«Вы не суд, а сталінская тройка. Даць адпор бандыту — гонар для грамадзяніна»
7 чэрвеня у судзе Маскоўскага раёна Брэста пачаўся працэс па справе Паліны Шарэнда-Панасюк, актывісткі «Еўрапейскай Беларусі». Жанчыне пагражае да 6 гадоў калоніі. «Наша Ніва» распавядае, што адбываецца ў судзе.
Прыкладна палова з тых, хто прыйшоў падтрымаць Паліну, не змаглі трапіць у залу суда — не хапіла месцаў. Праўда, сваякоў пусцілі. Падтрымаць жонку прыйшоў яе муж Андрэй, які знаходзіцца пад хатнім арыштам — на яго заведзеныя дзве крымінальныя справы.
Да таго ж, па новай судовай модзе міліцыянты катэгарычна забаранілі здымаць нават перад пачаткам пасяджэння.
Акрамя таго, на ўваходзе ва ўсіх патрабавалі выключыць мабільныя. Магчыма, гэта наступства таго, што відэа з суда, дзе палітвязень Латыпаў рэзаў сабе горла, аказалася ў сеціве праз лічаныя хвіліны.
На Паліну Шарэнда-Панасюк завялі аж тры крымінальныя справы: паводле арт. 364 КК («Гвалт альбо пагроза выкарыстання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных спраў»), арт. 368 («Абраза прэзідэнта») і арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»). Максімальнае пакаранне — да 6 гадоў пазбаўлення волі.
Пацярпелымі па справе праходзяць аж 7 міліцыянтаў.
«Устаньце, калі ласка», — заклікалі ўсіх, калі ў залу ўвайшоў суддзя.
«Перад бандытамі не ўстаю», — адказала абвінавачаная.
«Мусіце даваць паказанні стоячы, інакш я магу вас выдаліць», — папярэдзіў суддзя.
Пасля гэтага жанчына ўсё ж устала.
Паліна Шарэнда-Панасюк замужам, маці дваіх непаўналетніх дзяцей (хлопчыкі 5 і 12 гадоў). Працуе рэпетытарам, раней судзімасцей не мела.
«З якога дня пад вартай?» — спытаў суддзя.
«Захопленая ў палон 3 студзеня», — адказала жанчына.
Увогуле яна не столькі адказвала на пытанні, колькі абуралася тым, што адбываецца і сітуацыяй у краіне.
«Я вас не лічу судом. Палітычныя рэпрэсіі нічога агульнага з судом не маюць», — неаднаразова паўтарыла яна.
«Хочаце заявіць адвод саставу суда?» — спытаў суддзя ў Паліны.
«Вы не суд».
«Па якіх прычынах?»
«Сталінская тройка, палявая жандармерыя, але вы не суд».
«Вы заяўляеце мне адвод?» — спытаў суддзя.
«Заяўляю ўсёй сістэме», — быў адказ. Пасля Шарэнда-Панасюк яшчэ некалькі разоў паўтарыла — вы не суд. І дадала: «Я ўстаю толькі таму, што да мяне могуць прымяніць гвалт, як яго прымянялі ў СІЗА».
Пасля суддзя выйшаў, каб прыняць рашэнне аб адводзе самога сябе. Вынік чаканы — хадайніцтва аб адводзе адхіліць.
Адвакат папрасіў змяніць Паліне меру стрымання на падпіску аб нявыездзе. Пракурор не падтрымаў. Суддзя адхіліў гэтае хадайніцтва.
У моманты, калі да яе персанальна не звярталіся, Паліна паказальна чытала нейкую кніжку.
Затым зачыталі абвінавачанне: 29 снежня, маючы намер наўмысна абразіць двух міліцыянтаў патрульна-паставой службы, жанчына размясціла ў тэлеграм-канале «Брэст: чуткі і факты» відэаролік, дзе з нецэнзурнай лексікай называла двух міліцыянтаў карнікамі і фашыстамі.
Гэтае відэа яна зняла падчас затрымання яе мужа 29 снежня 2020 года.
Таксама падчас агляду жылля жанчына абразіла 4 міліцыянтаў. Некаторыя абразы пракурор зачытаў, цэнзуруючы мацюкі: «міліцыя, ідзіце на х…», «прастытуткі», «курвы», «пайшоў на х… са сваімі следчымі дзеяннямі», «бандыты бандыцтвуюць» і гэтак далей.
Акрамя таго, падчас агляду Шарэнда-Панасюк плюнула ў твар аднаму з сілавікоў і выказала яму: «Лукашысты чортавы». Затым нанесла сілавіку ўдар у вобласць левага пляча.
Там жа іншаму міліцыянту сарвала маску з твару, падрапаўшы твар каля носа. Яму ж сказала: «С…ка лукашысцкая!»
Там жа выказвала ў адрас прэзідэнта абразы з выкарыстаннем нецэнзурнай лексікі. Іх, праўда, пракурор чамусьці агучваць не стаў.
«Зразумела вам абвінавачванне?» — спытаў суддзя.
«Гэта не абвінавачванне, гэта палітычна матываваны пераслед», — сказала Шарэнда-Панасюк. Пасля замест адказу пачала зачытваць маніфест: народ — суверэн, ён выбраў кіраўніком дзяржавы Ціханоўскую. У Беларусі развязаная вайна супраць народа, масачны рэжым выкарыстоўваецца бандытамі для ананімізацыі…
«Віну прызнаёце?» — спытаў суддзя.
«Падкрэсліваю, тое, што я тут знаходжуся, — гэта палітычна матываваны пераслед. Гэта крымінальная справа, у якой пасля вас абвінавацяць. Вы ўдзельнічаеце ў палітычных рэпрэсіях», — сказала Паліна.
«Вы прызнаеце віну?»
«А вы прызнаеце, што ўдзельнічаеце ў палітычных рэпрэсіях?»
«Пытанні суду не задаюць. Вінаватай сябе не прызнаеце?» — яшчэ раз спытаў суддзя.
«Даць адпор бандыту — гонар і абавязак грамадзяніна, — адказала Шарэнда-Панасюк. — Я не абвінавачаная, я палітзняволеная. Патрабую спыніць гэты цырк».
Затым дапыталі пацярпелых міліцыянтаў. Жанчына-ўчастковая распавяла пра дзень, калі ў кватэры Шарэнда-Панасюк праводзілі агляд.
«Добраахвотна яна адкрываць кватэру не захацела, заявіўшы: "Міліцыя, ідзіце нах..!" — узгадала пацярпелая. — Пасля ўзламалі дзверы і ўвайшлі. Абвінавачаная абражала міліцыянтаў агулам і канкрэтна прысутных. У адзін з момантаў падышла да амапаўца і плюнула таму ў твар, трапіўшы на каўнер. Іншы зрабіў заўвагу, абвінавачаная садрала з яго твара маску, падрапаўшы нос з левага боку.
Іншы міліцыянт перахапіў ёй руку і сказаў: "Асцярожней з рукамі!"
У адказ абвінавачаная нанесла міліцыянту выпад другой рукой у вобласць твару. Пасля гэтага на яе адзелі кайданкі».
Участковая пацвердзіла, што Шарэнда-Панасюк неаднаразова выказвала абразы ў адрас Аляксандра Лукашэнкі ў нецэнзурнай форме. На заўвагі не рэагавала.
Іншыя пацярпелыя фактычна распавялі тое ж самае: выказвала абразы, паводзіла сябе агрэсіўна, не рэагавала на заўвагі. «Як толькі нейкую гадасць зробіць, адразу дзіця ў рукі бярэ — прыкрываецца», — распавёў адзін з пацярпелых.
У аддзяленні міліцыі Шарэнда-Панасюк ад тлумачэнняў адмовілася, замест подпісу напісала: «Факт палітычных рэпрэсій пацвярджаю».
Калі суддзя цікавіўся, ці ёсць пытанні ў абвінавачанай, яна адказвала чарговай прамовай пра фальсіфікацыю выбараў.
Амапавец, які стаў ахвярай пляўка ў твар, даваў паказанні па аўдыёсувязі. Цікава, што яго голас сказілі не да брутальнага гула, як гэта любяць рабіць у сваіх відэа сілавікі, а наадварот, голас быў падобны да мульцяшнага — нібыта амапавец надыхаўся геліем з паветраных шарыкаў.
Як той казаў, голас смешны, а сітуацыя — не вельмі.
Гэты сілавік пацвердзіў словы іншых пацярпелых: не хацела адчыняць дзверы, іх узламалі, пасля з боку Шарэнда-Панасюк пачаліся крыкі, абразы.
«Падышла да мяне, пачала абражаць, плюнула ў мяне. Я ўвярнуўся, трапіла мне ў плячо і трохі ў твар. Таксама яна ўдарыла мяне ў плячо», — распавёў нябачны амапавец.
Ён заявіў пазоў на 2000 рублёў.
«Чым матываваны ваш пазоў?»
«Яна прынізіла мяне, плюнула мне ў твар», — патлумачыў той.
Дапыталі і міліцыянтаў, якія пацярпелі ад выкладвання вдэароліка з абразамі.
Адзін з іх распавёў: у той дзень ён з калегам затрымліваў Андрэя Шарэнду. Той ішоў з сынам. Папрасіў адвесці сына дадому, міліцыянты не дазволілі, маўляў, пазвані жонцы, хай выйдзе. Яна выйшла адразу з тэлефонам і пачала здымаць відэа, паліваючы міліцыянтаў абразамі. Неўзабаве гэтае відэа аказалася ў інтэрнэце.
Гэты ж пацярпелы падаў пазоў: хоча 1500 рублёў. Кажа, што паказаў ролік жонцы, тая сказала: «Гэта абраза, яна абражае цябе і сям’ю».
«Стрэс перажыў не толькі я, але і мая сям’я», — сказаў пацярпелы.
«Прызнаеце пазоў?» — спытаў суддзя Шарэнда-Панасюк.
«Магу толькі павіншаваць гэтых двух мужчын са спосабам, які яны выбралі, каб карміць сям’ю, — адказала тая. — Грошы з мяне спагоняць, вы атрымаеце гэтыя 30 срэбранікаў, але яны не прынясуць вам шчасця, узгадайце, як скончыў Юда».
«Прызнаеце пазоў?» — перапытаў суддзя.
«Не. Гэта не пазоў, гэта рабаўніцтва».
Другі міліцыянт-пэпээснік пацвердзіў словы свайго калегі: абвінавачаная абражала іх, называла «Фашыст №1» і «Фашыст №2».
Ён таксама заявіў пазоў на 1500 рублёў, бо перанёс «маральныя пакуты, [абвінавачаная] прынізіла мае гонар і годнасць сваімі словамі і відэаролікам».
«Абвінавачаная, пазоў прызнаеце?» — спытаў суддзя.
«Дзякую міжнароднай супольнасці за ўвядзенне санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі і заклікаю да міжнароднага трыбуналу!» — сказала Шарэнда-Панасюк.
Пасля дапыталі сведкаў, адзін з іх — міліцыянт — распавёў, што ўбачыў відэа з абразамі ў тэлеграм-канале. Другі сведка, рабочы рэстарана, быў панятым падчас правядзення агляду ў кватэры Паліны і Андрэя.
«Жанчына паводзіла сябе з выклікам, абражала па-ўсякаму, у аднаго з амапаўцаў плюнула, другому падрапала нос», — коратка распавёў ён. Пацвердзіў, што абвінавачаная выказвала абразы ў адрас прэзідэнта.
«Жахлівыя агрэсіўныя паводзіны, яшчэ і пра малым дзіцяці», — ахарактарызаваў падзеі сведка.
«Абвінавачаная, ці ёсць пытанні?»
«Вам не сорамна?» — пацікавілася Шарэнда-Панасюк у суддзі.
«Вы не можаце задаваць пытанні суду. Пытанні да сведкі?»
«Вам не сорамна?» — спытала Паліна ў сведкі.
«Пытанне здымаецца».
«Сумленне ёсць?»
«Пытанне здымаецца».
«Як у вочы сваякам будзеце глядзець?»
Суддзя зняў і гэтае пытанне. Затым абвясціў перапынак да 14.30.
***
Нагадаем, Паліна Шарэнда-Панасюк за кратамі з пачатку студзеня. Сілавікі выламалі дзверы ў яе кватэры, правялі агляд, канфіскавалі шэраг рэчаў, а Паліну затрымалі і ў кайданках адвезлі ў ІЧУ. Пазней яе перавялі ў СІЗА.
Падчас зняволення жанчыну некалькі разоў змяшчалі ў карцар, яна скардзілася на псіхалагічны і фізічны ціск.
Яе муж Андрэй Панасюк адседзеў больш за 60 сутак, нават Новы 2021 год сустракаў за кратамі. Цяпер ён пад хатнім арыштам, на яго завялі справу па арт. 368 КК («Абраза прэзідэнта») і арт. 361 («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»). Яго прызналі палітвязнем, Паліну — пакуль не, бо для гэтага праваабаронцы мусяць мець упэўненасць, што гвалту ў дачыненні да міліцыі не было альбо гэта была самаабарона.