Вярхоўны суд ліквідаваў БХК — апошнюю зарэгістраваную праваабарончую арганізацыю

Улады Беларусі закрылі апошнюю зарэгістраваную праваабарончую арганізацыю ў краіне, паведамляе «Свабода».

a841c568_e714_42cb_869d_83b184199482_cx0_cy18_cw0_w1023_r1_s.webp

Старшыня БХК Алег Гулак : «Мы не можам спыняць нашу працу ў той час, калі яна асабліва патрэбная».

30 верасня ў Вярхоўным судзе прайшло асноўнае судовае пасяджэнне па пазове Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі «Беларускага Хельсінскага камітэта».

Намеснік старшыні арганізацыі Гары Паганяйла, які прадстаўляў БХК у судзе, заявіў, што БХК не пагадзіўся з доказамі і падставамі для такога пазову, бо самога факта парушэння не было і матэрыяламі ў справе гэта не даказана; што БХК пазбавілі магчымасці прадставіць свае доказы, бо матэрыялы былі ўзятыя з крымінальнай справы, якая яшчэ не разгледжаная. БХК наогул хадайнічаў адкласці разгляд справы ў Вярхоўным судзе да завяршэння крымінальнай справы, з якой узялі матэрыялы.

Але суд не прыняў да ўвагі гэтыя заявы і пастанавіў ліквідаваць БХК.

Старшыня БХК Алег Гулак заявіў «Свабодзе» з гэтай нагоды:

«Гэта было чакана — хаця б таму што яшчэ ніхто не выйграваў пазовы Мінюста аб ліквідацыі, асабліва ў апошнія часы, цяпер занадта не да законаў, каб разбірацца.

Гэта палітычнае рашэнне ў рэчышчы цяперашняга ціску і пераследу, ліквідацыі структур грамадзянскай супольнасці і агульнага палітычнага кантэксту ў краіне.

Але мы будзем працягваць працу па абароне правоў чалавека, шукаць формы, каб рабіць гэта, не падстаўляючы людзей.

Хоць цяпер не працуюць прававыя механізмы абароны, мы будзем кансультаваць людзей, дапамагаць ім можна і ў цяперашняй сітуацыі. Вельмі важны інструмент праваабарончай дзейнасці — маніторынг, інфармаванне міжнароднай супольнасці.

БХК — занадта сур’ёзны брэнд, каб яго губляць з-за такога рашэння, мы не можам спыняць нашу працу ў той час, калі яна асабліва патрэбная».

За што ліквідавалі БХК

Падставай для ліквідацыі, на думку Міністэрства юстыцыі Беларусі, служыць нібыта «грубае парушэнне заканадаўства» з боку БХК. Паводле заявы, Міністэрствам юстыцыі, у выніку следчых дзеянняў па неназванай крымінальнай справе былі атрыманыя дакументы на 2 чалавек, якім БХК нібыта аплаціў ганарары за «паслугі ў доўгатэрміновым назіранні за выбарамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2020 года».

У пацвярджэнне гэтаму Міністэрства юстыцыі прыклала да заявы копіі 6 дакументаў: дамоў, прыходна-касавых ордэраў і актаў прыёму і перадачы.

У БХК заявілі, што ім невядома, пра якую крымінальную справу і ў дачыненні да каго ідзе гаворка:

«Відавочна, што выкарыстоўваць матэрыялы крымінальнай справы, якія яшчэ не ацэньваліся судом у рамках судовага разбору ў крымінальнай справе, неправамерна. Гаворачы юрыдычнай мовай, калі Вярхоўны суд прызнае, што гэтыя дакументы, прычым толькі ў копіях, адпавядаюць рэчаіснасці, то гэтае рашэнне будзе мець прэюдыцыяльнае значэнне для крымінальнай справы, у якой знаходзяцца гэтыя дакументы і па якім абвінавачваюцца канкрэтныя людзі.

Прэюдыцыя — абавязковасць для ўсіх судоў, якія разглядаюць справу, прыняць без праверкі доказаў факты, раней устаноўленыя судовым рашэннем у іншай справе, якое набыло законную моц. Г. зн. гэта рашэнне будзе абавязковым для іншага суду ў крымінальнай справе. Такім чынам, рашэнне Вярхоўнага суда ў справе аб ліквідацыі "Беларускага Хельсінскага камітэта" можа парушыць права на абарону людзей, якія праходзяць па крымінальнай справе»,— заявілі ў БХК перад пачаткам працэсу аб ліквідацыі арганізацыі.

На папярэднім пасяджэнні Вярхоўнага суда 10 верасня БХК прадстаўляў намеснік старшыні арганізацыі Гары Паганяйла. У судзе пацвердзілася,што нічога іншага арганізацыі не прад’яўляюць, толькі гэтыя копіі.

Гары Паганяйла заявіў, што ў абгрунтаванне пазіцыі Міністэрства юстыцыі прадставіла копіі з копій, па якіх немагчыма вызначыць, наколькі гэта рэальныя дакументы, таму суду трэба запытаць іх арыгіналы, каб было ясна, што гэта дакументы, а па-другое, трэба дачакацца разгляду крымінальнай справы, у якой знаходзяцца гэтыя нібыта дакументы, і таму ён папрасіў адкласці працэс аб ліквідацыі БХК да яе завяршэння.

Аднак Вярхоўны суд праігнараваў гэтую просьбу і вырашыў разгледзець гэтае хадайніцтва 30-га верасня на асноўным пасяджэнні па справе аб пазове Міністэрства юстыцыі.

Гулак: «Я такога не падпісваў. Гэта яўная фальшыўка»

Раней старшыня БХК Алег Гулак у інтэрв’ю «Свабодзе» заявіў, што ў справе відавочны палітычны момант, улады хочуць іх арганізацыю закрыць, як і іншыя НДА, якія трапілі пад ціск пасля выбараў 2020 года.

«Гэта расправа за нашу праваабарончую дзейнасць. Па сутнасці ж прэтэнзіі міністэрства магу сказаць, што такога не было, мы гэтага не прызнаём, мы не ведаем крыніц гэтых дакументаў.

Там нібыта стаіць мой подпіс, але гэта копія з копіі, у якой можна падрабіць любы подпіс, і я нічога такога не падпісваў. Гэта яўная фальшыўка. Калі мяне ў лютым дапытвалі ў межах крымінальнай справы, мяне пра гэта ніхто не пытаўся».

Ад сярэдзіны ліпеня па ўсёй Беларусі адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацый. Пад пагрозай існаванне дзясяткаў асветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, даследчых і іншых арганізацый. Іх прадстаўнікоў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Усяго на 9 верасня, згодна са звесткамі праваабарончага цэнтра «Вясна», у Беларусі ад ліпеня 2021 года ўжо 135 ліквідаваных недзяржаўных арганізацый.