Віктар Марціновіч: «Я ведаю, што за гэтымі ўсмешлівымі фотачкамі з віном у руках з Батумі, з Варшавы, з Вільні»
Віктар Марціновіч напісаў у сваім фэйсбуку кранальны тэкст для тых, хто быў вымушаны з’ехаць з Беларусі.
Пазнаю, пазнаю, пазнаю. Паўжыцця правёў у цягніках. У абдымку з заплечнікам, як на гэтай фотцы, знятай у 19-м, на шляху ў Вену. На конфы. На літрэзідэнцыях і навуковых стажыроўках. Увесь час выбар: пажраць або купіць пальчаткі замест забытых у цягніку (на вуліцы «каляналя»). Адкрываючы вочы, пытаўся: ну, што, братуха? Дзе ты цяпер? Гэтай раніцай? Пісаў: «дом — гэта месца, дзе ляжыць мой ноўтбук».
Здымныя хазы з airbnb, гасцініцы — нармальныя і вельмі дрэнныя, пастаянны рух, спачатку — інтрыгуючы, потым пакідаючы чыгунную стомленасць. Дробязі, у Мінску непрыкметныя, а тут — прымушаюць кідацца і пакутліва «вырашаць».
Напрыклад, зубны боль. Або прастудка.
Быў выпадак, ледзь не даў дуба ў раскошным нумары з антыкварнай мэбляй: напярэдадні атруціўся ласосем, а фуфлыжная страхоўка не пакрывала выклік «хуткай». Даплаціць трэба было 700 Еўра, у кішэні — 200. Ляжаў, трызніў у гарачцы, гадаў: усё? Не ўсё?
Знаёмцы, угледзеўшы на вуліцы, пыталіся: ну, надоўга ў Мінск? Калі назад? А якое «назад»? Дом мой тут наагул. Краіна мая. Але потым, вядома, зноў сядаў у сядло.
Я да чаго. Усё жыццё лічыў сябе фрыкам. Якому не сядзіцца, як Д’артаньяну ў Гасконі. А тут паўкраіны, усе актыўныя — то-бок, здаецца, наогул усе! — сабралі заплечнікі і селі ў сядло. І даведаліся, як гэта — жыць без дома.
Я ведаю, сябры, што за гэтымі ўсмешлівымі фотачкамі з віном у руках з Батумі, з Варшавы, з Вільні. Я ведаю, што цяпер на сэрцы. Ведаю, як хочацца ўдыхнуць пах мокрага асфальту пасля дажджу на праспекце.
Не сумуйце. Вы не першыя на гэтым шляху. І вы не адны.
budzma.by