«Я не вызнаю ўсе гэтыя прысуды!» Паліна Шарэнда-Панасюк выступіла ў судзе з апошнім словам

У Брэсце сёння працягнуўся працэс над маці дваіх дзяцей, якую вінавацяць адразу паводле трох крымінальных артыкулаў.

20210111_ber_sharenda_08_khar.jpg

У апошнім слове, паведамляе «Белсат», абвінавачаная сказала:

— Паглядзіце на тэрміны, якія даюць палітзняволеным, нават маладым дзяўчынам, па 4-5 гадоў. Што азначаюць гэтыя тэрміны? Гэта азначае, што гэтыя людзі, сфальсіфікаваўшы выбары, не першы ўжо раз, думаюць, што дубінкамі загналі народ назад у стойла, яны разлічваюць, што яны яшчэ будуць сядзець на нашай шыі, звесіўшы ногі. Ці мы гэта дапусцім? Не, гэтага нельга дапускаць!

Пасля, звяртаючыся да суддзі Яўгена Брэгана, Паліна дадала:

— Я ведаю, вы проста гаворачая галава. Крэсла, на якім вы сядзіце, яно і тое праўдзівей за вас. Усе прысуды, якія тут агалошваліся, грунтуюцца не на сіле закону, а на сіле беззаконня. Усе прысуды загадзя падпісаныя, размеркаваныя паміж зняволенымі. Таму юрыдычна, у сувязі з фальсіфікацыяй выбараў, поўнай нелегітымнасцю вашых так званых судоў і ўсіх вашых структур, усе гэтыя прысуды, у тым ліку і мой, які вы загадзя ўжо вынеслі, і гэтыя спрэчкі — гэта толькі дэкарацыя. Я не вызнаю ўсе гэтыя прысуды! І таксама прашу сусветную супольнасць не прызнаваць іх законнымі.

Прысуд па справе Паліны Шарэнда-Панасюк будзе агучаны заўтра, 9 чэрвеня. Пракурор запрасіў для зняволенай два гады калоніі.