Віктар Герасіменя: «18 чалавек запхалі ў камеру без матрацаў. У камеры — 8 спальных месцаў»

60-гадовы Віктар Герасіменя — былы спартовец, бацька славутай плыўчыхі Аляксандры Герасімені. У нядзелю, 1 лістапада, ён выйшаў у горад і быў затрыманы сілавікамі. Пра сваё затрыманне і знаходжанне за кратамі, ён распавёў Нашай Ніве.

photo_2020_11_02_17_45_50_bj7n5.jpg


«Мяне затрымалі ў нядзелю каля 14-й гадзіны. Я ішоў па тратуары каля гадзіннікавага завода. Вакол было шмат людзей, я бачыў, што едуць сілавікі… Але я ішоў па тратуары, на праезную частку не выходзіў, нічога не парушаў. Наблізіся таніраваныя бусы, з іх высыпалі людзі ў чорным, — расказвае Віктар Іванавіч. —
Але я не ўцякаў, ішоў па тратуары, лічыў, што не павінна быць пытанняў, я ж не парушаю нічога. І тут да мяне падышлі двое ў чорным, узялі пад рукі. Я не супраціўляўся.
Адзін павёў мяне ў машыну, у бусік. Пасадзілі ў так званы стакан — ён разлічаны на аднаго, а нас запхалі траіх. Адзін з іх быў таксама немалады мужчына, за 50 гадоў — ён сядзеў з адным красоўкам, пры затрыманні другі зваліўся, дык яму не далі абуць».
Віктар Герасіменя кажа, што пасля затрыманых адвезлі ў Кастрычніцкае РУУС.
«Склалі на нас пратаколы за ўдзел у несанкцынаваным мітынгу і непадпарадкаванне міліцыі пры затрыманні. Я напісаў, што не згодны з гэтым. Затым кожнага паасобку выклікалі ў нейкі кабінет, там сядзела жанчына-следчы. Яна тлумачыла, што ўсе затрыманыя — патэнцыйныя сведкі або падазраваныя па крымінальнай справе. То-бок, фігуранты. Яна дала мне падпісаць паперу, я напісаў, што я не ўдзельнічаў ні ў чым, лозунгаў не выкрыкваў. Статус мой — сведка, падазраваны — там не быў ўказаны. Гэтая папера была пратаколам апытання, здаецца, але дакладна я не ўпэўнены, — кажа Віктар Герасіменя. —   І потым мы сядзелі там у РАУСе гадзін 5-6 у невялікай камеры. Затым усіх пасадзілі ў аўтазак і адвезлі ў Жодзіна».
Фізічнага гвалту не было, кажа суразмоўца. Прызнае — затрыманых гэта нават здзівіла.
«Але было маральнае прыніжэнне, стаўленне да людзей як да напаўжывёлін нейкіх. Мы ж не злачынцы, суда ж не было. Мы проста грамадзяне. А нас саджаюць у аўтазак, камандуюць: сеў, апусціў галаву, рукі на калені, далоні ўверх, ехаць моўчкі. Калі высаджваюць: бягом, галаву ўніз! Але я заўсёды лічыў сябе годным человекам, а тут я проста нейкі злачынец.
Раней я ніколі не быў пад вартай ці за кратамі, такое здарылася ўпершыню ў жыцці. Страшна не было. Было непрыемна, — прызнаецца Віктар Іванавіч. — 18 чалавек запхалі ў камеру без матрацаў. У камеры — 8 спальных месцаў. А ўжо было гадзіны дзве ночы, людзі стаміліся, падаюць з ног — і спалі хто дзе. Хто на стале, хто на падлозе. Дыхаць няма чым. Было, мякка кажучы, некамфортна. Але людзі былі дружныя, падтрымлівалі адзін аднаго. Гэта было прыемна. Людзі розныя, ад 18 да 60. Адукаваныя, нармальныя, адэкватныя, шмат у каго свой бізнэс. Сама міліцыя пыталася: у вас жа ў жыцці ўсё добра, так куды вы лезеце?
Раніцай каля 7-й гадзіны далі трохі кашы. Я не стаў есці. Выпілі чай, вады трохі. У суд не везлі, ён быў на месцы. Завялі ў памяшканне, там суддзя з памочнікам. Адваката з папярэдняй дамовай у мяне не было, але дачка занялася гэтым пытаннем, калі даведалася, што я затрыманы. І да суда адвакат у мяне з'явіўся.
Але для суда з адвакатам, як мне сказала суддзя, трэба адкласці справу, і мне б прыйшлося правесці яшчэ суткі ў камеры. Таму я сказаў, што адваката чакаць не будзем. Тым больш я ўжо думаў, што мне дадуць 15 сутак, а будзе адвакат ці не — ужо нічога не вырашыць».
На судзе Віктар Герасіменя сваю віну не прызнаў.
«Сведак не было, зачыталі толькі іх паказанні: я нібыта супраціўляўся, штурхаўся, спрабаваў уцячы. Я сказаў суддзю: я ж не хлопчык, я былы спартовец. Хацеў бы ўцячы — прыйшлося б ім мяне заламваць, адпаведна ў мяне засталіся б сляды барацьбы. Іх у мяне няма, магу распрануцца, калі хочаце, паказаць.
Але для суда мае паказанні — нішто. Вартыя ўвагі толькі словы міліцыі.
Я прыняў сітуацыю як ёсць. У выніку мне далі штраф 5 базавых. Суддзя сама сказала, што ўлічыла і тое, што я не меў судзімасцяў і парушэнняў раней, і мой узрост. Тут жа далі паперку ​​з інфармацыяй, куды плаціць, і ўсё — наступны. А за мной ужо чарга ў калідоры: тварам да сцяны, рукі за спінай. Так чакаюць суда.
Мой суд заняў хвілін 5 напэўна. Не больш».
Пасля Віктара Іванавіча адпусцілі.
«Пад сценамі Жодзіна ўсіх сустракаюць валанцёры. Іх праца пакінула вельмі і вельмі станоўчае ўражанне. Людзі адразу запісваюць твае дадзеныя, перадаюць родным, даюць тэлефон патэлефанаваць сваякам, тут жа саджаюць у машыну і вязуць дадому. Мяне і яшчэ пяцярых забраў мужчына, які прывёз нас у Мінск, выклікаў людзям таксі, каб развезлі па хатах. У машыне ў яго была каўбаса, вада, арэшкі, мы змаглі падсілкавацца па дарозе. Дзякуй яму вялікі, — кажа Герасіменя. — Пакуль мяне не было, родныя хваляваліся, вядома. Ніхто ж не ведаў спачатку, што я, дзе я, што са мной, куды знік. І тут я скажу яшчэ адзін дзякуй: «вясноўцам», якія даведаліся пра мой лёс і паведамілі сям’і».