З філармоніі пасля прэм'еры звольнілі кампазітарку Ларысу Сімаковіч

31 кастрычніка ў Ларысы Сімаковіч быў апошні працоўны дзень у Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Яна выйшла на сцэну, дзе гучаў яе новы твор — космамістэрыя «Край», паведаміла «Свабода».

05e00000_0a00_0242_30a0_08d9a058e15d_cx0_cy20_cw0_w1023_r1_s_1.jpg

У пятніцу, 29 кастрычніка, Ларысе Сімаковіч аддалі працоўную кніжку.

Паводле слоў кампазітаркі, намеснік гендырэктара Андрэй Лапцёнак паведаміў, што з ёю не працягваюць кантракт «па ўзросце».

«У мяне скончыўся кантракт, які раней працягвалі некалькі гадоў без праблем. І раптам нечакана, хоць я магу здагадвацца пра нейкія рэальныя прычыны, намеснік гендырэктара сказаў, што „па прычыне ўзросту“. Калі я запыталася, ці ёсць да мяне прафесійныя пытанні, намеснік адказаў упэўненым „Не!“», — расказала Сімаковіч «Свабодзе».

Ларыса Сімаковіч за 13 гадоў працы ў філармоніі паставіла 11 спектакляў, адкрыла новыя жанры для беларускага харавога мастацтва. Яна з 1992 года сябра беларускага «Саюза кампазітараў».

Апроч дзейнасці ў якасці прафесійнага кампазітара, Ларыса Сімаковіч працавала на палову стаўкі вядучым рэдактарам у медыйных структурах філармоніі. Яна складала анонсы і музычныя праграмкі для гледачоў. Паводле Ларысы, за амаль 13 гадоў працы ў філармоніі яна аніводнага прадукта не  выдала на рускай мове, а толькі на беларускай.

«Хоць у філармоніі пераважае руская мова. На сённяшні дзень там не засталося аніводнага чалавека, які б валодаў у той меры беларускай мовай, як валодаю я. І калі я спыталася адносна таго, што аніводнага беларускамоўнага ў філармоніі не застаецца, той жа намеснік дырэктара адказаў: „Ну, как-то!“ Для мяне стала ясна, што беларуская мова для гэтага чыноўніка не ёсць духоўнай каштоўнасцю, — кажа Ларыса Сімаковіч. — Я думаю, што гэта адна з першых прычын, бо беларуская мова сёння маркер, абазначэнне пазіцыі чалавека. Гэта было пры камунізме і пазней».

Ларыса Сімаковіч сказала, што цяпер шукае працу, «каб не думаць пра грошы, а пра творчасць».

Ларыса Сімаковіч вядомая як кампазітар, балетмайстар, мастацкі кіраўнік фальклорнага тэатру «Госціца» і рэжысэр-пастаноўшчык, а да таго ж танцорка і спявачка.