З Менскага электратэхнічнага заводу звольнілі 25 чалавек
Гэта тыя супрацоўнікі, якія прымалі ўдзел у страйку, піша Радыё Свабода са спасылкай на БелаПАН.
Пра гэта паведаміў былы вядучы інжынэр прадпрыемства Віталь Чычмароў.
«Мяне таксама звольнілі з сённяшняга дня. У мяне больш за 20 гадоў стажу працы на прадпрыемстве. Я даведаўся пра звальненне, знаходзячыся ў адпачынку. Афіцыйная прычына — нанясенне шкоды прадпрыемству, неафіцыйна — мая пазыцыя ў дачыненні да забастоўкі, да таго, што адбываецца ў краіне», — расказаў Чычмароў.
Пасля заканчэння ўльтыматуму Ціханоўскай 26 і 27 кастрычніка некаторыя работнікі МЭТЗ абʼявілі забастоўку.
Раней генеральны дырэктар МЭТЗ выдаў загад пра забарону забастовак, мітынгаў і сходаў на прадпрыемстве.
Работнікі электратэхнічнага заводу пасля выбараў правялі мітынгі, падчас якіх заявілі пра нязгоду з абʼяўленымі ўладамі вынікамі і запатрабавалі спыніць гвалт сілавікоў у дачыненні да грамадзянаў.
11 жніўня на прадпрыемстве прайшоў стыхійны мітынг з удзелам прыкладна 150 чалавек.