Да Віктара Бабарыкі пусцілі адваката

Адвакат Віктара Бабарыкі Дзмітрый Лаеўскі праз чатыры дні ўбачыўся са сваім падабаронным у КДБ, куды яго выклікалі для працэсуальных дзеянняў і дзе ім атрымалася крыху пагаварыць. Прэтэндэнт у прэзідэнты мае намер абскардзіць сённяшнюю пастанову суда па пытанні затрымання, а таксама меру стрымання, распавёў Дзмітрый Лаеўскі TUT.BY.

Фота Вольгі Шукайла

Фота Вольгі Шукайла

 Віктар Дзмітрыевіч здаровы, вельмі цікавіцца тым, што адбываецца ў краіне. Мы маем намер далей абскарджваць сённяшнюю пастанову суда па пытанні затрымання, а таксама меру стрымання. Ва ўсім астатнім пазіцыя гэтак жа прынцыповая. З жыццёвага: Віктар Дзмітрыевіч зараз плануе правесці дэталёвы параўнальны аналіз усіх рэдакцый нашай Канстытуцыі, паколькі ўсё, што адбываецца з ім у яшчэ большай ступені ўмацавала яго перакананасць у важнасці таго, якая Канстытуцыя павінна быць у аснове заканадаўства. Датычна лістоў, якія яму пішуць людзі, — на жаль, на дадзены момант ён нічога не атрымаў. Мы спадзяемся, што ў гэтым пытанні ўсё наладзіцца і яму будуць перадаваць лісты, — адзначыў Лаеўскі.
Адвакат таксама дадаў, што ўмовы ўтрымання Віктара Бабарыкі палепшыліся і ў яго цяпер ёсць спальнае месца.
Раней у інтэрв'ю "Народнай Волі" адзін з абаронцаў прэтэндэнта ў прэзідэнты Аляксандр Пыльчанка распавёў, што ў Бабарыкі ў СІЗА КДБ няма нармальнага спальнага месца.
Спальнае месца ў яго — дадатковае. Так званы «верталёт» — ставіцца паміж іншымі ложкамі на ноч. Гэта значыць, што днём у камеры прыткнуцца няма куды, — распавядаў Пыльчанка пра ўмовы ў "амерыканцы".
Нагадаем, адвакатаў Віктара Бабарыкі не пускалі да яго ў СІЗА КДБ чатыры дні. Апошні раз абаронца Дзмітрый Лаеўскі сустракаўся з экс-банкірам у КДБ 20 чэрвеня, калі ў яго прысутнасці праходзілі «працэсуальныя дзеянні». Пасля гэтага трапіць да свайго кліента адвакат не мог — 22 чэрвеня Лаеўскаму ў СІЗА заявілі, што наведванні адвакатамі падабаронных у ізалятары ў цяперашні час не праводзяцца з-за эпідэміялагічнай сітуацыі. Лаеўскі падаў дзве скаргі ў Генпракуратуру.
Таксама абаронцы Бабарыка падалі на імя генеральнага пракурора скаргу з нагоды парушэння прэзумпцыі невінаватасці ў дачыненні да іх падабароннага.
Алена Талкачова, tut.by