Тры фактары, якія здольныя палітызаваць сітуацыю ў беларускай глыбінцы

Спыненне паступленняў грошай ад тых жыхароў Беларусі, якія знаходзіцца на заробках у Расіі, цягне рост пратэстнай актыўнасці ў правінцыі. А Масква не спяшаецца вызначаць крытэрыі, якія прывялі б да аднаўлення ранейшага ўзроўню празрыстасці беларуска-расійскай мяжы.

miazha_8.jpg

Інфармацыя пагранічных органаў ФСБ Расіі дазваляе сцвярджаць, што перад расійскімі памежнікамі пастаўлена задача спыняць некантралюемае перамяшчэнне праз беларуска-расійскую мяжу грамадзян Беларусі, якія накіроўваюцца ў суседнюю краіну на заробкі, піша ў каментары на сайце «Беларусь у фокусе» кіраўнік аналітычнага цэнтра Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў .
У адзін з дзён у пачатку чэрвеня на ўчастку мяжы з Пскоўскай вобласцю расійскім памежнікамі было затрымана каля 30 грамадзян Беларусі. 18 чэрвеня на бранскім участку былі затрыманыя 20 грамадзян Беларусі, якія накіроўваліся ў Маскву для пошуку працы.
Расія з'яўляецца асноўным і найбольш даступным напрамкам для працоўнай міграцыі жыхароў рэгіёнаў Беларусі. Па даных расійскага Міністэрства ўнутраных спраў, у 2019 годзе на міграцыйны ўлік у Расіі першасна ўсталі 163 410 беларусаў, якія ў якасці мэты ўезду ў краіну пазначылі працу.
Паводле даных выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак, праведзенага Нацыянальным статыстычным камітэтам Беларусі, у першым квартале гэтага года за мяжой працавала 86,8 тысячы чалавек. З іх 71,1%, або 61,7 тысячы чалавек, знаходзіліся на заробках у Расіі.
З 30 сакавіка 2020 года ў рамках барацьбы з пандэміяй каронавіруса Расія рэзка абмежавала магчымасць для перасячэння сухапутнага ўчастка беларуска-расійскай мяжы.
«Значная колькасць беларускіх гастарбайтэраў вымушаныя былі вярнуцца на радзіму», — канстатуе Андрэй Паротнікаў.
Расійскі бок ужо заяўляў, што пытанне зняцця абмежаванняў на перасячэнне беларуска-расійскай мяжы будзе вырашацца пасля паляпшэння эпідэмічнай сітуацыі ў дзвюх краінах.
«Мае месца спалучэнне трох фактараў, якія ў стане рэзка палітызаваць значную колькасць жыхароў беларускіх рэгіёнаў: адсутнасць працоўных месцаў у Беларусі, дэ-факта адсутнасць дзяржаўнай падтрымкі па беспрацоўі, адсутнасць у 2/3 беларускіх хатніх гаспадарак зберажэнняў», — адзначае аналітык.
У траўні ў Беларусі рэзка вырасла колькасць людзей, якія жывуць у малых гарадах і кажуць, што ў іх знізіліся даходы. Гэта вынікае з даных трэцяй хвалі сацыялагічнага даследавання, якое праводзяць BEROC і SATIO.
— У гэтых людзей першапачаткова былі больш нізкія даходы, у малых гарадах цяжэй знайсці падпрацоўку, — патлумачыла падчас прэзентацыі вынікаў даследавання акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова.
Таксама з вынікаў апытання высветлілася, што больш чым у паловы беларусаў ёсць грошы на месяц жыцця ці менш. Пры гэтым тых, хто зможа пражыць на зберажэнні паўгода і болей, толькі 7%.
Каментуючы гэтыя даныя, дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык, падкрэсліў, што «рызыкі не пойдуць на спад па адной простай прычыне: ва ўмовах пандэміі працоўная міграцыя, якая раней вырашала праблемы беларускага рынку працы, моцна згорнецца». Па яго прагнозах ва ўмовах узмацнення міграцыйнай палітыкі асноўных рэцыпіентаў беларускай працоўнай сілы «ўсходнія рэгіёны Беларусі не змогуць скарыстацца тымі магчымасцямі, якія былі раней».
«Больш хуткае адкрыццё мяжы з Расіяй для беларусаў з'яўляецца неабходнай умовай для захавання рэжымам кантролю над сітуацыяй у краіне і прадухілення маштабных пратэстаў. Відавочна, у бліжэйшы час гэта стане адной з важных тэм беларуска-расійскіх адносін», — прагназуе Андрэй Паротнікаў.
Паводле Заўтра тваёй краіны