За «абразу» былога начальніка ГУБАЗіК Карпянкова — паўтара гады «хатняй хіміі»
6 мая ў Маскоўскім судзе Брэста абвясцілі прысуд Сяргею Зубовічу. Суддзя Вера Філонік прызнала яго вінаватым паводле арт. 369 КК РБ «абраза прадстаўніка ўлады» і прызначыла пакаранне ў выглядзе 1 года і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову (колькі і запытвала дзяржабвінаваўца Ціхановіч).
Тэлеграм-канал «Вясна/Брэст» піша, што паводле абвінавачання, Сяргей Зубовіч 23 верасня 2020 пакінуў «каментар абразлівага характару» ў тэлеграм-чаце «Брэст 97%». У справе меліся вынікі экспертызы, што ў тэксце паведамлення «змяшчаецца негатыўная ацэнка Карпянкова Мікалая Мікалаевіча».
Нагадаем, што Карпянкоў на той момант узначальваў ГУБАЗіК,
цяпер ён займае пасаду намесніка міністра МУС. За свае маральныя пакуты
Карпянкоў заяўляў пазоў на 1 000 рублёў (пазоў затым быў адкліканы, бо
падчас суда Зубовіч добраахвотна заплаціў патрабаваную суму).
Абвінавачаны цалкам прызнаў віну, прасіў суд прыняць пад
увагу змякчальныя абставіны: наяўнасць на ўтрыманні дзяцей, пакрыццё шкоды. У выніку суд прызначыў яму паўтара
гады «хатняй хіміі», а таксама пастанавіў канфіскаваць у даход
дзяржавы мабільны тэлефон маркі Samsung як сродак здзяйснення злачынства.
Паводле «Вясны».