З-за пандэміі ў Беларусі адключэнні гарачай вады перанясуць
З-за пандэміі ў Беларусі перанясуць адключэнні гарачай вады на больш позні тэрмін. Пра гэта паведаміў першы намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Трубіла.
— Паводле пастановы мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў будзем рэкамендаваць, каб травеньскія адключэнні перанеслі на больш позні тэрмін, напрыклад, на верасень, — паведаміў першы намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Трубіла.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што ў цэлым прафілактычныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы да ацяпляльнага перыяду павінны праводзіцца — гэта залог бяспекі зімой.
Нагадаем, на сайце «Мінскэнерга» ўжо апублікавалі спіс дамоў, дзе плануюць адключыць гарачае водазабеспячэнне з 11 траўня. Але на днях з'явілася петыцыя, у якой грамадзяне прасілі перанесці адключэнні з-за пандэміі.
«Адсутнасць гарачай вады перашкодзіць многім людзям выконваць гігіенічныя працэдуры ў дастатковым аб'ёме. Відавочна, што частае мыццё рук, купанне і мыццё ў халоднай вадзе з'яўляюцца стрэсагенным фактарам, які можа негатыўна адбіцца на самаадчуванні», — адзначылі аўтары звароту.
Паводле tut.by