TEDxNiamiha: ідэі, якія мяне натхнілі!
Кожны мае свае шляхі і правераныя спосабы, каб натхняцца і матывавацца, натхняць і матываваць. Камусьці дастаткова для гэтага пасмакаваць бельгійскіх чакалядных цукерак з белай гарбатай, камусьці наведацца на трэніроўку, камусьці — паслухаць Deep Purple ці Крамбамбулю, альбо завесці новы раман, камусьці — паехаць у Парыж ці на Родас альбо хаця б у Вільню ці Кіеў, а камусьці — папросту апынуцца ў кампаніі прыемных цэльных асобаў, што вераць у свае мары і мэты.
Я ж, прыкладам, у часы браку матывацыі з прыемнасцю гляджу ангельскамоўных аратараў TED I TEDx. Як і шмат хто з маіх калегаў. Ад нядаўна на ратаванне і радасць землякоў, што вагаюцца паміж стомай і дэпрэсіяй, — канферэнцыя праходзіць і ў Беларусі.
TED (абрэвіятура ад ангельскага: Technology Entertainment Design — Тэхналогіі, Забавы, Дызайн) — прыватны некамерцыйны фонд у ЗША, вядомы першым чынам сваімі штогадовымі канферэнцыямі, якія праводзяцца з 1984 года ў Мантэрэі (Каліфорнія, ЗША). З 2009 года праходзіць у Лонг-Бізун (Каліфорнія, ЗША). TEDx з'яўляецца праектам TED, якія дазваляюць асобным людзям ці групам людзей у розных краінах, гарадах, універсітэтах, супольнасцях арганізаваць незалежныя канферэнцыі ў стылі TED. Канферэнцыя TEDx з'яўляецца незалежным мерапрыемствам, якія праводзяцца па ліцэнзіі TED. Гісторыя TEDx у Беларусі пачынаецца ў 2009 года. Тым часам была атрымана ліцэнзія на правядзенне TEDxMinsk. За 5 гадоў было праведзена 7 лакальных падзей TEDx. У снежні 2013 года прайшоў першы «жывы» TEDxMinsk з беларускімі спікерамі. Мерапрыемства наведала 100 чалавек, відэа-выступу прагледзела больш за 10 тысяч чалавек. Пазней, у 2014 адбыўся — TEDxNiamiha у Менску і TEDxYouth@Hrodna ў Гародні, і літаральна ўчора, 21 лістапада 2015, прайшоў TEDxNiamiha.
21 лістапада на TEDxNiamiha выступілі дзевяць спікераў, якіх слухалі сто гледачоў у перапоўненай зале сталічнага каворкінга IMAGURU. Ліміт прысутных быў звязаны з абмежаваннем афіцыйнай ліцэнзіі TEDx, якую атрымалі арганізатары. У наступным годзе Іна Карней, натхняльніца і куратар праекта ў Беларусі, спадзяецца атрымаць ліцэнзію на 300, а пасля і на 1000 месцаў. Квіткі на мерапрыемства, па словах вядоўцы Аляксандра Гаўрылава, былі раскупленыя за 12 хвілін — роўна столькі, колькі ў сярэднім і доўжыліся прамовы выступоўцаў. У суседняй залі аматары TEDx, якім не пашчасціла трапіць на жывыя выступы, маглі далучыцца да іх анлайн трансляцыі. Імпрэза доўжылася больш за 3 гадзіны, плюс паўгадзінная камунікацыйная кава-паўза. Зрэшты, далучыцца да анлайну можна было і папросту праз сеціва з дому. Праўда, якасць відэа і падача сігналу цягам трансляцыі не былі аднолькава дасканалымі, але з кожным годам арганізатары прыкладаюць намаганні, каб забяспечыць усё лепшую і лепшую магчымасць для агляду імпрэзы анлайн.
Яшчэ летась да мяне звярнулася ліцэнзіятка TEDxNiamiha у Беларусі Іна Карней, аматарка сальсы, маці чатырох прыўкрасных дзяцей, чалавек самадастатковы і апантаны ва ўсіх сэнсах, з прапановай стаць прамоўцам на канферэнцыі. Тады я не змагла, бо была ў працоўнай камандзіроўцы, а гэтым разам вырашыла, прынамсі, паглядзець, каб ацаніць спецыфіку беларускага фармату і яго адрознасць ад амерыканскага і еўрапейскага, каб арыентавацца на будучы выступ. І не памылілася.
Першая прамова была напраўду захапляльнаю і ўзорнаю — жывая, драматургічна вывераная, аздоблены мультымедыйным шэрагам. Генетык Ганна Казлова нязмушана, весела і з веданнем справы апавядала пра важнасць стварэнне генна-мадыфікаванага ласося, і як дзякуючы генетычным аналізам можна даведацца, як сальса ці фітнес табе дапамогуць пахудзець і як па тэмпераменце партнёр табе пасуе для сужэнства. Пераход ад лячэння пігулкамі хваробаў да персаналізаванай медыцыны і лекавання непасрэдна асобы — перспектыўная справа і напраўду рэвалюцыйная. У яе хочацца верыць. Прыкладам, з яе карыстаецца Анджаліна Джалі — і прэвентыўна зрабіўшы аперацыю па выдаленні малочных залозаў, дажыве да 80 гадоў, а не памрэ ў 50, як яе родныя па кудзелі. Цяпер я з нецярпеннем чакаю ад Ганны адказу на свой ліст з просьбай спраўдзіць кошты і магчымасці такіх аналізаў у Менску — пайсці на лаціну ці на тайскі бокс, каб мець сілы і здароўе на максімальна эфектыўную рэалізацыю на тэрыторыі Балотных Ялінаў.
Адчувалася, што для кожнага са спікераў — выступ на канферэнцыі быў асабістай перамогай. Для кагосьці над сабой, для кагосьці — над сваімі страхамі і пераадоленнямі (як для Наталлі Кулінковіч, якая перажыла хатні гвалт, здолела выйсці з яго і цяпер сама дапамагае ў арганізацыі “Радзіслава” жанчынам, што маюць патрэбу ў дапамозе. Нават тэхнічныя накладкі не здолелі зменшыць моцы ўражання ад яе прызнанняў). Для кагосьці — ён быў папросту даўняй жаданай марай і новым бонусам у СV. У гэтым, бадай, і адна з важных задачаў, каб матываваліся не толькі слухачы, але і спікеры. Больш за тое — у еўрапейскай версіі канферэнцыі нават гледачы не могуць узяць і набыць квіток. Тамака — закрыты фармат. І кожны з прысутных мусіць давесці неабходнасць прысутнічаць на выступах матывацыйным лістом. І гэта слушна. Больш цэніцца, мацней уздзейнічае. І практычнае прымяненне — больш матываванае.
Добра, што можна вучыцца як на ўдалых выступаў калегаў, так і на іх памылках. Напрыклад, стала зразумела, што для беларускую аўдыторыю ўздзейнічае не тое ж, што працуе, прыкладам, у ЗША. Беларусаў не кранае пафас і завучанасць. Таму напраўду феерычны аповед разняволенага маладога супрацоўніка музея Мікіты Моніча робіць уздзеянне мацнейшае, чым часам прызнанне ў асабістай трагедыі ці прарыў у эфектыўнай працы над уласным домам. Таксама стала практычна зразумела і бачна, што не заўсёды добры лектар — добры аратар. Часам павольныя, удумлівыя прамовы за ўніверсітэцкай кафедрай — напраўду змушаюць слухаць прафесара, а калі ў сціслыя тэрміны прамоўца выкладае па адным-два сказы ў хвіліну без якой-кольвек сэнсоўнай візуалізацыі і энергетычнага пасылу — гэта цяжка і крыху нудна. Асабліва, калі ты не аўдыал, а, прыкладам, візуал.
Таксама для сябе адзначыла, што не заўсёды чалавек, які зрабіў крутыя дасягненні ў жыцці і перамог сябе, можа пра іх крута расказаць. Часам робіцца неяк крыху няёмка і шкада, хаця і тое не касуе чалавечага захаплення. Прыкладам, можна прыхіліцца перад параалімпійскай чэмпіёнкай Людмілай Ваўчок, але гэта хутчэй гісторыя ўласнага пераадолення, як прыклад мужнасці і сілы. Але тут няма так званага рэцэпту, якога так прагне аўдыторыя, тут ёсць прыклад — высокі, круты, валявы, найчасцей — недасяжны. Наколькі ж важна аратару, апроч усіх практычных навыкаў і уласных пераадоленняў умець бачыць перадусім аўдыторыю, адчуваць яе, чараваць і, магчыма, нават па-добраму маніпуляваць. Як псіхолаг Алена Лугаўцова, чыя прамова асабіста для мяне аказалася, бадай, найбольш блізкай. Яна вучыла мастацтву… марыць. Не абмяжоўваць свае мары магчымасцямі, што маеш на сёння, а марыць — па-вялікаму, на злом галавы, моцна. Занатоўваць свае мары, дзяліцца імі, матэрыялізаваць іх. Таксама пацешным, лёгкім і практычна карысным падаўся выступ Максіма Барысава, які, зрэшты, і вучыў усіх нас крэатыўным, нянудным, лёгкім прэзентацыямі, якія зрабіць не так і складана, кіруючыся яго падказкамі.
Ідэя сама па сабе мала чаго вартая, калі яна не ўвасабляецца. Спікеры TEDxNiamiha 2015 акурат прадэманстравалі і паказалі, як жа лепей, прасцей і прыемней — свае ідэі уцялесніваць у жыццё, каб змяняць свет да лепшага. Недарэмна тэмай TEDxNiamiha ў гэтым годзе гучала як «Змены, якія змяняюць нас». Менавіта гэта і ёсць місіяй канферэнцыі — агучыць ідэі, якія вартыя распаўсюду.
30 добраахвотнікаў і валанцёраў у камандзе Іны Карней стварылі інтэлектуальную утульную прастору на гэтыя чатыры гадзіны, каб мы пачулі ўражвальныя гісторыі годных людзей, займелі рэцэпты, як лепей атрымаць жаданае і рэалізаваць задуманае ў псіхалогіі, экалогіі, архітэктуры, генетыцы, грамадстве, спорце і інш., каб пашырыць сваё мысленне і крышачку наблізіць Беларусь да будучыні і радасці, якую заўжды атрымліваеш на шляху да здзяйснення сваіх мараў. Дзякуй.
Асабіста я атрымала прапанову ад арганізатараў на наступным беларускім TEDx расказаць пра нашу культуру. І зрабіць гэта па-беларуску. Бо акурат мова і культура — тое, чаго невымоўна бракавала ўчорашняй імпрэзы, з чым яна стане яшчэ выдатней у будучыні. Бо сваё варта рабіць па-свойму.