МУС: 13 верасня затрымана 774 грамадзяніна, колькасць удзельнікаў акцый — не больш за 22 тысячы чалавек

Прэс-сакратар Міністэрства ўнутраных спраў Вольга Чамаданава назвала афіцыйныя лічбы ўчорашніх пратэстаў у Беларусі.

marsz_herojau.jpg

Паводле МУС, учора, 13 верасня, у розных населеных пунктах краіны зафіксавана 28 пратэстных акцый. Агульная колькасць удзельнікаў не перавысіла 22 тысяч чалавек. МУС прынятыя неабходныя меры па падтрыманні парадку і забеспячэнні грамадскай бяспекі іх правядзення.
У розных кропках Мінска сабраліся грамадзяне, якія рушылі ў цэнтр горада. У 16:30 калона колькасцю да 15 тысяч прайшла па праспекце Пушкіна, вуліцы Арлоўскай і праспекце Пераможцаў, а затым накіравалася ў мікрараён "Дразды". Сустрэўшыся з ланцужком з ліку супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, пратэстоўцы прайшлі ў зваротным кірунку. Пасля прадпрынятых мер па разгрупаванні несанкцыянаваная акцыя завяршылася каля 20:00.
Вольга Чамаданава паведаміла, што ў Брэсце, каб пазбегнуць пагрозы бяспецы дарожнага руху, быў выкарыстаны вадамёт. У Віцебску мужчына сарваў з супрацоўніка, які нёс службу па ахове грамадскага парадку, жэтон і відэарэгістратар. У Наваполацку актывісты пашкодзілі тры службовых аўтамабіля праваахоўнікаў.
Таксама, па словах прэс-сакратара МУС, у Магілёве каля ГЦ «Атрыум» удзельнік несанкцыянаванай акцыі напаў на двух супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, пашкодзіў форменнае абмундзіраванне, сарваў радыёстанцыю і відэарэгістратар. Дзеянням удзельнікаў беспарадкаў даецца прававая ацэнка.
Усяго ўчора за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах затрымана 774 грамадзяніна (з іх у Мінску — больш за 500). Да разгляду ў судзе спраў па адміністрацыйных правапарушэннях у месцы ўтрымання затрыманых змешчаныя 544 чалавекі.