Вінаватага ў смерці вязьня Пцічкіна фэльчара пакаралі трыма гадамі калоніі-пасялення

У Маскоўскім раённым судзе Мінска вынеслі прысуд па справе памерлага на «Валадарцы» вязьня Ігара Пцічкіна.

Фэльчар «Валадаркі» Аляксандр Крылоў

Фэльчар «Валадаркі» Аляксандр Крылоў

Фэльчар СІЗА № 1 Аляксандр Крылоў, якога прызналі вінаватым ў неналежным выкананні службовых абавязкаў, што спрычынілася да смерці Ігара Пцічкіна, асуджаны на тры гады калоніі-пасялення. Яму таксама забаранілі пяць гадоў займаць пасады ў медычных установах​.
Аляксандр Крылоў сваёй віны ў судзе не прызнаў і сказаў, што будзе абскарджваць прысуд. У тым ліку Аляксандр Крылоў ня згодны, што Пцічкін памёр празь ягоны дазвол прывязаць вязьня да ложка больш як на 18 гадзін.
Жана Пцічкіна, маці загінулага, заявіла пасьля абвяшчэння выраку: «Проста знайшлі стрэлачніка. Мы будзем далей дамагацца расследавання і пакарання вінаватых. А калі Крылоў узяў на сябе гэта, значыць, ён ня можа сказаць праўду, інакш яго забʼюць». Пцічкіна пакуль ня ведае, ці будзе абскарджваць прысуд.
Жана Пцічкіна думае, што ейны сын прабыў прывязаным да ложка рамянямі больш за 20 гадзін, і пры гэтым яму не давалі піць і хадзіць ў прыбіральню, хоць тэмпература ў камэры была каля 32 градусаў. Таксама Жана Пцічкіна не выключае, што яе сына ў прывязаным стане збівалі і катавалі «ластаўкай». Маці спасылаецца на сляды на руках сына і кровападцёкі на твары і грудзях сына.

Чытайце таксама:Маці хоча дабіцца праўды


Ігар Пцічкін памёр на «Валадарцы» ў пачатку жніўня 2013 году ўсяго пасля некалькіх дзён арышту, які атрымаў за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане. Паводле фэльчара Аляксандра Крылова, у арыштанта Пцічкіна пачаўся паслянаркатычны сіндром, паводзіны сталі неадэкватнымі, і нібыта ў мэтах бяспекі самога вязьня ды ягоных сукамэрнікаў ён распарадзіўся прывязаць Пцічкіна да ложка адмысловымі рамянямі.
Паводле большасці экспертаў, якіх дыпытаў суд, Ігар Пцічкін памёр ад сардэчнай недастатковасці, якая стала вынікам шэрагу прычын, у тым ліку наркатычнай і алькагольнай залежнасці.
 Аднак сама меней два экспкрты гэта аспрэчвалі і спасылаліся на разрывы сардэчнай тканкі ды згусткі крыві ў бронхах, якія можна атрымаць толькі ад «тупога ўдару ў сардэчную вобласць». Між тым следства версію пра збіццё Ігара Пцічкіна на «Валадарцы» не пацвердзіла.
svaboda.org