Віцебскі блогер высыпаў пад ногі суддзі косці і сеў на 15 сутак

У суботу, 1 лютага, віцебскі блогер Аляксандр Дуброўскіх быў вызвалены з ізалятару часовага ўтрымання (ІЧУ), дзе адбываў 15 сутак. Ужо на волі, ён расказаў, што «суткамі» яго пакаралі за вядро з касцямі, якое ён кінуў пад ногі суддзі Іллі Белавуса ў яго кабінеце.

Аляксандр Дуброўскіх

Аляксандр Дуброўскіх

За некалькі дзён да гэтага менавіта Белавус аштрафаваў блогера на 30 б.в. за ўдзел у мінскіх акцыях супраць інтэграцыі.
«17 студзеня мне стала цяжка на душы. І я падумаў, што трэба пайсці ў суд і выказаць ім усё, што я пра іх думаю. Я ўзяў з сабой вядро, косці для сабак і пайшоў. Прыйшоў да гэтага суддзі і сказаў, што ненавіджу яго за тое, што ён займаецца штампаваннем гэтых прысудаў. «Гэта вам падарунак», – кажу. І кінуў гэтыя косці яму пад ногі», – расказаў Дуброўскіх.
Віцяблянін патлумачыў, што гэтым учынкам хацеў выказаць пагарду «да гэтых людзей-робатаў, якія штампуюць прысуды».

Менавіта «за косці для суддзі Белавуса» суд Віцебскага раёна пакараў яго 15 суткамі адміністрацыйнага арышту, прыпісаўшы «хуліганку» і «нецэнзурную лаянку ў грамадкім месцы». Сам Дуброўскіх сцвярджае, што ў кабінеце Белавуса не лаяўся, а «праклінаў культурна».

Што да рэжыму ўтрымання ў віцебскім ІЧУ, блогер прызнаўся па вызваленні, што адчуў там сябе «расчляніцелем трупаў», бо толькі да «расчляніцеляў трупаў можна ставіцца так бесчалавечна».

Пакараны агулам на 90 базавых штрафу

Таксама стала вядома, што падчас адбывання «сутак» Дуброўскіх яшчэ два разы судзілі за акцыі супраць інтэграцыі з Расіяй (арт. 23.34 КаАП).20 студзеня суд Кастрычніцкага раёна Віцебска аштрафаваў яго на 30 базавых велічынь за ўдзел у мінскай акцыі 21 снежня (судздзя Іна Грабоўская). А 29 студзеня у судзе Чыгуначнага раёна Дуброўскіх аштрафавалі на такую ж суму за ўдзел у віцебскім пікеце 29 снежня.

Аляксандр Дуброўскіх падчас акцыі ў Віцебску 29 снежня

Аляксандр Дуброўскіх падчас акцыі ў Віцебску 29 снежня

Такім чынам, разам са штрафам, прысуджаным Белавусам, Аляксандр Дуброўскіх аштрафаваны агулам на 90 базавых велічынь (2430 рублёў) за ўдзел у акцыях у падтрымку незалежнасці і 15 суткамі – за акцыю «з касцямі для суддзі».
Паводле  vitebskspring.org