Уладзімір Лабковіч: «Усе ў камеры чытаюць стосы лістоў, а я — ніводнага»

Маці праваабаронцы Уладзіміра Лабковіча распавяла «Народнай Волі», пра што піша сын з няволі і пра тое, што да яго не даходзяць лісты: «Дзецям вельмі не хапае бацькі…»

labkovicz....._.._cr_800x400.jpg

З ліпеня мінулага года знаходзяцца за кратамі праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч.

Пасля ператрусаў, допытаў і некалькіх сутак у ізалятары часовага ўтрымання праваабаронцаў перавялі ў СІЗА на Валадарскага.

Паводле слоў Людмілы Уладзіміраўны, маці Уладзіміра Лабковіча, ліставанне з сынам апошнім часам пагоршылася: яму перадаюць толькі некаторыя лісты ад сям’і.

«Я не атрымаў віншаванні са святамі ад жонкі і дзетак, – напісаў Уладзімір. – Амаль не атрымліваю лісты ад іх. Усе ў камеры чытаюць стосы лістоў, а я – ніводнага».

За паўгода зняволення ў праваабаронцы значна пагоршылася здароўе. Людміла Уладзіміраўна кажа, што сын скардзіцца на частыя галаўныя болі і бяссонніцу. Таксама ў яго вельмі пагоршыўся зрок. Пра настрой сына Людміла Уладзіміраўна адказвае рытарычным пытаннем:

– Які можа быць настрой, калі ўсе дні народзінаў дзетак і яго любімыя святы праходзяць без яго?

Уладзіміра дома чакае дачка і двое хлопцаў-блізнят, якім па 8 гадоў. Праваабаронца ў лістах да калег вельмі хвалюецца, што яны растуць без яго і ён не можа браць удзелу ў іх выхаванні. Людміла Уладзіміраўна дадае, што сын у кожным лісце піша, як любіць іх:

– Ён заўсёды быў добрым сынам, мужам, бацькам, таму хвалюецца, калі хтосьці захварэе. Дзецям ён дае парады, як паводзіць сябе, асабліва хлопцам. У кожным лісце ён піша, што ўсіх вельмі любіць. Дзецям не хапае бацькі. Гэта і зразумела. Хіба нехта можа растлумачыць гістарычную падзею ці распавесці казку так, як тата?