З крамаў знікла кніга «Паўстанне мас», пра якую казаў Віктар Бабарыка

Крама OZ.by прыбрала з каталога кнігу "Паўстанне мас" іспанскага філосафа Хасэ Артэгі-і-Гасета. З раніцы 24 чэрвеня кнігу немагчыма знайсці ў каталогу на сайце пляцоўкі, піша Еўрарадыё.

vosstanie_mass.jpg

"На жаль, такой кнігі ў нас няма. Яна не прадстаўленая цяпер у нашым каталогу, — расказалі Еўрарадыё ў OZ.by. — Можа быць, выдалілі з нейкай прычыны. Не магу падказаць, з якой прычыны і ці была яна раней".
Іншая інтэрнэт-пляцоўка — Wildberries.by — вяртае грошы пакупнікам, якія спрабуюць заказаць "Паўстанне мас".

wild2406.jpg

Зусім нядаўна "Паўстанне мас" яшчэ можна было знайсці ў каталогу OZ.by. Больш за тое: кніга карысталася попытам пасля таго, як яе ў адкрытым інтэрв'ю TUT.by згадаў фаварыт цяперашняй прэзідэнцкай кампаніі Віктар Бабарыка. На пытанне, што ён будзе рабіць, калі па выніках выбараў яму "намалююць" сціплыя тэхнічныя "5,5% галасоў", ён адказаў, што гатовы выйсці на плошчу, калі яму скажуць гэта зрабіць выбаршчыкі.
Мне здаецца, што мы забываем, што ні ў адной краіне свету, пачытайце кнігу "Паўстанне мас", ні адзін дыктатарскі рэжым не можа ўтрымацца, калі ў яго няма электаральнай большасці. Ён можа ўтрымацца кароткі час на крыві, толькі на крыві. Калі хтосьці гатовы ўзяць на сябе адказнасць за праліццё крыві, а гэта не я казаў, што буду расстрэльваць людзей, то гэта будзе яго адказнасць, — дадаў Бабарыка.
Праз тыдзень пасля гэтага інтэрв'ю прэтэндэнт на прэзідэнцкае крэсла апынуўся за кратамі. А яшчэ праз некалькі дзён з продажу знікла "Паўстанне мас".
Цікава, што гэта кніга — зусім не пра тое, пра што казаў Віктар Бабарыка. Слова "Паўстанне" ў яе назве — гэта не сінонім бунту або масавага пратэсту. Артэга-і-Гасет піша пра тое, што "масавы чалавек", "шэры чалавек" заняў у грамадстве дамінуючае становішча і зацвердзіў сваю "пасрэднасць" як норму для ўсіх. Ён любіць дзяржаву і давярае ёй клопат пра сябе і абарону свайго становішча любымі сродкамі. Гэта значыць, у канцэпцыі Артэгі-і-Гасета, "паўсталыя масы" цалкам ухвалілі б тое, як улады паступаюць з Бабарыкам.
euroradio.fm