Васіль Завадскі: Спыніць адток кваліфікаваных спецыялістаў можна хіба фізічна закрыўшы мяжу

На гэтым тыдні Лукашэнка правёў са сваімі падначаленымі нараду па актуальных пытаннях аховы здароўя — і прадэманстраваў, што меў на ўвазе раней, калі абяцаў «страсянуць сістэму».

_medycyna___kavid__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg

Дзіўнай у разносе чыноўнікаў была хіба што падзяка медыкам. Да таго ж правіцель выказаў яе не за працу, а за тое, што «знайшлі метады лячэння ў найцяжэйшай сітуацыі» пандэміі. Якраз у той перыяд, нагадаем, урачы аказаліся фактычна адзін на адзін з кавідам, бо ўлады і асабіста Лукашэнка адмаўлялі небяспеку віруса.

Але ж збольшага рыторыка правіцеля гучала ў традыцыйным рэчышчы нібыта клопату пра простых беларусаў: «бардак на месцах», «скуру злуплю», «разбярыцеся з мэтавікамі».

Па выніках праверак у рэгіёнах Дзяржкантролю і адмысловай рабочай групы Лукашэнка даручыў да 1 студзеня 2024 года выправіць усе выяўленыя хібы, у тым ліку навесці парадак у раённых і пасялковых паліклініках — ад рамонту да медабсталявання, забяспечыць даступнасць і якасць меддапамогі на вёсцы, правесці рэвізію ў медуніверсітэтах і палепшыць падрыхтоўку медыцынскіх кадраў, нарасціць долю айчынных лекаў і г.д.

Па шчырасці, такія патрабаванні выглядаюць як грымучая сумесь папулізму і крывадушнасці: відавочна, што за сем месяцаў нерэальна вырашыць праблемы, якія назапашваліся ў беларускай сістэме аховы здароўя дзесяцігоддзямі.

Пра тое, што магчыма зрабіць за гэты тэрмін, якія пытанні айчыннай медыцыны сёння стаяць найбольш востра і колькі часу спатрэбіцца, каб пераламіць сітуацыю ў бок паступовага выпраўлення, «Филин» пагутарыў з праваабаронцам, былым кіраўніком медыцынскай службы Дэпартамента выканання пакаранняў МУС, сузаснавальнікам арганізацыі «Урачы за праўду і справядлівасць» Васілём Завадскім.

— Тэрмін пастаўлены ў лепшых традыцыях савецкіх падыходаў, канцэпцыі, што загадам і грубасцю можна вырашаць сур’ёзныя праблемы, — зазначае эксперт. — Але што можна насамрэч зрабіць за 7 месяцаў? Замяніць дзверы ў шпіталі ці ФАПе, недзе падфарбаваць, зрабіць касметычны рамонт. Больш істотныя працы за гэты час не зробіш, як мінімум, патрэбна праектна-каштарысная дакументацыя.

Што да фундаментальных праблем, якія, безумоўна, існуюць у беларускай медыцыне і на якія, як мы бачым, ужо немагчыма не рэагаваць на вышэйшым узроўні — канешне, вырашыць іх за адведзены час немагчыма.

У прыватнасці, калі закранаць кадравую праблему, гаворыць Васіль Завадскі, то яна невырашальная ні за 7 месяцаў, ні нават за 7 гадоў. Бо дэфіцыт кадраў вельмі вялікі — раней у айчыннай медыцыне такога ніколі не было, што нават некалькімі павялічанымі наборамі-выпускамі з медычных ВНУ яго не вырашыш.

— Па-першае, захоўваецца адток кадраў. І я ўпэўнены, што ён працягнецца, калі не будзе змяняцца сітуацыя, якая склалася ў сістэме аховы здароўя Беларусі. Тут прымаюцца пэўныя захады — ці ўжо прынятыя, ці ў стадыі прыняцця рашэнні аб адпрацоўцы 5 гадоў для ўрачоў-мэтавікоў, а то і 7-мі — для ардынатараў. І па гэтым прыгонным праве медыкі вымушаны будуць адпрацоўваць альбо заплаціць велізарныя сродкі дзяржаве.

Па-другое, можна спрагназаваць значнае зніжэнне кваліфікацыі ўрачоў, і на гэты цэлы шэраг прычын. Бо з’язджаюць найперш кваліфікаваныя кадры, і няма ў каго вучыцца.

А з іншага боку, ідзе рост лічбаў прыёму і зніжэнне планкі патрабаванняў да абітурыентаў — гэта таксама непазбежна адаб’ецца на якасці падрыхтаваных кадраў. І тым самым, з майго пункту гледжання, закладаецца адчувальная міна пад будучыню медыцыны.


Васіль Завадскі звяртае ўвагу на вельмі паказальныя моманты нарады, што ілюструюць падыходы Мінздароўя да выпраўлення сітуацыі. Так, правіцелю распавялі пра тое, што акрэдытацыя медустаноў часам праходзіць фармальна, тыя ў любым выпадку працягваюць працаваць, і Лукашэнка заявіў: маўляў, акрэдытацыю трэба праводзіць па-іншаму.

— Але ж у Беларусі большасць медычных устаноў — дзяржаўныя, — зазначае эксперт. — То-бок за іх нясе поўную адказнасць Міністэрства аховы здароўя, і менавiта дзяржава мусіць стварыць умовы, каб у кожнай раённай і гарадской установе быў неабходны мінімум для арганізацыі хірургічнай службы, тэрапеўтычнай і гэтак далей.

Так з каго вы хочаце спытаць, калі вы самі ж не стварылі гэтых умоў, не забяспечылі абсталяваннем, спецыялістамі; пра якую акрэдытацыю можа ісці гаворка? Па сутнасці, ідзе проста імітацыя дзейнасці.

Прычым падобная хваля ў беларускай медыцыне ідзе не ўпершыню, нагадвае ўрач: у сярэдзіне 2010-х кантраляваць якасць медыцыны і фармацэўтыкі спрабавалі праз выдачу ліцэнзій — але для дзяржустаноў ліцэнзаванне адмянілі, а існуючыя праблемы гэтыя працэдуры ніяк не вырашылі, яны адно назапашваюцца.

— Уяўленне памылковае, што ударам кулака па стале, павышэннем голасу і пагрозамі можна вырашыць гэтыя праблемы — але ў нейкай часткі публікі, хто глядзеў гэту нараду, усё гэта выкліча задавальненне. Але насамрэч нічога так не вырашаецца.


Болевыя кропкі медыцыны

Найбольш вострая на сёння праблема для беларускай медыцыны, канстатуе Васіль Завадскі — кадравае пытанне. Вырашыць яго кавалерйскім наскокам відавочна не атрымаецца.

— Што да пытання даступнасці медабслугоўвання і загружанасці ўрачоў, то, на маю думку, сістэма патрабуе карэннага рэфармавання.

Калі проста падлічыць колькасць лекараў на 10 тысяч насельніцтва, нават з улікам адтоку яна можа быць больш-менш адэкватнай.

Але пытанне ў эфектыўнасці выкарыстання тых рэсурсаў, якія ёсць. Грувасткая, непаваротлівая сістэма дзяржкіравання медыцынай, якую мы назіраем усе гэтыя гады, проста не ў стане адэкватна рэагаваць на выклікі.

Эксперт зазначае: трэба развіваць прафілактычную медыцыну — не на паперках чыноўнікаў, а на справе. Далей — амбулаторны этап, які павінен выконваць большы аб’ём функцый, і тады менш людзей будуць мець патрэбу ў стацыянарным лячэнні, якое вымагае найбольшых матэрыяльных выдаткаў.

Пры тым, мяркуе Васіль Завадскі, зусім не абавязкова, каб высокатэхналагічныя і вузкапрофільныя медыцынскія ўстановы, кшталту цэнтра трансплантацыі органаў, былі ў кожным рэгіёне: яны патрабуюць не толькі якаснага і дарагога абсталявання, але яшчэ і штучных, унікальных спецыялістаў, якія маюць такую практыку калі не штодня, то вельмі часта, што для рэгiянальных клiнiк нярэдка проста недасягальна.

— Таму, можа, і не патрэбны ў Берасці цэнтр трансплантацыі органаў. Але ж падобныя «цэнтры» — гэта магчымасць атрымаць адкаты ад новага абсталявання, якое будзе пастаўлена ў рэгіёны. Я зараз кажу пра меркаваныя рэчы, не хачу нікога абвінавачваць — але рэч у тым, што такі падыход стварае дадатковыя ўмовы для карупцыі. А потым мы маем «справу артапедаў» і іншыя выпадкі пераследу медыкаў.

Можна досыць упэўнена казаць, што створана такая сістэма, якая наўпрост спрыяе карупцыі.

Усё гэта, паўтаруся, патрабуе істотнага рэфармавання. Канешне, проста сказаць: маўляў, трэба ствараць сістэму, калі лекар будзе зацікаўлены ў выніках сваёй працы і адначасова калі ёсць эфектыўны кантроль за аховай здароўя. Зрабіць нашмат больш складана.

Што магло б палепшыць сітуацыю? Скажам, не толькі «ўмоўна-бясплатная», але страхавая медыцына. У Беларусі яна сёння, кажа ўрач, амаль не развіваецца, між тым як у заходніх краінах гэтая сістэма даўно працуе і дае альтэрнатыву пацыентам, а разам з тым істотна змяншае нагрузку на дзяржаўную медыцыну. «Гэта не панацэя, аднак хочаш не хочаш, але і нам трэба ісці па гэтым шляху», — заўважае Васіль Завадскі.


Не толькі змрочныя перспектывы

Колькі часу мінімальна патрэбна, каб сітуацыя пачала выпраўляцца: зменшыўся адток кадраў, медыцынская дапамога стала больш даступнай, а нагрузка на ўрачоў — справядлівай і адэкватна аплачанай? Васіль Завадскі перакананы: пачатак рэформаў наўпрост звязаны з пераменамі ў Беларусі.

— Калі адновіцца законнасць і грамадства зможа ўплываць на сітуацыю, то трэба будзе дзейнічаць. І чым раней узяць старт, тым раней можна будзе чакаць і пазітыўных зрухаў.

Але ў любым выпадку, на жаль, хуткіх вынікаў не будзе. Нават калі ўлічваць цыкл падрыхтоўкі лекара, які на сёння фармальна складае не менш чым 7 гадоў, а яшчэ патрэбны час, 5-10 гадоў, каб малады ўрач папрацаваў з больш кваліфікаваным спецыялістам побач, параіўся, атрымаў практычны досвед і сам стаў кваліфікаваным лекарам.

Сёння якраз такія спецыялісты найперш пакідаюць краіну, і спыніць гэты адток загадамі немагчыма — хіба фізічна закрыць мяжу.

Пры самым аптымістычным раскладзе, на мой погляд, для першых заўважных зрухаў спатрэбіцца не менш як 10 гадоў. Калі сітуацыя ў краіне зменіцца, то step by step, за кошт большай мабільнасці, дэцэнтралізацыі і пераразмеркавання рэсурсаў стан медыцыны таксама можна будзе палепшыць.