Васкрасенскі паабяцаў памілаванне некаторым палітвязням да канстытуцыйнага рэфэрэндуму
22-гадовага палітычнага вязня з псіхічным захворваннем Дзмітрыя Гопту могуць памілаваць да рэфэрэндуму, паведамілі яго сваякам прадстаўнікі ініцыятывы «круглага стала» Юрыя Васкрасенскага. Пра гэта піша Радыё Свабода.
Малады чалавек мае шанцы выйсці на волю да рэфэрэндуму, анансаванага на люты 2022 года. Пра гэта BPN паведамілі ягоныя сваякі са спасылкай на прадстаўнікоў установы «Круглы стол дэмакратычных сілаў» (КСДС), створанай палітолагам Юрыем Васкрасенскім, які пасля арышту пайшоў на супрацоўніцтва з уладамі.
5 снежня прадстаўнікі КСДС правялі сустрэчу са сваякамі палітвязняў у Жлобіне Гомельскай вобласці. На сустрэчы яны запэўнілі, што кандыдатуру Дзмітрыя Гопты разгледзяць на маючым адбыцца паседжанні камісіі аб памілаванні, а таксама, што ён нібыта першы ў спісе.
Сваякам было заяўлена, што памілаванне, хутчэй за ўсё, будзе прымеркавана да канстытуцыйнага рэферэндуму.
Дзмітрый Гопта — жыхар Жлобіна, які мае псіхічнае захворванне і разумовую адсталасць.
Сёлета ў лютым яго асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі за «масавыя беспарадкі» ў Жлобіне 9–10 жніўня 2020 года. Ён адбывае пакаранне ў віцебскай калоніі.
Раней паведамлялася, што праз асаблівасці развіцця ён не мог самастойна напісаць прашэнне аб памілаванні.