«За шматгадовую плённую працу». Вядомая па палітычных справах пракурор Касьянчык атрымала падзяку ад Лукашэнкі

Аляксандр Лукашэнка ўручыў узнагароды і падзякі больш за 60 прадстаўнікам розных сфер, паведамляе прэс-служба.

k6_210218_8n9s9.jpg

Сярод узнагароджаных — старшы памочнік пракурора Фрунзенскага раёна Мінска Аліна Касьянчык.

Яна атрымала падзяку за «шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, высокія паказчыкі ў службовай дзейнасці па забеспячэнні законнасці, умацаванні правапарадку і барацьбе са злачыннасцю».

Аліна Касьянчык была дзяржабвінаваўцай па справе журналістак «Белсата» Кацярыны Андрэевай і Дар'і Чульцовай, нагадвае «Наша Ніва». Яны былі асуджаныя на два гады калоніі за стрым з «Плошчы Перамен». Таксама яна брала ўдзел у судзе па справе аб надпісах «Не забудзем» ля месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага на Пушкінскай.

Затым яна выступіла ў якасці пацярпелай па крымінальнай справе ў дачыненні да 33-гадовай мінчанкі Вольгі Сінялёвай, якая адмовілася здаваць ёй кватэру. Жанчыне далі два гады хатняй хіміі.

У чэрвені Касьянчык трапіла ў еўрапейскі санкцыйны спіс.