«Вайна на Данбасе падаравала дадатковыя пяць гадоў рэжыму Лукашэнкі»
Навошта беларусы едуць ваяваць на Данбас па абодва бакі фронту? Хто гэтыя людзі? Як з імі працуюць беларускія спецслужбы? І якая роля Аляксандра Лукашэнкі ў гэтым канфлікце?
Усё гэта журналісты тэлеканала «Белсат» Ігар Ільяш і Кацярына Андрэева аналізуюць у сваёй кнізе «Беларускі Данбас», якая выйшла ва ўкраінскім выдавецтве «Фоліо». Прадмову да кнігі напісаў першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч.
«Палітыка Лукашэнкі ў адносінах да канфлікту на Данбасе — гэта хлусня»
Некалькі гадоў таму ў «Савецкай Беларусі» выйшаў праграмны артыкул, прысвечаны беларусам, якія паехалі ваяваць на Данбас. У ім гаварылася пра тое, што ўсе гэтыя людзі — злачынцы і ў Беларусі іх будуць строга пераследваць, незалежна ад таго, на чыім баку яны ваявалі.
Чытаючы той артыкул, журналіст Ігар Ільяш звярнуў увагу на гісторыю баевіка «ЛНР» з пазыўным «Пушкін», якога, як паведамляла газета, у кастрычніку 2015 года затрымалі ў Оршы. Ігар знайшоў «Пушкіна» ў сацсетках і ўзяў у яго інтэрв'ю. Аказалася, што ён зусім не пад следствам, а паспеў з’ездзіць на фронт і лячыўся пасля ранення ў Растове. Нашы спецслужбы не заводзілі на баевіка ніякую крымінальную справу: пратрымаўшы некалькі дзён у ізалятары, яго адпусцілі. Менавіта пасля гэтай гісторыі журналіст пачаў разумець, што палітыка Лукашэнкі ў адносінах да канфлікту на Данбасе — гэта хлусня.
Ігар Ільяш глыбока пагрузіўся ў тэму ўдзелу беларусаў у вайне на Данбасе і ўжо ў першыя месяцы працы ў яго з’явілася думка напісаць пра гэта кнігу. Хацелася не проста абмежавацца журналісцкімі матэрыяламі, а зрабіць нешта, што застанецца ў гісторыі. Пазней да працы далучылася калега Ігара Кацярына Андрэева.
— Усё пачалося пасля таго, як я пабачыла першыя эксклюзіўныя інтэрв’ю з баевікамі, якія Ігар рабіў яшчэ ў 2016 годзе. На той момант мы былі проста калегамі, і я сказала, што хачу далучыцца да гэтай тэмы. Ён пагадзіўся.
У выніку сумеснай працы нарадзілася не толькі 500-старонкавае выданне, але і журналісцкая сям’я: у сакавіку Кацярына прачытала першы матэрыял Ігара, а ўжо ў снежні яны ажаніліся.
Па словах журналістаў, ім не хацелася перавыдаваць у фармаце кнігі артыкулы, якія выходзілі на «Радыё Свабода» і «Белсаце». Таму некалькі гадоў збіралі фактуру для будучага выдання.
Вялікую частку кнігі складаюць інтэрв’ю, большасць герояў якіх — баевікі, што ваююць на баку «ЛДНР». Суадносіны паміж беларусамі-добраахвотнікамі, што ваююць за Украіну, і беларусамі-баевікамі прыкладна 1:3 на карысць апошніх. Гэта не дзіўна, тлумачаць журналісты, бо мы маем 26 гадоў Лукашэнку пры ўладзе і расійскае тэлебачанне, якое пануе ў інфармацыйнай прасторы.
Для большасці баевікоў вайна — гэта сацыяльны ліфт
Шукаць баевікоў было няцяжка: на форумах «ЛДНР» можна знайсці спасылкі на сацсеткі выхадцаў з Беларусі. Яны не хаваюць свайго ўдзелу ў ваенных дзеяннях, пазіруюць са зброяй для фотаздымкаў і большасць з іх гатовая размаўляць з журналістамі.
— Існуе памылковае меркаванне, што беларусы-баевікі ехалі ваяваць за грошы. Гэта велізарнае спрашчэнне. Для большасці гэта — сацыяльны ліфт, — тлумачыць Ігар. — У Беларусі яны вялі лад жыцця маргіналаў. Я не кажу, што яны былі алкаголікамі ці наркаманамі, проста яны не мелі свайго месца ў жыцці і грамадстве. Тут яны — ніхто, і яны ехалі (на Данбас. — НЧ.) і змянялі сваю рэчаіснасць на тую, дзе яны — героі і змагары з фашызмам.
А наконт грошай — яны былі не такімі вялікімі, кажа Ігар: заробак баевікоў-шарагоўцаў складаў каля 15 тысяч расійскіх рублёў — у 2016 годзе гэта было менш, чым 300 долараў. Таму расійская прапаганда ідэі барацьбы з фашызмам ва Украіне сапраўды спрацавала.
Частка кнігі прысвечана псіхалогіі беларусаў, якія едуць на чужую вайну. Баевікоў аўтары ўмоўна падзяляюць на некалькі тыпаў. Першыя — 18 – 20-гадовыя рамантыкі, якія ўзраслі на расійскай прапагандзе і шчыра ў яе вераць. Другі тып — уцекачы, людзі, чыё жыццё зайшло ў тупік: былыя крымінальнікі ці проста людзі з асабістымі трагедыямі. Трэція — людзі вайны, для якіх гэта не першы канфлікт, або кадравыя сілавікі. Дарэчы, яшчэ адзін міф, што ўсе баевікі — крыважэрныя забойцы. Сярод іх бываюць нават камічныя персанажы, проста кажучы — лузеры.
— У добраахвотнікаў размежаванне не такое жорсткае, там пераходныя катэгорыі, — гаворыць Кацярына. — Можна вылучыць тыпаж актывіста-рамантыка — ідэйнага маладога чалавека да 30 гадоў, які быў заангажаваны ў палітычнае жыццё, меў апазіцыйныя погляды і, калі пачаўся канфлікт, сімпатызаваў Украіне. Другі тыпаж — «мужык-беларус» з катэгорыі людзей, якія заўжды былі апалітычнымі. Гэта проста людзі, якія адчулі, што вайна можа прыйсці на беларускую тэрыторыю і прынесці пагрозу іх ладу жыцця. І ў іх прачнулася першабытнае жаданне абараніць. Трэці тыпаж — таксама ўцекачы, людзі, у якіх тут не склалася жыццё.
Цяжка сказаць, ці знайшлі беларусы на гэтай вайне тое, што шукалі. Добраахвотнікі, якія паехалі ваяваць за Украіну, аказаліся ў вымушанай эміграцыі. Абяцанні Пятра Парашэнкі і пазней Уладзіміра Зяленскага даць усім ім украінскае грамадзянства не спраўдзіліся, і цяпер яны маюць шмат побытавых цяжкасцяў. Што тычыцца баевікоў — у іх вельмі моцна працуе псіхалагічная абарона. Яны нават сабе не могуць прызнацца, што расчараваныя, таму пераконваюць сябе і навакольных у адваротным.
Асобныя главы «Беларускага Данбаса» прысвечаныя методыкам працы спецслужбаў з беларускімі ваярамі. Таксама аўтары даследавалі маштабны гандаль беларускіх прадпрыемстваў з падкантрольнымі баевікам фірмамі. І, нарэшце, паказаная інфармацыйная палітыка, у тым ліку ціск на СМІ з мэтай уплыву на асвятленне вайны на Данбасе і ўдзелу ў ёй беларусаў.
Аўтары таксама даследуюць, як канфлікт на Данбасе адбіўся на беларускім грамадстве. Яны лічаць, што ён паскорыў працэс яго пацыфікацыі: з пачатку вайны і да нядаўняга часу масавыя пратэсты не мелі папулярнасці і лічыліся ледзьве не радыкалізмам. Многія нават угледзелі магчымасць аб’яднацца з Лукашэнкам у барацьбе за незалежнасць Беларусі ад Расіі.
— Вайна на Данбасе падаравала дадатковыя пяць гадоў рэжыму Лукашэнкі, — перакананы Ігар Ільяш.
«Спецслужбы завуалявана пагражалі фізічнай расправай»
Ігар і Кацярына напісалі кнігу за паўгода, але пры гэтым праца не была лёгкай, і журналістам падчас яе даводзілася сутыкацца з пагрозамі. Ігар Ільяш распавядае пра сустрэчу з адным з самых жорсткіх баевікоў:
— Мы сядзелі з ім на лаўцы, ён паказваў мне свой смартфон, дзе было шмат здымкаў трупаў украінцаў, пасля — яго дачка, пасля — зноў трупы. Ён — кадравы афіцэр і, у адрозненне ад іншых, не балбатаў лішняга. І намякаў, што калі ў публікацыі будзе нешта не так, у мяне будуць праблемы. Калі мы пагутарылі, разыйшліся ў розныя бакі, ён мэтанакіравана пачакаў мяне на выхадзе з двара і зрабіў захоп (Ігар дэманструе на Кацярыне захоп ззаду левай рукой за шыю, у той час як правая накіроўваецца ў вобласць грудной клеткі. — НЧ.), дэманструючы, як бы гэта было з нажом. І сказаў мне на вуха: «Адзін удар — і нават варухнуцца не паспееш». А потым перавёў гэта ў жарт.
Падчас працы журналістам прыходзілі і ананімныя пагрозы, у тым ліку ўскосныя, ад беларускіх спецслужбаў, што перадаваліся праз калегаў, якіх выклікалі на гутаркі ў КДБ.
— Яны завуалявана пагражалі фізічнай расправай, скажам так, — удакладняе Кацярына.
Ёй таксама неаднойчы даводзілася сутыкацца з ціскам.
— У студзені 2019 года я выпусціла інтэрв’ю з баевіком. Ён, імаверна, яго прачытаў, і пасля тэлефануе мне і кажа: «Ты ведаеш, што не ў аднаго мяне ёсць жаданне скруціць табе галаву?». Ад чалавека з баявым досведам, магчыма, траўмаваным псіхічна, можна чакаць, чаго заўгодна. Таму я гэтыя словы запісала на дыктафон і звярнулася ў міліцыю з заявай. Але праз некаторы час мне адказалі, што не ўдалося высветліць месцазнаходжанне гэтага чалавека. Ну як немагчыма, калі ён быў у Беларусі, тэлефанаваў са свайго мабільнага і пры жаданні месца званка лакалізуюць за некалькі хвілінаў? — усміхаецца журналістка.
Кацярыне пісалі і ў сацсетках з фэйкавых акаўнтаў, раілі падумаць пра сям’ю і не займацца гэтай тэмай. Але пагрозы не прымусілі іх з Ігарам спыніцца.
— З боку баевікоў не было ніякіх дзеянняў, таму што нашыя інтэрв’ю ім нічым не пагражалі, — перакананы Ігар Ільяш. — Яны прызнаваліся ў забойствах украінцаў, але ніякіх наступстваў для іх не было.
— Таму калі будуць сапраўдныя правакацыі, мы будзем разумець іх як палітычна матываваны пераслед з боку спецслужбаў, — дадае Кацярына.
«Беларускія спецслужбы сімпатызуюць баевікам»
Найбольш актыўна канфлікт на Данбасе развіваўся ў 2015 – 2016 гадах. Некаторыя беларусы пачалі вяртацца з фронту, але з 2014 да сярэдзіны 2017 года ніводнага баевіка-беларуса не арыштавалі. Хаця журналісты за гэты час на тэрыторыі Беларусі сустрэліся і пагутарылі з дзясяткам людзей.
— У той жа час мы ведаем гісторыі Станіслава Ганчарова з «Азова» і Тараса Аватарава(беларусы, якія ваявалі на баку Украіны. — НЧ.), якія прыехалі і былі арыштаваныя. Гэта былі мэтанакіраваныя акцыі, — кажа Ігар.
Толькі ў 2017 годзе з беларускіх дзяржаўных СМІ стала вядома пра некалькі арыштаў баевікоў, прычым заўжды гэта адбывалася пастфактум, а суды над імі часам праходзілі ў закрытым рэжыме.
— Адметнасць у тым, што ў гэты час пачала мяняцца палітыка афіцыйнага Мінска адносна гэтага канфлікта, калі актыўна пачалі раскручваць тэму беларускай міратворчай місіі. Трэба было наладзіць стасункі з Украінай і, натуральна, паміж Лукашэнкам і Парашэнкам паўставалі пытанні, што рабіць з беларусамі на вайне. Тры з пяці арыштаў (баевікоў. — НЧ.) дакладна адбыліся паміж першай і другой сустрэчамі Лукашэнкі з Парашэнкам у 2017 годзе. Яшчэ два арышты адбыліся ў наступныя два гады. Гэта была відавочная палітычная акцыя, каб паказаць Украіне, што мы тут змагаемся з баевікамі. Але нават у гэтай сітуацыі яны атрымалі вельмі мяккія тэрміны: трое атрымалі па два гады, адзін — хатнюю «хімію» і адразу з'ехаў назад на фронт, і адзін — звычайную «хімію», — распавядае Ігар Ільяш.
— Важна, што гэта былі не тыя людзі, якія раздавалі інтэрв’ю СМІ. Іх паказальна асудзілі на невялікія тэрміны, і гэтаму ёсць тлумачэнне. Мы ў сваёй кнізе сцвярджаем, што беларускія спецслужбы сімпатызуюць баевікам. Яны ў нас прарасійскія, і таму падзяляюць іх погляды, — звяртае ўвагу Кацярына Андрэева.
Лукашэнка рыхтаваўся да вайны?
Электронны варыянт кнігі «Беларускі Данбас» ужо дасяжны на сайце выдавецтва, пазней яна з'явіцца ў друкаваным выглядзе. Але аўтары зазначаюць, што пры цяперашняй уладзе разлічваць на тое, што вялікі наклад кнігі зможа трапіць у Беларусь, не даводзіцца — добра, калі атрымаецца завезці некалькі дзясяткаў асобнікаў. Затое пашчасціць украінскім чытачам — кніга будзе прадавацца ва ўкраінскіх кнігарнях.
— Магчыма, дзякуючы гэтаму ўкраінцы паглядзяць на беларусаў з іншага боку. Бо ва ўкраінскага абывацеля ёсць уяўленне, што Лукашэнка — гэта парадак, чыстыя вуліцы. Я думаю, што кніга дапаможа ім зразумець, якая роля Беларусі ў гэтай вайне і што Лукашэнка не заўжды быў міратворцам. Пры іншым сцэнары Беларусь магла быць уцягнутая ў поўнамаштабны ўдзел у канфлікце, — дадае Кацярына.
Яе суаўтар асобна разгледзеў ролю беларускага кіраўніка ў вайне на Данбасе і прыйшоў да цікавых высноваў.
— Роля Беларусі і Лукашэнкі ў гэтым канфлікце ўспрымаецца як нешта суцэльнае і паслядоўнае — нейтралітэт і міратворчасць. Але першай рэакцыяй Лукашэнкі на падзеі ў Крыме была просьба да Пуціна даслаць у Беларусь яго баявую авіяцыю. У адным з інтэрв’ю Пуцін казаў, што гатовы выкарыстаць ядзерную зброю, калі б Захад умяшаўся. Уявіце, якая была б роля Беларусі ў момант сутыкнення Захаду і Расіі.
Пасля падзеяў у Адэсе (2 траўня 2014 года, калі ў выніку сутыкненняў паміж прыхільнікамі Еўрамайдана і прарасійскімі актывістамі і пажару ў Доме прафсаюзаў загінулі 48 чалавек. — НЧ.) Лукашэнка едзе ў Маскву і каментуе іх у духу расійскай прапаганды, называючы «другой Хатынню», прапануе Пуціну «скаардынаваць дзеянні» адносна Украіны, а таксама кажа, што немагчыма спакойна рэагаваць, калі нашыя людзі заклікаюць аб дапамозе. Гэта рыторыка палітыкаў, якія збіраюцца распачынаць вайну.
У красавіку 2014 года ў Лукашэнкі была таямнічая тэлефонная размова з Дональдам Тускам, інфармацыя пра якую спачатку з’явілася на сайце яго прэс-службы і БЕЛТА, а потым знікла. Потым Лукашэнка пракаментаваў тую размову і сказаў, што быў гатовы выкарыстаць узброеныя сілы, каб развесці бакі, і не ў якасці міратворцаў. Тады яшчэ ніхто не ведаў, чым скончыцца эскалацыя канфлікта — дапускалі і наступ на Кіеў, і вайну Расіі з NATO. На той момант Лукашэнка дэманстраваў найвышэйшую ступень падтрымкі Крамля.
Праца над кнігай шмат што дала яе аўтарам. Кацярыне Андрэевай давялося змагацца са страхам чыстага аркуша паперы і вучыцца самадысцыпліне. Таксама яна навучылася бачыць у адной з’яве некалькі слаёў, разумець, што хаваецца за тымі ці іншымі выказваннямі палітыкаў.
— Мне кніга дапамагла зразумець сваё месца ў журналістыцы. Я цяпер адчуваю сябе суаўтарам і хачу верыць, што гэтая кніга першая, але не апошняя. У будучыні мне хацелася б напісаць кнігу пра час, у які мы ўсе жывем — эпоху позняга лукашызму, — дзеліцца Кацярына.
— Для мяне гэта вялізная ўдача ў прафесійным плане. У Беларусі вельмі цяжка знайсці тэму, дзе ты зможаш сказаць нейкае новае слова. Мне пашанцавала, што я гэтую тэму знайшоў, — зазначае Ігар.
З выхадам кнігі тэма беларусаў на Данбасе для журналістаў не завершыцца, але набудзе новы фармат: неўзабаве яны плануюць стварыць тэлеграм-канал, дзе будуць публікаваць усё самае цікавае пра стасункі Беларусі, Украіны і Расіі.
Анлайн-прэзентацыя «Беларускага Данбасу» плануецца напрыканцы наступнага тыдня.