Валер Булгакаў: Для Лукашэнкі нацыяналісты — носьбіты анталагічнага зла
«Я ненавіджу нацыяналістаў, бо гэта радыкальныя людзі, якія абавязкова, як ва Украіне, прывядуць да катастрофы ў грамадстве», — заявіў Аляксандар Лукашэнка.
Ці характарызуюць гэтыя словы ягонае стратэгічнае стаўленне да нацыянальных праблемаў? Чаму нават на фоне ўкраінскіх падзеяў беларускі кіраўнік так і не зрабіў крок у бок нацыянальных
каштоўнасцяў, як гэта прагназавалі некаторыя аглядальнікі? На гэтыя пытанні адказвае галоўны рэдактар часопіса Arche Валер Булгакаў.
— Ці можна сказаць, што нядаўняе выказванне Аляксандра Лукашэнкі (маўляў, я ненавіджу нацыяналістаў, але бываюць і нацыяналісты ў добрым сэнсе слова) адлюстроўвае сутнасць
ягонага стаўлення да гэтай тэмы?
— Я думаю, гэта досыць шчырае выказванне Лукашэнкі. Факт, што «нацыяналісты» (то бок людзі, якія адстойваюць нацыянальныя інтарэсы, хочуць адраджэння беларускай
культуры) апошнія 20 гадоў у Беларусі пераследуюцца, выціскаюцца з краіны, пазбаўляюцца пасадаў, іхнія канстытуцыйныя правы метадычна і цынічна парушаюцца.
Таму гэта даволі шчырая канстатацыя з боку Лукашэнкі, але яна зробленая з такой «дзіцячай падкладкай». Лукашэнка ненавідзіць нацыяналістаў, бо ў ягоным разуменні не ён
аўтакратычны кіраўнік, які ўзурпаваў уладу і дэспатычна кіруе Беларуссю, не дапускаючы канкурэнцыі. На ягоную думку, менавіта нацыяналісты — і ёсць носьбіты так званага анталагічнага зла.
Маўляў, гэта каста, якая сее хаос, разбурэнні, якая, як ён заявіў, дарвалася да ўлады ва Украіне і запачаткавала катастрафічны сцэнар.
— Якраз у сувязі з падзеямі ва Украіне некаторыя эксперты выказвалі меркаванне, што Лукашэнка вымушаны будзе зрабіць крок у бок нацыянальных каштоўнасцяў. Але, акрамя некалькіх
рытуальных рэплік, гэтага не адбываецца. Чаму?
— Экспертная супольнасьць часам выяўляе сваю блізарукасць. Доўгі час яна праракавала непазбежнасць эканамічнага краху рэжыму Лукашэнкі. Ад 2001 году яны штогод заяўлялі, што крах
немінучы, і давалі дакладную дату, калі гэта адбудзецца.
Такі ж самы радавод мае й ірацыянальная думка, што Лукашэнка пяройдзе раптам на пазіцыі агрэсіўнага беларускага нацыяналізму. Якая нічога супольнага з рэчаіснасцю не мела, не мае і не будзе
мець. Лукашэнкаўскае пацверджанне пра талераванне «добрага» нацыяналізму ў пэўных рамках таксама не мае нічога новага. Гэта проста канстатацыя таго гетаізаванага існавання
беларускай культуры, якое ёсць цяпер.
Калі перакласьці ягоныя словы на зразумелую мову, то ён яшчэ раз катэгарычна заявіў, што так, беларуская культура, нацыянальныя інтарэсы будуць пераследвацца. Але адначасова будуць дазваляцца
пэўныя нішы, будуць выдавацца накладам у тысячу асобнікаў літаратурныя часопісы, будуць праводзіцца вечарыны, і не будуць зрывацца моўныя курсы. Нічога новага для мяне тут няма.
svaboda.org