Таму што тут дзве школы, дзве гімназіі, дзіцячыя сады і дзіцячы дом. Яблыневы сад — наша каштоўнасць. Памятаеце «Вішнёвы сад» Чэхава, які высеклі? З нашым садам спрабуюць зрабіць тое ж самае, — выказалася жыхарка раёна.
Экалагічны даклад па стратэгічнай экалагічнай ацэнцы горадабудаўнічага праекта часткі рэкрэацыйнай зоны 333 ЛР прапануе здаровую альтэрнатыву забаўляльнаму цэнтру — экалагічныя сцежкі ці канатную дарогу над яблыневым садам. Ёсць і нулявы варыянт, які адстойваюць людзі: захаванне існуючай тэрыторыі.
Праектаваная ландшафтна-рэкрэацыйная тэрыторыя зоны 333 ЛР складае 184 га і ўваходзіць у склад Лошыцкай водна-зялёнай сістэмы, якая з’яўляецца прыродным каркасам горада.
Шматфункцыянальны культурна-забаўляльны цэнтр з паркоўкай для машын можа з’явіцца ў парку і прылягаць да вуліцы Рафіева. Дзеля пабудовы прыйдзецца высекчы здаровыя дрэвы і патурбаваць жывёльны свет. Аднак зялёную тэрыторыю ўжо пашкодзілі і без прапануемага ўладамі праекта. Справа ў тым, што напрацягу некалькіх год каля саду ідзе забудова вуліцы Маршала Лосіка, пракладзена шаша, якая злучае мікрараёны «Сухарава» і «Паўднёвы Захад».
На мяжы Маскоўскага і Фрунзенскага раёнаў разгортваецца сапраўдная экалагічная катастрофа. У Сухарава без грамадскага абмеркавання высеклі бярозавы гай, каб пабудаваць паркінг. Дзяніс Драпей, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска, супакойвае людзей. Маўляў, з тэрыторыі, якая знаходзіцца побач, зробяць зону адпачынку. Напэўна, чыноўнік мае на ўвазе акурат яблыневы сад Маскоўскага раёна, у якім прапануюць пабудаваць забаўляльны цэнтр.
Высечаны бярозавы гай. Фотаздымкі 6 снежня зрабіла Таццяна Лабанок.
Бярозы палеглі, але палягуць і яблыні. Бо праз увесь сад пралягае высокавольтная лінія, якую рамантуюць і цяпер. Будаўнічая тэхніка знішчае дрэвы і кусты.
— Наш сад ужо досыць нацярпеўся! Неабходна забараніць любое будаўніцтва ў ім. Іначай паміж двума «каменнымі» мікрараёнамі не застанецца зялёнай зоны. У садзе ж праводзяць заняткі па біялогіі і фізкультуры для школьнікаў. Гадаванцы дзіцячага садка і дзіцячага дома ходзяць сюды на прагулкі, знаёмяцца з жывёльным і раслінным светам. А ён такі разнастайны! Недалёка ад яблыневага саду ёсць балота «Сухарава», якое таксама неабходна зберагчы, — расказала Алена Іванюк.
На думку людзей, яблыневы сад патрабуе максімальнай беражлівасці. Зялёную тэрыторыю даглядае «Зеленбуд Маскоўскага раёна». Аднак ён не заўжды спраўляецца з колькасцю смецця, якое трэба вывезці з саду. Таму мясцовыя жыхары раюць уладам звярнуць увагу на пытанне добраўпарадкавання тэрыторыі праз павелічэнне колькасці сметніц, напрыклад.
— Па дыяганалі яблыневы сад можна абыйсці ўсяго за 8 хвілін. Гэта не настолькі вялікая тэрыторыя, каб будаваць тут паводле плана дэталёвай планіроўкі забаўляльны цэнтр, горад казак з атракцыёнамі, гімнастычны гарадок, «зялёны» тэатр ды іншыя шматлікія аб’екты. Насамрэч, можна абмежавацца альтанкамі, лаўкамі ды workout-пляцоўкай, — кажа Алена Іванюк.
Мясцовыя жыхары-актывісты будуць да апошняга абараняць яблыневы сад. Можна падтрымаць іх на адкрытых грамадскіх сустрэчах з адміністрацыяй Маскоўскага раёна. Адна з іх адбудзецца 18 снежня ў гімназіі №10 на вуліцы Голубева, 29 у 18:30. Наступная сустрэча запланавана на 20 снежня ў СШ №70 на вуліцы Рафіева, 7.
Ціск на журналістаў
Адкрытая грамадская сустрэча Уладзіміра Танкевіча праходзіла ў актавай зале СШ№160. Дырэктарка школы Аляксандра Доўнар была незадаволена на ёй прысутнасцю журналістаў.
Пасля заканчэння сустрэчы прадстаўнікоў СМІ, сярод якіх была карэспандэнтка «Новага Часу», не выпускалі з будынка школы. Выклікалі міліцыю. Вырашыць сітуацыю дапамог Павел Бачарнікаў, дэпутат выбарчага ўчастка №28, які таксама прысутнічаў на сустрэчы.
Відэа аўтаркі