Умовы працы на волі і ў папраўчай калоніі супастаўныя
Андрэй Гайдукоў працаваў рабочым на заводзе «Нафтан», калі яго абвінавацілі ў спробе супрацоўнічаць з замежнымі дзяржавамі.
Гайдукоў Андрэй. Фота Радыё Свабода. Гайдукоў Андрэй. Фота Радыё Свабода
Паўтара года — з 8 лістапада 2012 году па 8 траўня 2014 году — правёў у месцах пазбаўлення волі. Андрэй падзяліўся ўспамінамі пра жыццё і працу ў віцебскай папраўчай калоніі «Віцьба-3».
Асаблівы кантроль над палітвязнямі
Андрэй распавёў пра стаўленне турэмнай адміністрацыі да палітвязняў: «Гэта праяўляецца ў павышаным кантролі. За любое дробнае парушэнне да палітвязня прымяняюцца санкцыі. Такія самыя парушэнні звычайных зняволеных ніколі не фіксуюцца і санкцыі да іх не прымяняюцца».
Умовы працы ў калоніі
Андрэю прапанавалі ў калоніі працаваць у швейным цэху. Цэх выглядаў гнятліва, усюды валялася рыззё, стаяў устойлівы пах фарбы. Паколькі ён ніколі раней не працаваў на швейнай машынцы, папрасіў, каб яго спачатку навучылі правілам і прыёмам працы, азнаёмілі з інструкцыяй па бяспецы працы. Кіраўніцтва калоніі павяло сябе неадэкватна, расцаніўшы законныя патрабаванні зняволенага як адмову ад працы: Андрэя адправілі на дзесяць сутак у карцэр.
Як распавёў Андрэй, аплата працы ў швейнай цэху практычна не ажыццяўляецца. За дзесяць месяцаў працы былы палітвязень атрымаў усяго адну тысячу беларускіх рублёў, астатнія грошы сышлі безнаяўным разлікам на аплату харчавання і камунальныя паслугі ў турме. Крыху больш плацяць тым, хто павінен выплачваць аліменты.
На волі — падобныя ўмовы працы
Адміністрацыя турмы сцвярджае, што ўмовы працы зняволеных цалкам адпавядаюць працоўнаму заканадаўству, паводле якога працуюць усе рабочыя ў Беларусі. Збольшага гэта слушна, на шмат якіх прадпрыемствах на волі зарплата працоўных складае фактычна два-тры мільёны. Гэтых грошай рабочаму хапае толькі на аплату паслуг ЖКГ і сціплае харчаванне сям’і.
Актывіст Свабоднага прафсаюзу заводу «Шкловалакно» Мікалай Шарах: «На нашым прадпрыемстве рабочыя толькі распісваюцца за бягучы інструктаж па ахове працы, але фактычна інструктажу няма. За патрабаванні работніка да начальніка прачытаць інструктаж могуць быць ужытыя санкцыі ў выглядзе пазбаўлення прэміяльных, пераводу ў горшыя ўмовы працы або непрацягнення кантракту. Ужо нікога не здзіўляе патрабаванне начальнікаў утойваць атрыманне вытворчай траўмы на працы».
Аляксандр Марозаў, Віцебская вясна, spring96.org