Вязняў анкетуюць

Праваабаронцы рыхтуюць аналіз масавых парушэнняў правоў людзей, затрыманых 19 снежня. Людзі сведчаць пра гэтыя факты ў адмыслова распрацаваных анкетах.

Праваабаронцы рыхтуюць аналіз масавых парушэнняў правоў людзей, затрыманых 19 снежня. Людзі сведчаць пра гэтыя факты ў адмыслова распрацаваных анкетах.
Ідзе збор інфармацыі пра тое, што адбылося з людзьмі пасля разгону акцыі. «Бо пакуль збольшага ўсё грунтуецца на эмоцыях, — адзначыў юрыст асветніцкай установы «Цэнтр прававой трансфармацыі» Аляксей Казлюк. — Але нам патрэбны факты, каб рабіць высновы і данесці іх да пракуратуры, Канстытуцыйнага суда, міжнароднай супольнасці. Таму што сітуацыя надзвычай паказальная. Вельмі шмат арыштаў і вельмі шмат людзей звяртаюцца па дапамогу. Яны пакідаюць нам інфармацыю пра тое, што адбылося з імі. І наша справа — сабраць такія сведчанні. Адпаведна, з гэтых фактаў мы можам рабіць сістэмны аналіз».
Анкета падзелена на некалькі частак. Яна прысвечана абставінам затрымання, умовам судовага працэсу і ўтрымання ў ізалятарах.
Самыя брутальныя факты абыходжання з людзьмі — гэта збіццё пры затрыманні. Відавочцы кажуць, што найбольш лютавалі тыя спецназаўцы, у каго на шчытах былі арлы. Яны ж ладзілі «калідор» для людзей, якіх саджалі ў аўтазак. І калі тыя праходзілі, іх збівалі з абодвух бакоў.
З-за таго, што было шмат затрыманых, месца ў мінскіх ізалятарах хапіла не ўсім. Таму ночы перад судом людзі правялі ў аўтазаках без ежы і пітва.
Судовыя пасяджэнні ў сярэднім займалі каля 5 хвілін. Права на адваката было забяспечана ў рэдкай колькасці выпадкаў. Праваабаронцаў і сваякоў часцей за ўсё на працэсы не пускалі, выганялі з будынкаў судоў.
За рэдкім выключэннем ні ў каго не было копій пратаколаў затрымання. А пасля суда людзям звычайна не выдавалі пастановы. Тым, хто змог абскардзіць рашэнне, вяртаўся адказ з суда, што яны не заплацілі пошліну. Людзям не паведамілі, што разам са скаргай трэба было напісаць хадайніцтва аб вызваленні ад пошліны. Бо яны адбываюць арышт і не маюць магчымасці заплаціць грошы за разгляд скаргі. «Але чалавеку папросту не тлумачаць усе гэтыя акалічнасці. І як толькі ён гэты радочак аб вызваленні ад пошліны ў сваёй скарзе не дадасць, суд са спакойным сэрцам яму адмаўляе ў разглядзе», — зазначыў Аляксей Казлюк.
Прытым, што тэрмін абскарджання арышту 5 дзён, вязням толькі на чацвёрты дзень выдавалі алоўкі альбо стрыжні. Дапамога адваката ў напісанні скаргі была немагчымая. Многія скаргі на пастанову суда, хутчэй за ўсё, не вышлі з-за сцен адміністрацыі ізалятара. Бо ніякага адказу на іх не прыйшло.
Праваабарончыя арганізацыі «Вясна» і камітэт «Салідарнасць» юрыдычна дапамагаюць былым зняволеным. У тым ліку і скла­даць скаргі ў сувязі з парушэннямі іх правоў.
«Нехта кажа, што сэнсу ў гэтым няма, — сказаў Аляксей Казлюк. — Што ўсё роўна будуць адмовы, ніхто не будзе на іх звяртаць увагі. Але калі будзе хваля скаргаў, тады можна казаць, што людзі на самай справе дабіваюцца праўды і справядлівасці. І тады наш урад ніколі не зможа сказаць перад сваімі грамадзянамі і міжнароднай супольнасцю, што ніхто з затрыманых ні на што не скардзіўся. Значыць, усім усё спадабалася, нічога не было парушана. Фактычна, маўляў, прызналі сваю віну. Таму хаця б з-за гэтага скаргі варта падаваць».
P.S. Распавесці ў анкетах пра ўмовы затрымання і арышту можна ў офісе БНФ (пр. Машэрава, 8. Тэл. (8-017) 284-50-12). Там жа можна атрымаць дапамогу па кампенсацыі сутак. Праваабарончы цэнтр «Вясна» (тэл. (8-017) 331-08-44) і камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць» (тэл. (8-017) 280-88-63) зацікаўлены ў супрацоўніцтве з валанцёрамі. Патрэбна дапамога ў зборы інфармацыі аб фактах парушэння правоў грамадзян у сувязі з падзеямі 19 снежня 2010 года.