Выстава пра Курапаты мусіць быць пастаяннай

Выстава “Праўда пра Курапаты”. Факты, дакументы, сведчанні” запатрабаваная грамадствам і мусіць мець сталую экспазіцыю ў Мінску.



Такое меркаванне выказаў  адзін з апошніх наведнікаў экспазіцыі, 26-гадовы сталічны прадпрымальнік Станіслаў.

Пра выставу ўжо шмат напісана. Хацелася б і мне як яе куратару таксама сказаць колькі словаў.

Упершыню ў найноўшай гісторыі Беларусі мы з сябрамі з грамадзянскай ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў” разам з творцамі суполкі “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў, пры падтрымцы іншых структураў грамадзянскай супольнасці (“Хрысціянскай злучнасці “Курапаты”, Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, “Дыярыушу”, электроннага архіву “Вытокі”, прафсаюзу РЭП, Арт Сядзібы і Асамблеі недзяржаўных дэмакратычных арганізацый Беларусі) змаглі падрыхтаваць такую выставу і, на дзіва, ажно чатыры дні (з 14 па 17 лістапада ўключна) здолелі экспанаваць яе ў галоўнай галерэі краіны — сталічным Палацы мастацтва. Вялікую ролю ў гэтым адыгралі, у тым ліку, і “пагонічы” — выбітныя беларускія мастакі Аляксей Марачкін, Мікола Купава і Генадзь Драздоў, якія звярнуліся да сябраў рады БСМ і ягонага старшыні Рыгора Сітніцы з просьбай, каб выстава адбылася менавіта на гэтай прэстыжнай пляцоўцы. І атрымалі поўную падтрымку.

У гэтай сітуацыі дзяржава паводзіла сябе так, як яна і павінна сябе паводзіць, — амаль нейтральна (за выключэннем захадаў, што прывялі да зняцця з экспазіцыі шэрагу твораў выяўленчага мастацтва і здымкаў). З іншага боку, улады самі павінны былі даўно ініцыяваць такую выставу і нават музейную экспазіцыю.

Бо афіцыйна Курапаты ахоўваюцца дзяржавай, а разам з Чарнобылем адкрыццё праўды пра Курапаты стала магутным матывам той хвалі беларускага нацыянальнага і дэмакратычнага адраджэння, у выніку якой была адноўленая дзяржаўная незалежнасць Беларусі.

Выстава выканала сваю галоўную задачу — нагадаць людзям, і асабліва нашай моладзі, гісторыю Курапатаў за апошнія 27 гадоў з моманту адкрыцця гэтага жудаснага месца масавага забойства бязвінных ахвяраў сталінізму. Пра гэта сведчыць увага грамадства да экспазіцыі. Толькі за чатыры дні яе паглядзелі больш за дзве тысячы наведвальнікаў. Прытым з вялікай зацікаўленасцю. На выставу прыводзілі вучняў школьныя настаўнікі і яўна не па разнарадцы, а з поклічу сэрца і абавязку сапраўднага педагога.

Была выканана амаль уся праграма выставы, што ўключала дэманстрацыю дакументальна-публіцыстычных стужак Міхася Жданоўскага “Дарога на Курапаты” і Вольгі Мікалайчык “Я — голас Курапатаў”, выступ беларускіх бардаў Аляксея Галіча і Змітра Захарэвіча, а таксама прэсавую канферэнцыю для журналістаў. З-за тэхнічных праблем не ўдалося ўвесці ў кантэкст творчай акцыі аўдыёзапісы ўспамінаў 20 асобаў пра гісторыю Курапатаў, сярод якіх аповеды паэта і публіцыста Анатоля Вярцінскага, археолагаў Міколы Крывальцэвіча і Алега Іова, праваабаронцы  і літаратуразнаўцы Алеся Бяляцкага, журналіста Генадзя Барбарыча, мастака Міколы Купавы, палітыка Вячаслава Сіўчыка, грамадскіх актывістаў Ганны Шапуцькі і Алеся Макава, даследчыкаў гісторыі сталінскіх рэпрэсій Ігара Кузняцова і Леаніда Маракова, кінадраматурга Уладзімера Халіпа і скульптара Алеся Шатэрніка. У кожным разе, наведнікі пакінулі пра выставу дзясяткі запісаў з падзякай і асабістымі просьбамі, заўвагамі і прапановамі. Мы ўважліва прачытаем і скарыстаем гэтыя парады для ўдасканалення выставы на будучыню.

Многія наведнікі прасілі нас заняцца пошукам імёнаў курапацкіх ахвяраў і зрабіць выставу больш працяглай. А некаторыя — як дачка рэпрэсаванага, былая настаўніца гісторыі адной са сталічных школаў, а зараз пенсіянерка, мінчанка Ніна Мікалаеўна Масаловіч, якая так і не паспела са сваёй дачкой і ўнучкай пазнаёміцца з экспазіцыяй, — звярнуліся з такой просьбай  да адміністрацыі Палаца мастацтваў.

Вось чаму ў бліжэйшыя дні на адной з невялікіх сталічных пляцовак мы зноў пакажам гэтую выставу людзям. Затым яна будзе пашырана і паглыблена, пачне вандраваць па краіне, яе электронная версія з'явіцца ў інтэрнэце. Праз год зноў плануецца дэманстрацыя “Праўды пра Курапаты” у Палацы мастацтваў. На гэты раз, спадзяемся, экспазіцыя зойме большую прастору і працягнецца некалькі тыдняў. Тым больш, што восенню 2016-га ў абноўленай выставе мы мяркуем даць вынікі Нацыянальнага конкурсу на лепшую ідэю мемарыялізацыі Курапатаў, запланаванага на наступны год.

Што тычыцца ўзнаўлення імёнаў курапацкіх ахвяраў, дык гэты напрамак разам з судамі ў абарону Курапатаў і распаўсюдам ведаў пра нацыянальны некропаль застанецца прыярытэтам для нашай грамадзянскай ініцыятывы.

Спадзяемся, што нашая выстава стане адным з каменьчыкаў будучага Музея ахвяраў сталінізму, што бачыцца каля саміх Курапатаў.

Сама выстава — падзея ўнікальная, бо зладжана ўпершыню. Прычым разам з сябрамі мы адказваем за яе змест свамі імёнамі і рэпутацыяй. Сярод тых, хто спрычыніўся да падрыхтоўкі выставы, — археолагі, архівісты, архітэктары, гісторыкі, грамадскія дзеячы, журналісты, музыкі, пісьменнікі, фота- і кінамайстры, родзічы ахвяраў рэпрэсіяў, юрысты.

Так, археолагі Валянціна Вяргей, Мікола Крывальцэвіч і Алег Іоў не толькі забяспечвалі навуковае суправаджэнне экспазіцыі, але і паспрыялі ўвядзенню у яе кантэкст мапы западзінаў — мажлівых пахаванняў ва ўрочышчы, шэрагу замежных выданняў даследаванняў айчынных навукоўцаў ў Курапатах.

Сям’я даследчыка трагедыі ва ўрочышчы, журналіста Яўгена Гарэліка дала магчымасць упершыню дэманстраваць старонкі з яго працоўнага архіву; юрыстка Тамара Сяргей не толькі забяспечвала прававое суправаджэнне экспазіцыі, але і падрыхтавала для яе шэраг дакументаў з судовых справаў у абарону народнага мемарыялу. Дзякуючы высілкам многіх спецыялістаў мы змаглі ўпершыню пазнаёміць людзей з гісторыяй звужэння ахоўнай зоны гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння, якой з’яўляюцца Курапаты. А праз намаганні народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча, архітэктараў Вадзіма Глінніка і Рамана Забэлы на выставе таксама ўпершыню з’явіліся матэрыялы пра першы конкурс на лепшы праект помніка ў Курапатах 1993 году. Грамадскі дзеяч Сяргей Мацкевіч распавёў пра лёс свайго дзеда — Сільвестра Мацкевіча, якога расстрэльвалі ў Курапатах у першыя дні германа-савецкай вайны, але не забілі. З архіваў Уладзімера Кармілкіна і Георгія Ліхтаровіча ў экспазіцыю увайшлі рэдкія фота, а археолаг Мікола Крывальцэвіч перадаў гістарычны здымак пакуль невядомага аўтара пра сустрэчу ў Курапатах 15 снежня 1994 году беларускіх навукоўцаў з прэзідэнтам ЗША Білам Клінтанам. 

Трэба мець на ўвазе, што многія з гэтых пісьмовых і выяўленчых крыніц у сваіх копіях упершыню дэманстраваліся перад шырокай публікай. 

Мастацкая частка выставы сваім эмацыйным пасылам да людзей не менш важная за дакументальныя матэрыялы. Упершыню экспанаваліся многія працы беларускіх мастакоў, адмыслова створаныя для выставы. Гаворка ідзе пра палотны, інсталяцыі і скульптуры Генадзя Драздова, Віктара Мікіты, Лявона Грышука і Гэніка Лойкі. Так, Генадзь Драздоў з аўтэнтычных артэфактаў зрабіў інсталяцыю – прысвячэнне Курапатам, Гэнік Лойка паўтарыў сваю гістарычную інсталяцыю, што запомнілася наведнікам урочышча падчас першай масавай акцыі ў Курапатах 19 чэрвеня 1988 году. Дарэчы, гэты нетрывалы твор з пап’е-машэ пасля выставы знайшоў сваё месца ў Курапатах. Апроч таго, менавіта для вернісажу скульптар вылепіў пластычную кампазіцыю — прысвячэнне трагічнаму лёсу выбітных дзеячоў беларускага нацыянальнага адраджэння Францішка Аляхновіча і Браніслава Тарашкевіча. Свае творы з курапацкай тэматыкі таксама паказалі  Аляксей і Ігар Марачкіны, Эдуард Агуновіч, Генадзь Мацур, Алесь Пушкін, Усевалад Свентахоўскі і Алесь Цыркуноў. Усе гэтыя працы надалі экспазіцыі мастацкую асэнсаванасць і непадробнае эмацыйнае гучанне.  

У дакументальную частку выставы ўвайшлі здымкі, што адлюстроўваюць дзейнасць ва ўрочышчы актывістаў розных грамадскіх ініцыятываў і партый, у тым ліку КХП-БНФ, “За ўратаванне мемарыялу Курапаты”, аргкамітэтаў Руху салідарнасці “Разам” і партыі БХД, арганізацый нацыянальных супольнасцяў. 

Асобна хацелася б адзначыць унёсак сяброў ініцыятывы Валянціны Вяргей, Валянціны Свяцкай, Зінаіды Тарасевіч і Алеся Макава, якія забяспечвалі арганізацыйны аспект выставы, а таксама грамадскіх дзеячоў мастацтвазнаўцы Вацлава Арэшкі і філолага Вінцука Вячоркі, якія сваім ведамі, досведам, а таксама матэрыяламі з уласных архіваў забяспечылі планаванне і падрыхтоўку экспазіцыі

Нават 86-гадовы старшыня “Хрысціянскай злучнасці “Курапаты” Вацлаў Нямковіч, нягледзячы на свой паважаны ўзрост, да апошняй хвіліны прысутнічаў на выставе, чым падбадзёрваў і падтрымліваў усіх яе ўдзельнікаў.

Асаблівая падзяка журналістам Галіне Абакунчык (Беларуская служба Радыё Свабода), Генадзю Барбарычу (Беларускае Радыё Рацыя) і Захару Шчарбакову (інфармацыйнае агенцтва БелаПАН), якія добра ведаюць тэму Курапатаў і ў сваіх матэрыялах аб’ектыўна і рупліва інфармавалі грамадства пра падрыхтоўку і правядзенне выставы.

Усім гэтым людзям вялікі дзякуй за зробленае. Маем надзею, што экспазіцыя “Праўда пра Курапаты”  будзе пашырацца. Яна патрэбная беларусам дзеля абуджэння гістарычнай памяці, фармавання нацыянальнай свядомасці, дзеля праўды пра наш беларускі некропаль, дзе ляжаць лепшыя сыны і дачкі Бацькаўшчыны. Дзеля таго, каб Курапаты ніколі не паўтарыліся на нашай зямлі.

Фота аўтара