Відавочцы: пасля «Маршу герояў» міліцыя на вуліцы Камайскай страляла па аўтамабілі

Са Свабодай звязаўся жыхар Мінска, які ўвечары 13 верасня стаў сведкам прымянення міліцыяй агнястрэльнай зброі.

Ілюстрацыйнае фота, затрыманні 13 верасня. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота, затрыманні 13 верасня. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

«Учора, у 18:25, тры машыны ДАІ і мікрааўтобус з людзьмі ў масках гналіся за белым аўтамабілем „УАЗ“ па вуліцы Ціміразева з боку Радужнай, — расказаў сведка здарэння (ён папрасіў не публікаваць яго імя. — РС). — Дагналі на Камайскай, каля дома нумар 2. На нашых вачах з аўтамабіля ДАІ выбег даішнік і пачаў страляць з пісталета. Камеру на тэлефоне я ўключыў толькі праз секундаў 15, калі зноў з'явіўся агляд і я змог прытармазіць».
Сведка ўдакладняе, што інцыдэнт бачылі таксама іншыя людзі, якія былі побач з месцам здарэння. Ён сам не бачыў параненых у выніку страляніны. Кажа, што дакладна чуў адзін стрэл.
«Адзін стрэл дакладна, — дадае відавочца. — Мы ехалі з боку МКАД. „УАЗ“ пасля спынення засланіў бус сілавікоў. ДАІшнік быў перад першай машынай ДАІ, ля капота. Страляў з дзвюх рук, перад сабой. Гэта значыць, не ў паветра. Альбо ў чалавека, альбо ў радыятар „УАЗа“. Выбліск ад стрэлу і воблака дыму мы бачылі (у аўтамабілі разам з суразмоўцам Свабоды былі яшчэ тры чалавекі). Ці былі яшчэ стрэлы, не ведаю, бо на некалькі секундаў агляд закрылі дрэвы і ДАІшнік перамясціўся да „УАЗа“. Адзінае, у чым упэўнены на 100%, што стралялі не людзі ў масках, а супрацоўнік у форме ДАІ».


Відавочца перадаў Свабодзе зроблены на месцы падзей відэазапіс. На ім можна бачыць сілавікоў у масках побач з некалькімі затрыманымі, а таксама міліцэйскую тэхніку з уключанымі праблісковымі маячкамі. ГУУС Мінаблвыканкаму цяпер рыхтуе афіцыйны каментар аб гэтым здарэнні.