Войска будучай Беларусі — якім яно можа быць?
Ці рэальна гэта — стварыць кантрактную армію? І якія альтэрнатывы могуць быць?
Першага жніўня Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі будзе актыўна стварацца кантрактнае войска. Гэта тэма перыядычна падымаецца прадстаўнікамі Міністэрства абароны і іншымі чыноўнікамі ад моманту набыцця суверэнітэту, але да нейкіх істотных змен у структуры Узброеных сіл гэта пакуль не прывяло.
«PALATNO» спрабуе разабрацца, ці патрэбна ў Беларусі цалкам кантрактнае войска, якія ў яго плюсы і мінусы. На прыкладзе вайны ва Украіне праводзіцца аналіз таго, якая арганізацыя войска ў новай Беларусі можа стаць найбольш актуальнай і запатрабаванай.
Самыя папулярныя віды вайсковай службы ў свеце
Першае, што беларусу прыйдзе ў галаву, — гэта так званая тэрміновая служба. Менавіта такі варыянт вайсковай службы панаваў падчас існавання СССР і застаўся дамінуючым відам вайсковай службы ў постсавецкіх краінах. Калі казаць вельмі спрошчана, асноўная адметнасць такой службы — наяўнасць адносна невялікай (але не заўсёды) колькасці прафесіяналаў-«кантрактнікаў» і вялікай — шараговых байцоў і малодшых камандзіраў, якія прызываюцца на службу на пэўны тэрмін у адпаведнасці з заканадаўствам, як правіла, ад года да двух. Для такога прызыву будучы вайсковец мусіць адпавядаць шэрагу патрабаванняў: пэўны ўзрост, стан здароўя, пол і г. д.
Асноўным плюсам тэрміновай службы для дзяржавы з’яўляецца магчымасць заўсёды мець вялікую колькасць вайскоўцаў і пры гэтым выдаткоўваць на іх утрыманне нашмат меншыя грошы, чым гэтага запатрабавала б такая ж колькасць «кантрактнікаў». Яшчэ адзін значны плюс тэрміновай службы — гэта наяўнасць вялізнага рэзерву людзей, якія скончылі гэтую службу і маюць вайсковыя спецыяльнасці. У выпадку баявых дзеянняў з іх можна адносна хутка сфарміраваць новыя баявыя адзінкі. На цяперашні час плюсам для беларускай дзяржавы з’яўляецца і тое, што вялікая колькасць маладых хлопцаў рэгулярна праходзіць заняткі па ідэалагічнай падрыхтоўцы.
Фактычна, цяперашняе войска стала яшчэ і школай лаяльнасці, дзе нармальную службу і кар’еру абсалютна немагчыма ўявіць без падпарадкавання пануючай сістэме кіравання.
Асноўныя мінусы — гэта нізкая матывацыя байцоў да навучання і ўдзелу ў баявых дзеяннях. Пагадзіцеся, складана разлічваць на добрыя вынікі ў службе, калі з дзесяці навабранцаў чацвёра ўвогуле не планавалі служыць і іх прызвалі супраць іх волі; двое, можа, і паслужылі б, але марылі пра ССА ці выведку, а апынуліся ў «сувязі» ці наадварот; адзін з’яўляецца перакананым пацыфістам і нават зброю браць у рукі баіцца; і толькі трое ў той ці іншай ступені згодны служыць.
Лічбы, безумоўна, узяты з галавы, бо незалежнай статыстыкі па тэме не існуе. Але, карыстаючыся ўласным досведам, можна сказаць, што ў вайсковай адзінцы, у якой каля дзесяці гадоў таму аўтар праходзіў вайсковую службу, з трох дзясяткаў чалавек цалкам добраахвотна на службу прыйшлі толькі чацвёра.
Астатнія, у большасці сваёй, прыйшлі служыць толькі праз пагрозы карных мер за ўхіленне ад службы, значны адсотак так ці іначай спрабаваў «касіць» па стане здароўя ці іншых прычынах.
Нізкая матывацыя яшчэ становіцца асноўнай прычынай няшчасных выпадкаў і «пазастатутных» адносін паміж вайскоўцамі, што негатыўна ўплывае на агульны імідж Узброеных сіл.
Таксама істотным мінусам тэрміновай службы для дзяржавы з’яўляецца тое, што два разы на год з эканомікі вырываюць вялікую колькасць маладых здаровых рук, а таксама разумных галоў, якія маглі б атрымліваць адукацыю альбо працаваць на гэтую самую эканоміку. Нярэдкія таксама выпадкі, калі студэнт паступае не туды, куды хацеў бы, а куды возьмуць, бо іншай легальнай прычыны для адтэрміноўкі ад прызыву, як правіла, няма.
Кантрактнае войска, у адрозненне ад «тэрміновага», складаецца цалкам з прафесіяналаў, якія абралі гэты кірунак дзейнасці ў якасці працы. Як кіруючы склад, так і шараговыя байцы заключаюць шматгадовыя кантракты, атрымліваюць за службу заробак і, як правіла, месца пражывання, матэрыяльнае забеспячэнне і сацыяльныя ільготы.
З плюсамі і мінусамі кантрактнай службы, у параўнанні з тэрміновай, усё роўна наадварот. Мець вялікую колькасць прафесійных вайскоўцаў — вельмі цяжкая задача для эканомікі, далёка не кожная дзяржава можа сабе гэта дазволіць. Адпаведна, стварыць які-небудзь досыць вялікі рэзерв з людзей, якія прайшлі службу, таксама складана.
Аднак узровень падрыхтоўкі такіх службоўцаў і ўзровень іх матываванасці заўсёды будзе на парадак вышэйшым, а колькасць «пазастатутных» адносін і няшчасных выпадкаў скароціцца. Што, адпаведна, будзе ствараць добры імідж Узброеным сілам і спрыяць прытоку новых кадраў.
Што рабіць з тэрміновай службай у дэмакратычнай Беларусі
Ідэальнай сістэмы фарміравання войска ў «чыстым» выглядзе проста няма. Але якім шляхам у такім выпадку мусяць пайсці Узброеныя сілы дэмакратычнай Беларусі? Праўда, як і заўсёды, знаходзіцца недзе пасярэдзіне. І, як бы банальна гэта ні прагучала, каб даць адказ на пастаўленае пытанне, нам трэба прадумаць, як мы можам выправіць прыведзеныя вышэй мінусы на плюсы.
Першы істотны мінус выправіць будзе адносна нескладана — трэба скараціць службу па прызыве максімум да года, а то і яшчэ менш. На дадзены момант у беларускай арміі тэрміновая служба можа працягвацца 18, 12 альбо 6 месяцаў — у залежнасці ад адукацыі прызыўніка. Аднак большасць служыць менавіта 18.
Як правіла, першыя шэсць месяцаў сыходзяць на тое, каб даць навабранцу пэўную вайсковую спецыялізацыю, другія шэсць месяцаў — каб ён мог замацаваць атрыманыя веды, паўдзельнічаць у вучэннях, прыняць удзел у навучанні новых прызыўнікоў. Апошнія паўгода службы, на думку Міністэрства абароны, службовец павінен скарыстаць для таго, каб яшчэ больш адтачыць свае навыкі ў адпаведнасці са спецыялізацыяй і пабыць у ролі малодшага камандзіра.
Аднак на практыцы ўсё інакш. Часта менавіта службоўцы, якія служаць апошнія шэсць месяцаў, становяцца прычынай «пазастатутных» адносін і парушэнняў правіл нясення службы, што часта можа прыводзіць да няшчасных выпадкаў. Так званая «дзедаўшчына» да гэтага часу застаецца сур’ёзнай праблемай Узброеных сіл. Кожны новы «прызыў» у шэрагі УС не абыходзіцца без спроб самагубства, самавольнага пакідання вайсковай часці (кажучы прасцей — уцёкаў з калектыву, дзе пануе нездаровая атмасфера) ці наўмыснага нанясення сабе шкоды з мэтай «саскочыць» са службы.
Змена тэрміну службы з 18 месяцаў да 12 у значнай ступені скароціць колькасць падобных выпадкаў, што пазітыўна паўплывае на імідж УС, а мабілізаваныя на службу атрымаюць магчымасць на паўгода раней вярнуцца дадому і прысвяціць гэты час вучобе альбо працы (што ў выніку пазітыўна адаб’ецца на эканоміцы краіны). Пасля некалькіх гадоў падобнай службы можна сабраць статыстычныя даныя і, у выпадку пазітыўных паказчыкаў, задумацца пра скарачэнне тэрміну яшчэ на 3-4 месяцы. Ва Узброеных сілах Літвы, напрыклад, абавязковая тэрміновая служба зараз якраз і доўжыцца 9 месяцаў.
Тэрабарона — гэта будучыня?
Як атрымаць вялікую колькасць падрыхтаваных да абароны краіны людзей, пры гэтым не выдаткоўваючы ўвесь бюджэт менавіта на «абаронку»? На дзіва, адказ ужо даўно ёсць і нават практыкуецца ў Беларусі. Гэта стварэнне так званай тэрытарыяльнай абароны. Праўда, як і ва ўсіх сферах, у цяперашняга Міністэрства абароны «свой шлях» і ў стварэнні падраздзяленняў тэрабароны.
Выглядае ён наступным чынам: збяром па раёне ці вобласці людзей, якія не «засвяціліся» ў палітычных пратэстах, аб’явім ім, што цяпер яны «амаль вайскоўцы», выдадзім тое, што ва УС ужо даўно і не носяць, але чаго яшчэ багата на складах, зробім рэпартаж і перыядычна будзем выклікаць на зборы, каб стомленыя ад працы і сямейных клопатаў мужычкі перадпенсійнага ўзросту маглі троху адпачыць і папіць піва.
Два папярэднія сказы — фактычна дакладная цытата аднаго з супрацоўнікаў ваенкамата, адказнага менавіта за дадзены кірунак дзейнасці. На жаль, імя і прозвішча супрацоўніка не можа быць зараз апублікавана з відавочных прычын.
Таму давайце паспрабуем разабрацца, чым тэрабарона адрозніваецца ад іншых родаў войск і якія плюсы для краіны і яе абараназдольнасці можа несці.
Войскі тэрабароны фарміруюцца па рэгіянальнай прыкмеце. Калі спрошчана: бярэцца нейкі пэўны раён (хай, напрыклад, будзе Браслаўскі), і менавіта з жыхароў гэтага раёна фарміруецца новая вайсковая адзінка. Яны нясуць службу менавіта ў сваім раёне, пры гэтым такога кшталту служба шмат у якіх краінах свету не азначае пастаяннага знаходжання на нейкай вайсковай базе. Часцей за ўсё войскі тэрабароны маюць нейкую базу, на якой перыядычна праходзяць падрыхтоўку, не губляючы магчымасць заставацца на сваёй асноўнай працы альбо вучобе.
Такі від службы мае вялікія перспектывы пры разумным падыходзе. Замест таго, каб на год ці паўтара цалкам выпадаць з эканамічнага жыцця краіны, салдат на працягу некалькіх гадоў на невялікія тэрміны адбывае на вайсковыя зборы, якія яшчэ і праходзяць недалёка ад дома. Гэта, дарэчы, вызваляе шмат дзяржаўных сродкаў, якія пайшлі б на сталае ўтрыманне. Пры гэтым службовец тэрабароны выдатна ведае мясцовасць, на якой рыхтуецца абараняцца, мае ў гэтай мясцовасці шмат гарызантальных сувязей, што таксама пазітыўна паўплывае на падтрымку «мясцовых» падчас магчымых баявых дзеянняў.
У такіх падраздзяленнях часта служаць людзі, якія ўжо раней маглі быць знаёмыя (навучацца ў адной школе ці іншай навучальнай установе альбо працаваць на адным прадпрыемстве), што пазітыўна адбіваецца на баявой зладжанасці.
Так, такі салдат не зможа зраўняцца ў прафесіяналізме з «кантрактнікам», які кожны дзень знаходзіцца на вайсковай службе. Але ён зможа стаць лепшай падтрымкай для прафесіянала-«кантрактніка», чым васямнаццацігадовы юнак, які трапіў пад прызыў толькі таму, што не здолеў паступіць ва ўніверсітэт і матывацыя якога ў дачыненні да службы знаходзіцца пад вялікім сумневам.
Апісаны вышэй варыянт службы — толькі адзін з мноства магчымых, бо такі від службы, як тэрабарона, дае шырокую прастору для эксперыментаў, арганізацыі сістэмы навучання, кантролю і матывацыі. Менавіта таму гэты варыянт службы дазваляе хутка рэагаваць на патрэбы часу і ўносіць неабходныя карэктывы ў сістэму арганізацыі падрыхтоўкі.
Вядома, пералічаныя вышэй ідэі па рэарганізацыі войска — не адзіныя існуючыя.