З’явіўся новы спіс беларускіх медыкаў, якія памерлі падчас пандэміі. У ім больш за 100 імёнаў

Доктар медыцынскіх навук Святлана Сарокіна на сваёй старонцы ў Facebook апублікавала спіс медыцынскіх работнікаў, якія памерлі за час пандэміі каронавірусу COVID-19.

533a8b1f676b28d5c549678d88720488.jpeg


У спісе ўжо больш за 100 імёнаў, у каментарах да допісу людзі працягваюць пісаць вядомыя ім імёны загінулых медыкаў, перадае Радыё Свабода.

Святлана збірала дадзеныя з красавіка 2020 года. Як удакладніла яна, інфармацыю ёй дасылалі калегі, родныя і сябры загінулых, частку яна брала з паведамленняў СМІ, таксама ёй пісалі ў доктарскіх чатах, «таму ёсць імёны без прозвішчаў». Паводле Святланы, «спіс, безумоўна, няпоўны: у ім імёны толькі тых загінулых, калегі ці родныя якіх вырашыліся агучыць інфармацыю».

У спісе ёсць вядомы нейрахірург Арнольд Смеяновіч, які правёў велізарную колькасць аперацый на адкрытым мозгу, адзін з лепшых траўматолагаў-артапедаў краіны Віктар Волкаў, галоўны пазаштатны нейрахірург Гомельскай абласной бальніцы Алег Гаўрушка, галоўны патолагаанатам Гродзенскай вобласці Міхаіл Зубрыцкі, загадчык кафедры отарыналарынгалогіі Віцебскага медуніверсітэту Уладзімер Куніцкі і іншыя.

Міністэрства здароўя Беларусі не публікавала статыстыку смерцяў ад COVID-19 сярод медработнікаў. Паводле афіцыйнай статыстыкі Мінздароўя, агулам ад пачатку эпідэміі ў Беларусі ад каронавірусу памёр 1461 чалавек.

Учора аналагічны спіс апрылюдніў тэлеграм-канал медыкаў «Белыя халаты. News». У ім было 94 прозвішчы.